Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уступленьне Расеі ў СГА пагражае праблемамі для Беларусі


Кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах у Жэнэве Максім Мядведкаў трымае футболку з надпісам "Вітаем у СГА... Нарэшце!"
Кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах у Жэнэве Максім Мядведкаў трымае футболку з надпісам "Вітаем у СГА... Нарэшце!"
Кіраўнік Беларусі на мінулым тыдні заявіў, што ўступленьне Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю не прынясе асаблівых праблемаў краіне. Аднак ва ўрадзе усё ж бачаць пэўныя выклікі і нават пагрозы для Беларусі, зьвязаныя з уступленьнем Расіі ў СГА, да якога застаецца некалькі месяцаў.

Інтэрнэт-газета Naviny.by прыводзіць пазыцыю беларускага МЗС і меркаваньне Мінэканомікі ў гэтым пытаньні.

УДАР ПА АДЧУВАЛЬНЫХ ПАЗЫЦЫЯХ

На мінулым тыдні шмат гаварылася аб хуткім уступленьні Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Тэма гэтая стала хваляваць дэпутатаў палаты прадстаўнікоў яшчэ раней. Па гэтай прычыне Міністэрству замежных спраў і Міністэрству эканомікі давялося падрыхтаваць лісты, у якіх сфармуляваныя наступствы для Беларусі ад уступленьня Расеі ў СГА.

Паводле дадзеных беларускага МЗС, зьмены ў галіне мытна-тарыфнага рэгуляваньня ў сувязі з уступленьнем Расеі ў СГА будуць праводзіцца з улікам дамоўленасьцяў, якія раней былі дасягнутыя ў гэтым пытаньні ў рамках Мытнага зьвязу.

Разам з тым, разьлікі беларускага МЗС паказваюць, што па шэрагу таварных пазыцый у айчынных вытворцаў могуць паўстаць праблемы. Зьвязана гэта з тым, што больш нізкія тарыфныя абавязаньні Расеі перад СГА створаць больш спрыяльныя ўмовы для ўвозу некаторых тавараў на тэрыторыю Мытнага зьвязу.

«У дачыненьні да больш за 1000 пазыцый расейскія абавязаньні перад СГА ніжэйшыя за дзеючыя стаўкі Адзінага мытнага тарыфу Мытнага зьвязу на 7-15 працэнтных пунктаў. Зь іх больш за 50 пазыцый – адчувальныя для Рэспублікі Беларусь", – гаворыцца ў адказе міністра замежных спраў Сяргея Мартынава на дэпутацкі запыт.

Да ліку «адчувальных пазыцый» беларускі МЗС адносіць малако і вяршкі ў цьвёрдым выглядзе, якія зьмяшчаюць какававыя прадукты, некаторыя фарбы, лякі, тэлефонныя апараты, тэлевізары, а таксама прадукцыю машынабудаваньня – новыя седлавыя цягачы нізкага экалягічнага кляса для эксплюатацыі ва ўмовах бездарожжа, самазвалы.

«Яшчэ па 1500 пазыцыях расейскія тарыфныя абавязаньні перад СГА ніжэйшыя за дзеючыя стаўкі Адзінага мытнага тарыфу Мытнага зьвязу на 4-6,5 працэнтных пунктаў. Зь іх 160 пазыцый – адчувальныя для Беларусі ", – гаворыцца ў адказе Мартынава.

Да ліку такіх таварных пазыцый МЗС адносіць некаторыя сынтэтычныя ніткі, лямец, вяроўкі, тканіны і тэкстыльныя вырабы, бутэлькі ёмістасьцю менш за 1 літар, шкловалакно, пральныя машыны, трансфарматары магутнасьцю больш за 500 кіляват, мікрахвалёвыя печы, а таксама некаторыя паўпрычэпы і драўляную мэблю.

Таму МЗС прагназуе «некаторы нэгатыўны уплыў для асобных беларускіх прадпрыемстваў і катэгорый тавараў, замежныя аналягі якіх будуць дапускацца ў Мытны зьвяз на троху больш лібэральных умовах».

НАЙБОЛЬШ ПАЦЕРПІЦЬ СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЕ МАШЫНАБУДАВАНЬНЕ

Навуковы дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ Ірына Тачыцкая лічыць, што уступленьне Расеі ў СГА можа кепска адбіцца на беларускім сельскагаспадарчым машынабудаваньні.

Адразу ж пасьля далучэньня Расеі да СГА імпартныя пошліны на гэтую прадукцыю ўпадуць зь цяперашніх у сярэднім 15% да 5-10% практычна па ўсёй намэнклятуры сельскагаспадарчых машын. «Зьніжэньне імпартных тарыфаў на 5-10% на трактары, корма- і збожжаўборачныя камбайны (зь цяперашніх 15%) дазволіць замежным вытворцам закласьці гэтую розьніцу ў цану прадукцыі. Адбудзецца пяціразовы рост імпарту », – гаворыцца ў расейскай стратэгіі разьвіцьця сельгасмашынабудаваньня.

Расейскія чыноўнікі ўжо сёньня кажуць, што галіной, якая накйбольш прайграе ад уступленьня краіны ў СГА, можа стаць сельгасмашынабудаваньне.

«Што гэта можа азначаць для Беларусі? Расея зьяўляецца асноўным рынкам збыту нашай сельгастэхнікі, і калі пасьля ўступленьня ў СГА попыт расейскіх пакупнікоў пераарыентуецца на тэхніку тыпу John Deere, то рэалізоўваць беларускую сельгастэхніку на расейскім рынку стане значна больш складана», – мяркуе Ірына Тачыцкая.

Аднак калі не зьвяртаць увагі на магчымыя праблемы асобных беларускіх вытворцаў, то ў цэлым беларускі МЗС досыць пазытыўна глядзіць на уступленьне Расеі ў СГА.

«У цэлым сярэдні выніковы ўзровень тарыфнай абароны, узгоднены Расеяй з СГА, сумяшчальны з эканамічнымі інтарэсамі Беларусі, бо пераважная колькасьць тарыфных ліній пры фармаваньні Адзінага мытнага тарыфу Беларусь прыняла на ўзроўні расейскіх ставак, гэта значыць пагадзілася з павышэньнем у адрозьненьне ад ранейшага беларускага мытнага тарыфу», – гаворыцца ў лісьце Сяргея Мартынава, які быў накіраваны ў беларускі парлямэнт.

СТРАТА КАНКУРЭНТАЗДОЛЬНАСЬЦІ НА РАСЕЙСКІМ РЫНКУ

Троху інакш на ўступленьне Расеі ў СГА глядзяць у Міністэрстве эканомікі Беларусі. У лісьце, які быў накіраваны ў беларускі парлямэнт, намесьнік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка адзначае, што ўступленьне ўсходняй суседкі Беларусі ў міжнародную арганізацыю можа нэгатыўна адбіцца на канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі на расейскім рынку.

«Пасьля ўступленьня Расеі ў СГА значна ўзрасьце прыток замежных інвэстыцый, што забясьпечыць разьвіцьцё і далейшую мадэрнізацыю расейскіх прадпрыемстваў і, як сьледзтва, выцясьненьне беларускай прадукцыі з расейскага рынку", – гаворыцца ў лісьце Аляксандра Ярашэнкі.

УДЗЕЛ РАСЕІ Ў СГА РОБІЦЬ ЯЕ БОЛЬШ ПРЫВАБНАЙ ДЛЯ ЗАМЕЖНЫХ ІНВЭСТАРАЎ

«Уступаючы ў СГА, Расея прымае на сябе абавязаньні гэтай міжнароднай арганізацыі. Контрагенты разумеюць, што калі цяпер Расея не захоча штосьці там выконваць, то яе можна будзе прыцягнуць да мэханізму ўрэгуляваньня спрэчак у рамках СГА», – кажа навуковы дырэктар Дасьледчага цэнтра ІПМ.

Плюс да гэтага, дадае яна, Расея цяпер знаходзіцца ў Мытным зьвязе, што робіць яе яшчэ больш прывабнай. «Таму ёсьць падставы меркаваць, што пасьля ўступленьня Расеі ў СГА, яна стане прывабнай краінай для замежных інвэстараў», - мяркуе Ірына Тачыцкая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG