Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Расейцы яшчэ маюць магчымасьць выказваць нязгоду"


Расейская апазыцыя ад мітынгу да мітынгу зьбірае ўсё больш прыхільнікаў.

У мінулую суботу, 24 сьнежня, пад лёзунгам «За сумленныя выбары» толькі ў Маскве на вуліцу выйшлі дзясяткі тысяч чалавек, незадаволеных спробай узурпацыі ўлады «піцерскім кланам». Пасьля перамогі на парлямэнцкіх выбарах пракрамлёўскай партыі «Адзіная Расея» палітычны тандэм у асобах Пуціна і Мядзьведзева ўжо дамаўляецца пра ракіроўку пасадамі пасьля выбараў прэзыдэнта.

Дэмакратычная грамадзкасьць Расеі дамагаецца новых выбараў у Дзярждуму і заклікае не галасаваць 4 сакавіка 2012 года за Пуціна.

Прадстаўнікі расейскай палітычнай эліты заклікалі прэм’ер-міністра Ўладзімера Пуціна не ісьці на прэзыдэнцкія выбары найперш дзеля захаваньня твару. Так, прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў лічыць, што два ранейшыя прэзыдэнцкія тэрміны і прэм’ерскі з неабмежаванымі паўнамоцтвамі — цалкам дастаткова, каб насыціцца ўладай.

Журналіст Леанід Парфёнаў у відэазвароце да ўдзельнікаў мітынгу на плошчы Сахарава сказаў, што ў Эўропе ёсьць толькі адна краіна, дзе ўсё залежыць ад волі аднаго чалавека — Беларусь. І трапіць у кампанію да Лукашэнкі — гонар сумнеўны.



Славуты шахматыст, адзін зь лідэраў аб’яднанай дэмакратычнай кааліцыі, Гары Каспараў перакананы: яшчэ 12 гадоў пад Пуціным Расея папросту ня вытрымае: «Улада пастаянна абяцае нам „адлігу“, гэта ўжо наша традыцыя. Але гэта такая „адліга“, якая потым зьмяняецца замаразкамі. У наступным годзе, я не сумняюся, мы здолеем дамагчыся нармальнага палітычнага клімату, калі пасьля расейскай зімы наступіць сапраўдная вясна, вясна палітычная. І 4 сакавіка, я ўпэўнены, стане кропкай адліку новай расейскай гісторыі. Мы стаім пад абсалютна рознымі сьцягамі. Розныя сьцягі — гэта розныя погляды на жыцьцё, гэта розныя ідэалёгіі. Але нас усіх аб’ядноўвае тое, што ў нас адна краіна і мы разумеем, што ўратаваньне нашай краіны залежыць ад таго, ці здолеем мы мірным спосабам дэмантаваць рэжым. Бо пуцінскі рэжым, несумяшчальны з далейшым жыцьцём, з далейшым існаваньнем Расеі».

Арганізатары сьцьвярджаюць, што на плошчу Сахарава прыйшло больш за 100 тысяч чалавек, праваахоўныя органы кажуць пра 30 тысяч удзельнікаў.

Маскоўскі інжынэр-геадэзіст Мікалай Памешчанка з уласнай ініцыятывы пералічыў мітынгоўцаў на адмысловай прафэсійнай апаратуры і зь вялікай доляй дакладнасьці кажа пра 60 тысяч чалавек.

На гэтым тле беларускі афіцыйны тэлеканалу АНТ заявіў, пра некалькі сотняў чалавек, якіх удалося загнаць на плошчу.

Кіраўніца Маскоўскай хэльсынскай групы Людміла Аляксеева адказвае скептыкам: гэтым разам людзей усур’ёз напалохала пэрспэктыва вяртаньня ў таталітарнае мінулае, а таму народ галасуе супраць дыктатуры ня толькі розумам, але і нагамі:

«Я загадзя гаварыла, што яўка на выбарах будзе дзесьці ў раёне 70%, ну атрымалася крыху меней, за 60%, але ўсё роўна яна была высокая. І ведаеце, у мяне вельмі добрае ўражаньне пакінула тое, што на гэтыя выбары яўка была такой значнай. Хоць нібыта здавалася, што нас проста сілком цягнулі, штурхалі на гэтыя выбары, але маё ўражаньне, што на выбары прыйшлі перадусім тыя, хто не на жарт напалохаўся, што іх цягнуць, прымушаюць галасаваць за «Адзіную Расею і яны хацелі прагаласаваць інакш. Але ў выніку яны атрымалі па мордзе, таму што выбары бессаромна падтасавалі. І неяк іначай гэтыя людзі адрэагаваць на такі зьдзек ужо не маглі».

На плошчы Сахарава пра небясьпеку беларускага шляху гаварылі ня толькі выступоўцы. Так, адзін з плякатаў упрыгожвала выява Пуціна ў вайсковай форме поруч з Лукашэнкам, Уга Чавэсам ды іншымі.

Падчас пятнічнай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка выказаў занепакоенасьць, што, адрозна ад Беларусі, у Расеі на мітынгі выходзіць ня толькі «праплачаная апазыцыя», ня толькі «жабракі і ўбогія», але і сярэдні кляс.

Публіцыстка Юлія Латыніна кажа, што пры ўсіх падабенствах рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна расейцы яшчэ маюць магчымасьць выказваць нязгоду. Беларусы ж гэтага практычна пазбаўленыя:

Юлія Латыніна
Юлія Латыніна
«Зразумела, што рэжымы ў нас ёсьць і абодва рэжымы дыктатарскія — гэта факт. Прынамсі з Лукашэнкам пытаньняў няма ніякіх, пуцінскі рэжым — амаль дыктатарскі, больш аўтарытарны. Скажам так: пуцінскі аўтарытарны, а ваш, канечне, зусім дыктатарскі. Але сканструяваныя яны досыць па-рознаму. Перш за ўсё варта адзначыць, што Лукашэнка — гэта клясычны папулісцкі дыктатар. Ён калі і трывае вакол карумпаваную эліту, то моцна сумняюся, што іх шмат, бо ў такім разе ён усіх даўно ўжо арыштаваў бы. Пра ідэйных апанэнтаў я ўжо ўвогуле маўчу. А пуцінскі рэжым сапраўды адметны тым, што трымае сваіх шасьцёрак на прыкорме. То бок, у іх дзьве абсалютна розныя эканамічныя асновы. Калі ўлада Лукашэнкі пабудаваная на страху, то ў Пуціна пераважвае палітыка задобрываньня сваіх».

Справаздачы пра суботнюю акцыю былі ў этэрах фэдэральных расейскіх каналаў.

Палітычны аглядальнік радыёстанцыі «КоммерсантЪ-FM» Станіслаў Кучар бачыць у гэтым і свой унёсак. 10 сьнежня ён рэзка скрытыкаваў сваіх калегаў з дзяржаўных СМІ, выступіўшы з заклікам «выкінуць статуэткі ТЭФІ» за навінныя перадачы, дзе не прагучала ніводнага слова пра акцыі супраць фальсыфікацыі думскіх выбараў. Тым часам на НТВ зачыненая праграма «Апошняе слова» былога кіраўніка карпункту гэтага каналу ў Беларусі Паўла Селіна. Забракаваная перадача была прысьвечаная менавіта масавым выступам супраць нячэсных выбараў:

​«Я абсалютна перакананы, што людзі зробяць высновы. І ня толькі дзякуючы майму звароту, а проста таму, што нешта рэальна адбываецца навокал. Таму я ўпэўнены: многія з тых, хто зараз працуе ў структурах дзяржаўнага тэлебачаньня адтуль альбо сыдуць, альбо моцна зьменяць стыль уласнай працы там. Так ці інакш гэты зварот хоць крыху, на нейкую долю працэнта, але паскорыць працэс зьменаў на фэдэральным тэлебачаньні. Нават калі хоць бы ў дзясятка чалавек пасьля гэтага (я зараз маю на ўвазе ня проста асьвятляльнікаў ці грымёраў, а людзей, якія рэальна ўплываюць на працэс) нешта ў галаве шавяльнулася — тое, што яшчэ называецца словам сумленьне, калі яно зайграла ледзь-ледзь, то ў гэтым сэнсе я не дарэмна рабіў сваю працу». Па выніках шматтысячнага мітынгу на плошчы Сахарава ў Маскве ня быў затрыманы ніводны ўдзельнік акцыі ні зь ліку мітынгоўцаў, ні арганізатараў. У Беларусі разгонам ці арыштам заканчваецца практычна кожнае мерапрыемства, ініцыяванае апазыцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG