Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Прафсаюзнаму актывісту адпісалі: «Жаночых батальёнаў ня будзе!»


У Беларусі не плянуецца стварэньне жаночых батальёнаў у войсках тэрытарыяльнай абароны, пра гэта заяўляецца ў адказе з генэральнага штабу ўзброеных сіл на зварот магілёўскаму актывісту незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксею Паўлоўскаму.

Паўлоўскі прапанаваў стварыць такія батальёны з тым, каб перамагчы дзедаўшчыну ў войску і ўмацаваць абароназдольнасьць краіны, бо жанчыны, на ягоную думку, разумней й адданей за мужчынаў. Жаночыя вайсковыя адзінкі, прапаноўваў Паўлоўскі, павінны падпарадкоўвацца «генэрал-губэрнатарам».

Нагодай для звароту актывіста да вайскоўцаў сталася ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі па разьвіцьці тэрытарыяльных войск самаабароны ды прысваеньне генэральскіх званьняў кіраўнікам абласьцей.

«Мяне назвалі патрыётам, маўляў, на такіх людзях, як я, трымаецца абароназдольнасьць нашай краіны. Мне прыемна, што мяне ў патрыёты залічылі. Адказ наагул жа анэкдатычны. Я назваў бы яго „ўра-патрыятычным адказам“. У ім адзначаецца „мудрая палітыка кіраўніка дзяржавы па ўмацаваньні абароназдольнасьці краіны“ і ў выпадку агрэсіі з боку іншых краінаў усе мы станем на абарону сваёй бацькаўшчыны. Хто канкрэтна цяпер пагражае нам з адказу ня ясна. Мне чамусьці прамінулі адказаць на тое, што я разглядаю войскі самаабароны як магчымасьць для людзей у няпросты час апрануцца за дзяржаўныя сродкі й пад’есьці. Кіраўнік жа наш любіць ад кагосьці бараніцца — вось мы й падказалі рэсурсы для папаўненьня войска. Жаночыя ж батальёны былі, напрыклад, у Лівіі. Яны баранілі дыктараў», — зазначае Аляксей Паўлоўскі.

Паўлоўскі кажа, што зварот да вайскоўцаў падпісалі 50 магілёўцаў. Што да ідэі стварэньня жаночых батальёнаў, то, як зазначаецца ў адказе з генштабу, цяпер у беларускім войску служыць багата жанчын, а ў мірны час няма неабходнасьці ствараць жаночыя батальёны. Падпісаў адказ начальнік упраўленьня тэрытарыяльных абароны Беларусі палкоўнік Ігар Матрашыла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG