Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя: у Беларусі ў Брэйвіка трэніровак не было, але была жанчына


Андэрс Бэрынг Брэйвік
Андэрс Бэрынг Брэйвік

Супрацоўнікі нарвэскай пракуратуры, якія вядуць справу 32-гадовага Андэрса Бэрынга Брэйвіка, сьцьвярджаюць, што пакуль у выніку вывучэньня яго замежных кантактаў, ім не ўдалося знайсьці нейкіх доказаў адносна знаходжаньня тэрарыста ў лягеры беларускіх баевікоў.

«Беларусь — адна з 16 краін, што ўзгадваецца ў выкладзеным у інтэрнэце маніфэсьце Брэйвіка і куды нарвэскія сьледчыя накіравалі свае запыты», заявіў у інтэрвію выданьню Dagbladet сьледчы пракуратуры Паал-Фрэдрык Хьёрт Kрабы.

Як піша выданьне са спасылкай на дэтэктыва, Брэйвік наведаў Беларусь у сакавіку 2005-га. Паехаў да сяброўкі, якую нарвэскія журналісты ў сваіх публікацыях называюць Наташай, а часам і Надзяй, аднак «гэта не сапраўднае імя». Гэтую на некалькі гадоў маладзейшую за яго жыхарку беларускай сталіцы Брэйвік знайшоў праз службу знаёмстваў у інтэрнэце.

Паводле дэтэктыва Крабы, Брэйвік знаходзіўся ў Беларусі цягам тыдня. Падчас допытаў абвінавачаны пацьвердзіў, што сустракаўся са сваёй знаёмай і тая потым увесну таго ж году наведала яго ў Нарвэгіі. Нейкіх іншых кантактаў у іх больш не было. Як сьведчаць сябры Брэйвіка ды ён сам, прычынай стала залішняя мэркантыльнасьць жанчыны.

У размове са сьледчымі Брэйвік вельмі неахвотна распавядаў пра сваю кароткую сувязь зь беларускай, а куды больш націскаў на такія моманты як трэніроўкі і вывучэньне баявых прыёмаў у лягеры беларускіх правых экстрэмістаў.

«Мы максымальна пастараліся спраўдзіць гэтую інфармацыю, але пакуль не знайшлі нічога, што пацьвярджала б яе», кажа сьледчы нарвэскай пракуратуры. Тое ж тычыцца і паведамленьня ананімных крыніцаў у спэцслужбах Беларусі адносна таго, што Брэйвік наведваў нашу краіну тройчы.

Што да мімалётнай сяброўкі тэрарыста, то ў пошуках яе дадзеных нарвэскім сьледчым дапамаглі іх беларускія калегі.

«Вядома, што яна эмігравала ў ЗША, аднак мы пакуль не ўсталявалі кантакту зь ёй. Але зьбіраемся гэта зрабіць. Бо для нас важныя ўсе асобы, якія калісьці кантактавалі з Брэйвікам», кажа Крабы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG