Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі дасьледчык: Што загубіць апошнюю дыктатуру


Эндру Ўілсан
Эндру Ўілсан

«Беларусь: апошняя дыктатура Эўропы» («Belarus: The Last European Dictatorship»). Так называецца новая кніга брытанскага гісторыка і палітоляга, спэцыяліста па Ўсходняй Эўропе Эндру Ўілсана.

Выданьне зьявіцца на пачатку 2012-га году ў эўрапейскіх кнігарнях.

«Аднойчы я ўзяў квіток на аўтобус з Варшавы і накіраваўся на ўсход праз раку Буг», — піша Ўілсан. — Перасячэньне мяжы заняло шмат часу, аднак гэта была не звычайная мяжа — гэта была мяжа паміж, з аднаго боку, сучаснай Эўропай, Эўразьвязам з усімі яго праблемамі і лібэральнай дэмакратыяй, і з другога боку — Эўропай савецкай эпохі і аўтарытарных кіраўнікоў. Я перасёк мяжу зь Беларусьсю«.

Аўтар прызнаецца, што назву кнігі пазычыў у Кандалізы Райс, дзяржаўнага сакратара ЗША за часамі прэзыдэнцтва Джоржа Буша-малодшага. Менавіта такімі словамі Райс вызначыла жорсткія мэтады кіраваньня краінай, што ў самым цэнтры Эўропы, яе прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

«Што гэта за краіна Беларусь пры такім яе аўтарытарным кіраўніку?» — гэтае пытаньне ляжыць у аснове манаграфіі Ўілсана. На думку аўтараў рэцэнзіяў, зьмешчаных у брытанскіх выданьнях, кніга стане цікавай для тых, хто вывучае гісторыю і палітычную культуру Беларусі з моманту набыцьця яе незалежнасьці ў 1991 годзе.

Абапіраючыся на шырокае кола крыніцаў, Уілсан дае навуковы аналіз таго, як Лукашэнка, былы кіраўнік саўгасу, атрымаў уладу ў гэтай эўрапейскай рэспубліцы былога СССР і пабудаваў на яе тэрыторыі таталітарную дзяржаву.

Як адзначае брытанскі палітоляг, пачуцьцё нацыянальнай ідэнтычнасьці прыйшло ў Беларусь позна. Да 1914 года рэлігійныя падзелы пераважалі да над нацыянальнымі, а таму менавіта «вайсковыя кампаніі перамяшчалі межы туды-сюды, а не палітыкі ці этнографы». Цяперашнія беларускія межы створаныя ў выніку другой усясьветнай вайны. Многія палякі былі дэпартаваныя ці зьбеглі з рэгіёну, а габрэйскае насельніцтва было амаль зьнішчанае. Такім чынам беларусы сталі дамінуючай кіроўнай клясай.

Па сутнасьці, лічыць Уілсан, у Беларусі няма вялікага нацыянальнага міту, які мог бы аб’яднаць нацыю і быў здольны разбурыць старыя пан-славянскія і савецкія міты, а тым больш — супернічаць з афіцыйнай савецкай вэрсіяй другой усясьветнай вайны. Пасьля паглынаньня з боку Савецкага Саюзу, у поўнай ступені быў выкарыстаны міт аб гераічным партызанскім руху. Гэта дало саюзнай рэспубліцы Беларусі магчымасьць атрымаць выгаду ў сувязі з пасьляваенным аднаўленьнем. Геаграфічнае становішча зрабіла яе важнай транзытнай дзяржавай і заахвочвалася шчодрымі савецкімі субсыдыямі.

Пасьля распаду СССР першыя прэзыдэнцкія выбары ў 1994 годзе ў Беларусі выйграў малавядомы чалавек, які заявіў, што ён «заўзяты русафіл». Такім чынам, дзеля ўмацаваньня сваёй улады, ён забясьпечыў сабе далейшую падтрымку Расеі. Адначасна ён дэмантаванаў усе дзяржаўныя ўстановы і органы, якія існавалі ў папярэдняй канстытуцыі. Як сьцьвярджае Ўілсан, дэвіз «падзяляй і пануй» ды «выкарыстаньне вялікай колькасьці інфарматараў і агентаў» сталі ўлюбёнымі мэтадамі беларускага кіраўніка, а таму, наўрад ці, у гэтай краіне можа зьявіцца рэальная апазыцыя. У якасьці прыкладаў —зьнікненьні апанэнтаў рэжыму, закрыцьцё няўрадавых арганізацыяў, пагарда да правоў чалавека.

Як адзначаюць рэцэнзэнты, глыбіня ведаў дасьледчыка ўражвае, а яго дэталёвы аналіз эканамічнай палітыкі Лукашэнкі дае тлумачэньне, чаму той здолеў так доўга ўтрымацца ва ўладзе. Аднак, мяркуе навуковец, Лукашэнка «больш не мае грошай, каб трымаць і эліты, і масы шчасьлівымі бясконца».

Зразумела, цяпер, пасьля мінулагодніх сьнежаньскіх падзеяў, няма простых адказаў на пытаньне, як жорсткі кантроль дыктатара за ўладай можа быць аслаблены, але, як рэзюмуе Ўілсан, «Лукашэнка ня будзе доўжыцца вечна». Яго загубяць эканамічная палітыка ды дзяржаўныя рэпрэсіі, якія так добра служылі яму ў мінулым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG