Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочы «Граніту»: «Чыноўнікі баяцца гэтага пратэсту простых людзей»


КПП на ўезьдзе на тэрыторыю прадпрыемства
КПП на ўезьдзе на тэрыторыю прадпрыемства

Карэспандэнт «Свабоды» наведаў Мікашэвічы, дзе сустрэўся з актывістамі навастворанай суполкі незалежнага прафсаюзу гарнякоў і даведаўся новыя падрабязнасьці пра рабочы пратэст.


Напрыканцы сьнежня 2011 году некалькі сотняў працаўнікоў прамысловага прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю"Граніт" што ў Мікашэвічах Лунінецкага раёну, выйшлі з афіцыйнай прафсаюзнай арганізацыі, пратэстуючы супраць нізкіх заробкаў.

Юрыдычна зарэгістраваць наваствораную суполку незалежнага прафсаюзу рабочыя мікашэвіцкага прадпрыемства пакуль не змаглі.

Спадар Сяргей, які ўдзельнічае ў гэтай працы, кажа, што вядуцца перамовы з кіраўніцтвам прадпрыемства «Граніт». Найперш для рэгістрацыі новай суполкі патрэбна памяшканьне. Але адміністрацыя не пагаджаецца на гэта, перамовы зацягваюцца.

Праблемы на „Граніце“ назапашваліся гадамі

«Пачалі кіраўнікі зьбіраць свае сходы. Чыноўнікі розных рангаў ужо тут пабывалі. І па лініі афіцыйнага прафсаюзу, з райвыканкаму, і сілавых структураў... Чыноўнікі баяцца гэтага пратэсту простых людзей, каб ён не перарос у нешта большае. А праблемы на прадпрыемстве назапашваліся гадамі..»

Суразмоўца лічыць, што ўлады ў разгубленасьці. Паводле ягоных слоў, яны цяпер пасьпешліва вырашаюць, што рабіць з навастворанай суполкай прафсаюзу. Сам спадар Сяргей лічыць, што цяпер у чыноўнікаў няма іншага выйсьця, акрамя як зарэгістраваць «незалежнікаў».

Кіроўца самазвалу Віктар — таксама актывіст мікашэвіцкай суполкі незалежнага прафсаюзу. Ён дадае, што на працоўных, якія выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу, чыніцца ціск. З усімі «непаслухмянымі» праводзяць так званыя прафіляктычныя гутаркі, каб яны адмовіліся ўдзельнічаць у працы незалежнага прафсаюзу.

Актывісты кажуць, што кіраўніцтва прадпрыемства спрабуе ўзьдзейнічаць на іх, запалохваючы родных і сваякоў:

«У сувязі з тым, што я адмовіўся ад афіцыйнага прафсаюзу, маю маці перавялі з канторы на іншы пост, далей ад кабінэту. Хоць мая маці за 20-гадовы пэрыяд працы нікому нічога дрэннага не зрабіла, яшчэ атрымала нейкую значку ад прафсаюзу як добры работнік», — кажа актывіст прафсаюзу Васіль.

Чаму ж кіраўніцтва «Граніту» баіцца незалежнага прафсаюзу?

«Яны ідуць на такое грубае парушэньне заканадаўства, бо зразумела, што, акрамя страты кантролю над людзьмі, магчымая страта велізарнага грашовага жбану. Яны баяцца агалоскі сваіх даходаў», — кажа адзін з актывістаў прафсаюзу.


РУПП «Граніт» — найбуйнейшае ў Беларусі прадпрыемства па здабычы й перапрацоўцы граніту на шчэбень і пясок для будаўніцтва. Тут працуе 3200 чалавек. Агульная магутнасьць тэхналягічнага комплексу па вытворчасьці шчэбеню — каля 8 мільёнаў кубічных мэтраў у год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG