Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца амэрыканскай адміністрацыі абгуляць у хакей Лукашэнку?


У шэрагу новых санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі, ухваленых прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам і амэрыканскім Кангрэсам, сярод іншага прадугледжваецца зварот да Міжнароднай фэдэрацыі хакею з заклікам пазбавіць Беларусь права на правядзеньне ўсясьветнага першынства ў 2014 годзе. Заклікі да галоўнай хакейнай арганізацыі пакараць такім чынам беларускі рэжым за адмову вызваліць палітвязьняў і нежаданьне праводзіць дэмакратычныя ператварэньні гучаць ужо цягам году.

Адзін з ініцыятараў Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт зьвярнуўся да кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі хакею з просьбай перанесьці спаборніцтва ў іншае месца. На яго думку, беларускія ўлады плянуюць выкарыстаць буйное міжнароднае мерапрыемства, каб «легітымізаваць сваё несправядлівае кіраваньне». Амэрыканскі кангрэсмэн пры гэтым праводзіць аналёгіі з Кітаем, камуністычнае кіраўніцтва якога выкарыстала Алімпійскія гульні 2008 году дзеля прапаганды сваіх дасягненьняў, прыхаваўшы праблемы з правамі чалавека і свабодай слова.

У офісе Беларускай фэдэрацыі хакею паведамілі, што чарговыя заявы наконт адмены чэмпіянату сьвету 2014 году ў Беларусі на пляны беларускага боку не паўплывалі і падрыхтоўка да мерапрыемства вядзецца ў ранейшым фармаце:

«Варта адзначыць, што па ўсіх гэтых пытаньнях мы цалкам залежым ад Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Але мы ведаем, што Міжнародная фэдэрацыя хакею свайго рашэньня пакуль не мяняла і такое пытаньне, прынамсі на працягу
Міжнародная фэдэрацыя хакею свайго рашэньня пакуль не мяняла і такое пытаньне, на працягу апошняга паўгоду, нават не ўздымалася
апошняга паўгоду, нават не ўздымалася. Можна згадаць, што гэтая сытуацыя абмяркоўваецца ўжо каля году, яна з розных бакоў усяляк мусіруецца і падаграецца. Але, тым ня меней, у нас усё застаецца ў сіле і мы працягваем працу па арганізацыі чэмпіянату сьвету 2014 году ў Менску».

Ва ўсясьветнай практыцы правядзеньню хакейных першынстваў перашкаджалі толькі надзвычайныя падзеі ў глябальным маштабе: цягам 1940–46 гадоў спаборніцтвы не праводзіліся з-за ІІ усясьветнай вайны. Ці можа нешта падобнае здарыцца ў ХХІ стагодзьдзі?

Спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка такога павароту падзеяў не выключае, падкрэсьліваючы эфэктыўнасьць захадаў амэрыканскай адміністрацыі. На яго думку, нават калі Міжнародная фэдэрацыя хакею і не паддасца на ўгаворы зьнешніх сілаў, такія ініцыятывы моцна дыскрэдытуюць беларускі рэжым у вачох міжнароднай супольнасьці:

Амэрыканская адміністрацыя — адзіная, пасьлядоўная ў сваіх дзеяньнях

«Трэба сказаць, што амэрыканская адміністрацыя — адзіная, пасьлядоўная ў сваіх дзеяньнях. Прынамсі, яна пастаянна, рэгулярна працягвае і нарошчвае пералік умоваў. Гэтым разам, як бачым, і чэмпіянат сьвету прышпілілі. І гэта вельмі моцна б’е — перадусім па іміджы краіны, па іміджы прэзыдэнта як вялікага аматара хакею. Таму гэтая зьява абсалютна нармальная. І гэта лепш, чым нічога. У прыватнасьці, лепш, чым здрада Эўразьвязу па розных пазыцыях. Тут хоць здрады няма з боку амэрыканскай адміністрацыі, якая пастаянна ўзьдзейнічае на сытуацыю, будзіруе тэму і бударажыць розум. Так што няхай будзе. Да 2014 году часу яшчэ шмат, можа, да таго моманту пытаньне для краіны вырашыцца станоўча, і тады мы з задавальненьнем правядзём чэмпіянат сьвету. І зусім па-іншаму гэта будзе выглядаць».

А вось колішні віцэ-прэзыдэнт Фэдэрацыі хакею Беларусі Ўладзімер Беражкоў скептычна ацэньвае верагоднасьць пераносу хакейнага чэмпіянату сьвету ў іншую краіну. Па яго словах, у гэтым не зацікаўленая якраз Міжнародная фэдэрацыя хакею, зьвязаная партнэрскімі і кантрактнымі абавязаньнямі:

«Рэч у тым, што ўсё гэта працяг зваротаў да Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Ні Абама, ні Луіс Карвалан, калі яго ўваскрасіць, ніхто іншы ня можа перанесьці ці забараніць хакейны чэмпіянат сьвету, толькі Міжнародная фэдэрацыя хакею. У якой у сваю чаргу ёсьць фінансавыя абавязаньні перад партнэрамі, заключаныя кантракты. Там ужо круцяцца мільёны швайцарскіх франкаў. Калі гэтыя грошы знойдзе Кангрэс ЗША, то прынамсі можна дапусьціць, што Міжнародная фэдэрацыя перагледзіць сваё рашэньне. Але калі ўсё абмяжоўваецца толькі дэклярацыямі, заклікамі, то нічога чакаць ня варта. Я думаю, што чэмпіянат сьвету 2014 году пройдзе ў Менску».

Ні Абама, ні Луіс Карвалан, калі яго ўваскрасіць, ніхто іншы ня можа перанесьці ці забараніць хакейны чэмпіянат сьвету

Карэспандэнт: «Калі ЗША кампэнсуюць выдаткі на чэмпіянат сьвету, то зьявіцца тэарэтычная магчымасьць пераносу першынства ў іншую краіну?»

«Напэўна, не зусім да месца будзе мне даваць парады Бараку Абаму, як дзейнічаць у такой сытуацыі».

У студзені 2011-га, неўзабаве пасьля жорсткага разгону ўдзельнікаў акцыі на плошчы Незалежнасьці ў Менску, Эўрапарлямэнт рэкамэндаваў Міжнароднай фэдэрацыі хакею замарозіць правядзеньне ўсясьветнага першынства ў Беларусі. Ухваленая дэпутатамі рэзалюцыя адзначала, што спартовыя мерапрыемствы такога маштабу ня могуць праводзіцца ў краіне, дзе ёсьць палітвязьні. Цягам мінулага году з аналягічнымі заявамі выступалі асобныя палітыкі, дзеячы культуры, мастацтва. Але кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі хакею на ўсе спробы перафарматаваць каляндар чэмпіянатаў сьвету адказвала, што такі крок быў бы немэтазгодны. Ці можа быць перагледжаная такая пазыцыя ў сувязі з прыняцьцем новага заканадаўчага акту ЗША? Радыё Свабода накіравала свой запыт у прэсавую службу Міжнароднай фэдэрацыі хакею і чакае адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG