Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрыстос нараджаецца: слаўце Яго!


Япіскап Серафім Чыкіта
Япіскап Серафім Чыкіта

З каляндым вітаньнем да вернікаў зьвярнуўся япіскап Віленскі і Нью-ёрскі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Серафім Чыкіта.

Архіпастырскае Каляднае вітаньне

годнаму чэсьці духавенству і да ўсіх багалюбных вернікаў беларускага народу

Ня бойцеся (Лк.2:10), з намі Бог (Мц.1:23)
Дарагія Айцы, Браты і Сёстры!
Хрыстос Нараджаецца, слаўце!

У гэты сьвяты радасны дзень чалавецтва ўжо трэцяе тысячагодзьдзе штогод цешыцца Добраю Весткаю — Хрыстос нараджаецца!

Ён нараджаецца і сёньня ў сэрцах людзей, якія ў шчырасьці прыходзяць да Яго. Госпад нараджаецца, узяўшы на сябе чалавечае цела, каб далучыць нас да Божай прыроды. Сам Бог прыйшоў у сьвет людзей, каб прынесьці Сьвятло Нябеснае ў цемру жыцьця людзкога ды вызваліць усіх з палону грахоў. Таму Нараджэньне Хрыстовае — гэта вялікае, слаўнае ды радаснае сьвята для ўсіх нас, сьвята Сусьвету.

Сапраўды падзея Нараджэньня Хрыстовага зьмяніла назаўсёды рух гісторыі. «Дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое — спрадвечны Бог» (кандак ютрані). «Дзеля нас Ён прыйшоў, каб узьняць сваіх сыноў, што ўпалі. Той, што жыве ў сьвятле, не зважаючы на сваю веліч, паклаўся ў ясьлі дзеля збаўленьня людзей» (ютрань, песьня 6).

Прыход Хрыста на зямлю быў абвешчаны праз прарокаў ды чаканы. Пра Нараджэньне Бога апавясьцілі людзям урачыстым сьпевам Анёлы Божыя і Зорка на небе. Разам з тым мы ведаем, якія пакуты спатыкалі Яго ўжо зь першых дзён нараджэньня. Сын Божы, Уладар Сьвету, нарадзіўся ў цёмнай пячоры ў ваколіцах гораду, бо, калі Сьвятой Маці Божай надышоў час радзіць, не знайшлося ўва ўсім Бэтлееме іншага прыпынішча. І вось у гэтай пячоры, далёка ад якіх-небудзь умоў, у атачэньні жывёлін, бяз хатняга ды сямейнага камфорту адбыўся цуд — Хрыстос нарадзіўся.

Такая рэчаіснасьць сьведчыць пра прыярытэтнасьць жыцьця духоўнага, а ўсё іншае — слава, багацьце — усё гэта часовае, менш каштоўнае у вачах Божых.

Той, прывітаць якога зьявілася з Анёлам шматлікае войска нябеснае (Лк. 2:13), ад самага нараджэньня стае «палітычным уцекачом», бо сьвяты Язэп і Марыя Маці Божая змушаны былі пакінуць бацькаўшчыну і выехаць з Бэтлеему ў Эгіпет дзеля ўратаваньня жыцьця Дзіцяці. Бо тымі днямі 14 тысячаў немаўлят-хлопчыкаў было забіта на загад Ірада ў ягонай апантанай барацьбе, каб зьберагчы царскую ўладу. Яны сталі першымі пакутнікамі, забітымі за Хрыста.

Разважаючы над гэтымі эпізодамі з гісторыі Божага Нараджэньня, можна ўбачыць падобныя матывы і ў гісторыі шматпакутнага беларускага народу. Асабліва за апошнія два стагодзьдзі: нацыянальна-вызвольная барацьба, войны ХХ стагодзьдзя, чырвоны камбайн сьмерці ды няволі, сёньняшні цяжкі ды надзвычайна адказны час.

Таксама сотні тысячаў сыноў і дачок беларускага народу вымушаныя ратаваць сваё жыцьцё ды годнасьць у замежжы, ратаваць сваіх дзетак ад нацыянальнай дэградацыі, што роўна зьнішчэньню народу, падобна да біблійных уцекачоў і выгнаньнікаў. Знайсьці бясьпеку, родную царкву, мову, гісторыю, годнасьць і гонар быць беларусамі, каб зноў і зноў з новымі пакаленьнямі беларусаў станавіцца ў авангард нацыянальна-вызвольнай барацьбы беларускага народу. Барацьбы за вызваленьне ад няволі граху, ад нявольніцкай псыхалёгіі, ад духу абыякавасьці ды крывадушнасьці, ад няволі...

Любыя праз Хрыста Айцы, Браты і Сёстры!

У гэты радасны калядны час узьнімем нашыя малітвы да Ўсёмагутнага Госпада за ўвесь беларускі народ, каб Ён умацаваў усіх нас Духам Сваім Сьвятым, асабліва за зьняволеных і тых, хто ў турмах пакутуе, братоў і сёстраў нашых, каб наведаў іх Госпад ды падтрымаў, за тых, хто пакутуе ды цяжка працуе, адлучаны ад сваіх родных, за хворых, за здароўе усіх, хто патрабуе нашай малітвы ды падтрымкі.

Няхай Нованароджаны Хрыстос шчодра нас усіх дабраславіць мудрасьцю, любоўю, шчасьцем, якімі былі напоўненыя душы пастушкоў ды мудрацоў, што прыйшлі ў свой час да Бога.

У гэты слаўны час ад шчырага сэрца і радаснае душы вітаю ўсіх вас, дарагія Айцы, Браты і Сёстры, зь вялікім сьвятам Нараджэньня Хрыстовага і новым 2012 годам!

Няхай Нованароджаны ў Бэтлееме Збавец наш Ісус Хрыстос дабраславіць усіх людзей добрай волі.

Хрыстос нараджаецца: слаўце Яго!

Студзень 2012 + Серафім
Япіскап Віленскі і Нью-ёрскі
Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG