Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Марозава — новы прыклад карнай псыхіятрыі?

абноўлена

Інвалід Уладзімер Марозаў спрабуе праз суд дамагчыся ад пракуратуры завядзеньня крымінальнай справы супроць міліцыянтаў, ад дзеяньняў якіх ён пацярпеў падчас «маўклівай акцыі» ў ліпені мінулага году

Уладзімер Марозаў — інвалід, ён хворы на цукровы дыябэт і пакутуе ад боляў у сэрцы. 6 студзеня, дакладна праз паўгода пасьля інцыдэнту, Марозаў прыйшоў у Першамайскі суд на разгляд свайго пазову да пракуратуры Першамайскага раёну. Аднак сёньня працэс так і не пачаўся. Судзьдзя Алена Ананіч паведаміла, што пракуратура не даслала ў суд патрэбныя дакумэнты. Новае паседжаньне прызначанае на 12 студзеня. Уладзімер Марозаў не перакананы, што і яно адбудзецца, але адступаць не зьбіраецца:

«Хачу ўсё ж пакараць гэтых міліцыянтаў. Яны аднялі ў мяне здароўе, у мяне пасьля таго прапаў сон, з 6 ліпеня не магу нармальна спаць. Мне ўжо і лекі не дапамагаюць. Хачу, каб гэтыя міліцыянты былі пакараныя».

Увечары 6 ліпеня Ўладзімер Марозаў сядзеў на лаўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі. На пляцоўцы побач зь бібліятэкай мелася адбыцца чарговая акцыя «маўклівага пратэсту». Да Марозава, як ён кажа, падышлі людзі ў цывільным і запатрабавалі, каб ён сышоў. Мужчына папрасіў паказаць дакумэнты, але ў адказ на яго накінуліся і пацягнулі ў аўтазак. Уладзімер Марозаў згадвае, што пачаў крычаць, а тады супраць яго ўжылі ўдушальны прыём, ад якога ён страціў прытомнасьць. Пазьней, падчас праверкі, якую пачала пракуратура на заяву пацярпелага, супрацоўнікі міліцыі заявілі, што нібыта не душылі Марозава, а наадварот, аказвалі яму дапамогу, бо палічылі, што ў яго пачаўся эпілептычны прыпадак. У выніку пракуратура Першамайскага раёну парушэньняў у дзеяньнях міліцыянтаў не знайшла і ў завядзеньні крымінальнай справы адмовіла.

Тое, што пракуратура за столькі часу пасьля падачы пазову нават не даслала ў суд патрэбных дакумэнтаў, Уладзімер Марозаў лічыць зацягваньнем працэсу і зьвязвае гэта з інфармацыяй, якую ён атрымаў учора, 5 студзеня. Участковы лекар паведаміў Уладзімеру Марозаву, што яго рыхтуюцца накіраваць на псыхіятрычную экспэртызу:

Wлады зьмянілі закон аб псыхіятрыі і цяпер ужываюць новы яго варыянт, больш рэпрэсіўны
«З гарадзкой управы аховы здароўя ўчора прыйшла тэлефанаграма ў 8-ю паліклініку, каб рыхтавалі мае дакумэнты на прымусовую псыхіятрычную экспэртызу. Ня ведаю дакладна гэтай працэдуры, але баюся, што ніхто мяне і пытацца ня будзе, зробяць зь мяне вар’ята — і ўсё».

Праваабаронца Кацярына Садоўская лічыць цалкам магчымым такі вынік змаганьня Уладзімера Марозава за свае правы. Яна мяркуе, што ў Беларусі аднавілася савецкая практыка ўжываньня карнай псыхіятрыі супроць тых, хто незадаволены дзеяньнямі ўладаў:

«Улады зьмянілі закон аб псыхіятрыі і цяпер ужываюць новы яго варыянт, больш рэпрэсіўны. Вось і ў выпадку з Марозавым спрабуюць гэтак закрыць ягоную гучную справу, якая абышла ўвесь інтэрнэт. Абвесьцяць чалавека недзеяздольным вар’ятам, а тады ўжо ня трэба і рэагаваць на ягоныя скаргі. Гэта робіцца, каб далей людзей рэпрэсаваць і не даваць ім абскарджваць гэтыя дзеяньні».


Інвалід Уладзімер Марозаў судзіцца з пракуратурай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:27 0:00
Наўпроставы лінк

Беларускія праваабаронцы кажуць і пра іншыя выпадкі ўжываньня псыхіятрыі супроць асобаў, не задаволеных дзеяньнямі ўладаў. У гэтай сувязі называюць справу Аляксандра Крутога, якога ў сьнежні мінулага году суд прыгаварыў да прымусовага псыхіятрычнага лячэньня за дзеяньні адносна лекараў. У якасьці прадстаўніка пацярпелай дачкі Аляксандар Круты ўдзельнічаў у працэсе над тэрарыстамі, якія ўзарвалі бомбу ў менскім мэтро. На працэсе Аляксандар Круты выступаў з шэрагам хадайніцтваў, якія былі адхіленыя, і выказваў недавер судзьдзям. Цяпер Аляксандар Круты знаходзіцца ў псыхіятрычнай лякарні ў Навінках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG