Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць парушэньняў на польска-беларускай мяжы расьце


Чарга на беларуска-польскай мяжы
Чарга на беларуска-польскай мяжы

У 2011 годзе на польска-беларускай мяжы ў два разы павялічылася колькасьць затрыманьняў беларускіх грамадзянаў за парушэньне правілаў перасячэньня мяжы.

Паводле інфармацыі з кампэтэнтных органаў Польшчы, у 2011 годзе ў параўнаньні з папярэднім годам у два разы павялічылася колькасьць затрыманьняў беларускіх грамадзянаў за парушэньне правілаў перасячэньня мяжы, а таксама мытнага заканадаўства Польшчы. Акрамя таго, узрасла колькасьць канфіскаваных у беларускіх грамадзян аўтатранспартных сродкаў.

Колькасьць беларускіх парушальнікаў мытнага заканадаўства Польшчы расьце, нягледзячы на ўзмацненьне жорсткасьці польскімі мытнымі службамі яшчэ ў канцы 2008 года правілаў увозу падакцызных тавараў.

«Пачасьціліся і выпадкі канфіскацыі аўтамабіляў у грамадзянаў Беларусі за нелегальны правоз падакцызных тавараў», — адзначыў БЕЛТА генэральны консул Беларусі ў Беластоку Аляксандар Берабеня. — «Толькі на Падляскім участку беларуска-польскай мяжы за 2011 год канфіскавана 68 аўтамабіляў. Для параўнаньня: у 2010 годзе было канфіскавана 38 аўто».

Акрамя таго, рэзка павялічылася колькасьць беларусаў, якія перасякаюць беларуска-польскую мяжу на падставе візаў, атрыманых незаконным шляхам. За гэта беларусаў затрымліваюць польскія памежнікі ў адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам Польшчы (артыкулы «Незаконнае перасячэньне мяжы», і «Уводзіны ў зман службовай асобы, упаўнаважанага да выдачы дакумэнтаў»). У мінулым годзе зафіксавана 150 такіх выпадкаў.

Беларускія дыпляматы нагадваюць суайчыньнікам, якія выяжджаюць за мяжу, што неабходна ўважліва вывучаць і выконваць заканадаўства краіны прызначэньня. У Польшчы за парушэньне мытнага заканадаўства і правілаў перасячэньня мяжы прадугледжаны не толькі штрафы і канфіскацыя аўтамабіляў, але і унясеньне ў базу дадзеных асоб, уезд якім забаронены на тэрыторыю краін Шэнгенскага пагадненьня, а таксама крымінальная адказнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG