Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: «Зрабіць можна ўсё»


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Каб правесьці выбары ў Палату прадстаўнікоў па партыйных сьпісах альбо па зьмешанай сыстэме (калі частка дэпутатаў абіраецца па аднамандатных акругах, а частка ад партыяў), трэба шмат што зьмяніць у заканадаўстве — заявіла «Свабодзе» старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

«Мяняць сапраўды патрэбна шмат чаго. Але зрабіць можна ўсё. Спачатку патрэбна мяняць Канстытуцыю. Аднак для гэтага не абавязкова праводзіць рэфэрэндум. Разьдзелы 3 і 4, дзе ідзе гаворка найперш пра адкліканьне дэпутатаў, можна зьмяніць парлямэнцкім шляхам. То бок выключыць адтуль палажэньне пра адкліканьне дэпутатаў, калі весьці гаворку пра правядзеньне выбараў па прапарцыйнай сыстэме. Гэта — першае», — кажа Ярмошына.

«Затым, натуральна, патрэбна ўносіць зьмены ў заканадаўства. Абмежаваньняў у гэтым пляне ў нас няма. Адзінае, што існуе такое агульнае міжнароднае правіла — за паўгода да выбараў закон не мяняць. Хаця, скажам, у той жа Расеі заканадаўства мяняецца падчас выбараў — маецца на ўвазе ўстаноўка вэб-камераў на выбарчых участках.

Але я адразу хачу сказаць, што на наш адрас ніякіх просьбаў ці запытаў на конт таго, каб прыкінуць, прапрацаваць зьмены ў закон ні адкуль не паступала. А бяз нас падрыхтоўка заканадаўча ня можа весьціся. Таму, я не думаю, што выбары ў 2012 годзе пройдуць па новым правілам. Калі закон і будзе мяняцца, то толькі пад наступныя выбары, як у Расейскай Фэдэрацыі».

Чуткі пра зьмену выбарчага заканадаўства зьявіліся пасьля таго, як сталі казаць, што «Белая Русь» зьбіраецца правесьці на пачатку студзеня 2012 году статутны зьезд. І робіцца гэта маўляў для таго, каб праводзіць парлямэнцкія выбары па партыйных сьпісах.

«На гэты конт у заканадаўстве таксама ёсьць абмежаваньні, — тлумачыць Лідзія Ярмошына. — Вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты могуць толькі тыя партыя, якія афіцыйна зарэгістраваныя не пазьней за шэсьць месяцаў да аб’яўленьня даты выбараў. Мы зьбіраемся праводзіць выбары ў верасьні. Дапусьцім, 23 верасьня. Гэта азначае, што дату выбараў неабходна абвясьціць не пазьней за 23 чэрвеня, за тры месяцы да іх правядзеньня.

А „Белая Русь“ свайго сходу яшчэ не праводзіла. Плюс яшчэ нейкі час спатрэбіцца на афіцыйную рэгістрацыю новай партыі. Так што, калі выбары праводзіць у верасьні, то яна адназначна на іх не пасьпявае. Цягнік, як кажуць, ужо пайшоў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG