Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муж Цімашэнкі можа атрымаць прытулак у Чэхіі


Юлія Цімашэнка са сваім мужам Аляксандрам
Юлія Цімашэнка са сваім мужам Аляксандрам

Муж былога прэм’ер-міністра Ўкраіны Юліі Цімашэнкі, які цяпер знаходзіцца ў Чэхіі, папрасіў палітычнага прытулку ў гэтай краіне. Паводле чэскай газэты Pravo, адпаведны зварот ён падаў яшчэ ў апошнія дні 2011 году.

Выданьне паведамляе, што міністар унутраных справаў Чэхіі Ян Кубіцэ ў сераду абмяркоўваў гэтае пытаньне зь міністрам замежных справаў Карлам Шварцэнбэргам. Паводле інфармацыі Pravo, зварот Аляксандра Цімашэнкі наконт палітычнага прытулку, хутчэй за ўсё, будзе задаволены. Год таму Чэхія дала палітычны прытулак колішняму міністру эканомікі ва ўрадзе Цімашэнкі Багдану Данілішыну, што прывяло да ахалоджаньня ў адносінах паміж афіцыйнай Прагай і Кіевам.

Юлію Цімашэнку асудзілі ва Ўкраіне да сямі гадоў пазбаўленьня волі — паводле абвінавачаньня ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй на 2009 год. Украінская апазыцыя і заходнія краіны называюць гэты прысуд палітычна матываваным.

51-гадовы бізнэсовец Аляксандар Цімашэнка, які, сярод іншага, мае долю і ў чэскай кампаніі, ніколі актыўна не займаўся палітыкай. Ён стаў рэгулярна зьяўляцца на публіцы толькі ў жніўні 2011 году, калі ягоную жонку арыштавалі. Ён прысутнічаў на пасяджэньнях суду як адзін зь яе абаронцаў.

У 2000 годзе Аляксандар Цімашэнка быў арыштаваны паводле абвінавачаньняў у падробцы мытных дакумэнтаў пры пастаўках газу з Расеі (цягам 1990-х ён уваходзіў у кіраўніцтва кампаніі Аб’яднаныя энэргасыстэмы, дзе Юлія Цімашэнка была генэральным дырэктарам). Пазьней паводле падобных абвінавачаньняў была арыштаваная і Юлія Цімашэнка, але абое былі апраўданыя за адсутнасьцю доказаў. Цімашэнка тады назвала свой арышт вынікам помсты з боку ўкраінскіх алігархаў, незадаволеных яе дзейнасьцю на пасадзе віцэ-прэм’ера, дзе яна змагалася з карупцыйнымі схемамі.

У кастрычніку 2011 году Генэральная пракуратура Ўкраіны зноў распачала справу ў сувязі з гэтымі абвінавачаньнямі супраць ужо асуджанай паводле іншых абвінавачаньняў Юліі Цімашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG