Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонкі палітвязьняў: "Нашых мужоў пасадзілі ў турму, ды яшчэ хочуць ізаляваць інфармацыйна"


Жанчыны з грамадзкага камітэту «Вызваленьне» правялі прэсавую канфэрэнцыю, якая супала з гадавінай гэтай ініцыятывы, заснаванай сваякамі арыштаваных за Плошчу.

Выказацца жанчыны даручылі тым, чые сваякі яшчэ застаюцца за кратамі. Выступоўцы распавялі апошнія навіны пра сваіх сваякоў, выказаліся адносна пэрспэктываў іх датэрміновага вызваленьня.

«На іх працягваюць ціснуць, каб напісалі прашэньні аб памілаваньні. Каб калі і будзе вызваленьне, дык толькі на ўмовах улады», — паведаміла Вольга Бандарэнка, жонка каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі.

Вольга Бандарэнка
Вольга Бандарэнка
Паводле апошніх зьвестак, супроць Зьмітра Бандарэнкі ў Магілёўскай калёніі рыхтуюць правакацыю, вынікам якой можа стаць зьмяшчэньне ў карцэр. «Ён ужо быў на валасок ад карцэру», — распавяла Вольга пра свайго мужа, які перанёс ў турме апэрацыю і ходзіць з дапамогай мыліц. На апошнім спатканьні Бандарэнка сказаў жонцы, што не выключае суіцыду, калі ў турме яго паспрабуюць маральна зламаць.

Журналістка Ірына Халіп, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава мяркуе, што спадзявацца на магчымае памілаваньне апошніх палітвязьняў — бескарысна.

Ірына Халіп
Ірына Халіп
«Ад іх магчыма яшчэ і патрабуюць напісаць прашэньні аб памілаваньні, але не дзеля таго, каб сапраўды іх вызвалілі, а каб дадаткова прынізіць і выкарыстоўваць потым гэтыя паперы ў палітычных мэтах». Ірына Халіп паўтарыла, што і зараз нічога ня ведае пра стан здароўя свайго мужа. «Паводле турэмнага „тэлеграфу“, Андрэя бачылі ў калёніі „Віцьба-3“, але толькі нібыта па шляху ў мэдчастку», — паведаміла Ірына Халіп. Таксама ад яе стала вядома, што ў калёніі Андрэя Саньнікава нібыта ахоўваюць нейкія вартаўнікі, якіх там раней ня бачылі.

«Адчуваньне, што супроць нашых мужчын зараз праходзіць сплянаваная акцыя па іх ізаляцыі ад грамадзтва», — падзялілася болем жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Яе мужа працягваюць трымаць ў адзіночцы ў памяшканьні камэрнага тыпу, куды зьмясьцілі паводле сьмешных, як лічыць жонка палітвязьня, прычынаў. Марына Адамовіч не выключае хуткі суд над Мікалаем Статкевічам ужо ў калёніі і перавод у крытую турму ў Магілёве.

Марына Лобава
Марына Лобава
Маці актывіста «Маладога фронту» Эдуарда Лобава Марына Лобава паведаміла, што ціск на яе сына з мэтай дамагчыся ад яго прашэньня аб памілаваньні пакуль спыніўся, але выпрабаваньняў і на ягоную долю хапае. «Мы рыхтуемся, што яму давядзецца сядзець яшчэ 3 гады, хаця і спадзяемся на лепшае», — кажа Марына Лобава. Марына Лобава падзякавала тым, хто выходзіў на акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі і нагадала, што і зараз на Акрэсьціна адбываюць адміністрацыйны арышт людзі, якія выйшлі на акцыю ў гадавіну Плошчы.

Маці Андрэя Саньнікава Ала Саньнікава 30 сьнежня пабывала ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, дзе напісала заяву аб тым, каб яе сыну прадаставілі юрыдычную дапамогу, як таго патрабуе закон. «Таксама параілі мне зьвярнуцца з гэтай праблемай да гаранта Канстытуцыі», — паведаміла Ала Саньнікава.

Вольга Някляева, жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, працягвае сваю дзейнасьць ў камітэце «Вызваленьне», хаця яе мужа вызвалілі з турмы КДБ праз два месяцы пасьля арышту. «Трэба быць разам, каб не баяцца, і трэба паведамляць пра сваіх арыштаваных сваякоў як мага болей — толькі так можна ім дапамагчы», — мяркуе Вольга Някляева. Усе выступоўцы выказвалі падзяку журналістам, якія паведамляюць пра лёсы палітвязьняў, а таксама ўсім людзям, якія змагаюцца за іх вызваленьне ў Беларусі і за межамі краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG