Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У іх асобах палітвязьняў павіншаваў увесь дэмакратычны сьвет»

абноўлена

Вацлаў Гавал і Джордж Буш
Вацлаў Гавал і Джордж Буш

Блізкія палітвязьняў адгукнуліся на віншаваньні, якія Джордж Буш і Вацлаў Гавэл напярэдадні Калядаў і Новага году даслалі беларусам, якія знаходзяцца ў турмах за свае перакананьні.


Наста Палажанка, нявеста палітвязьня Зьмітра Дашкевіча: «Гэта для нас вельмі важна, і я з задавальненьнем перашлю гэтыя пасланьні Зьмітру. Джорж Буш — веруючы чалавек, які сочыць за сытуацыяй у Беларусі. Лідэры „Маладога фронту“ сустракаліся зь ім у свой час. Гэта важна ня толькі з палітычнага боку, але і чыста з чалавечага. Гэта значыць, што ў турме сядзяць годныя і сумленныя людзі, якія любяць сваю краіну і ня мусяць пакутаваць у турме. Што да Вацлава Гаўла — гэты выпадак увогуле ўнікальны. Атрымліваецца, што апошні ягоны зварот быў зроблены да беларусаў, да беларускіх палітвязьняў. Гэта вельмі істотна для магчымых зьменаў у Беларусі, бо для ўсіх нас падымае плянку адказнасьці за свае ўчынкі, за тое, што адбываецца вакол».

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча: «Магу сказаць, што гэта вельмі кранальна, шчымліва і выклікае пачуцьцё глыбокай удзячнасьці тое, што буйнейшыя людзі нашага часу памятаюць пра тое, што Беларусь сталася, як прынята казаць, апошняй дыктатурай Эўропы. А ў выпадку з Вацлавам Гаўлам гэта яшчэ і балюча, бо гэта было бадай што апошняе, што ён пасьпеў зрабіць у сваім зямным жыцьці. Гэта быў чалавек найвышэйшых маральных вартасьцяў і па-сутнасьці апошнія ягоны словы былі да іншых, да тых, хто пакутуе з-за ўласнага сумленьня, з-за ўласных перакананьняў».

Натальля Пінчук, жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага: «Вельмі каштоўныя гэтыя віншаваньні, асабліва ад Вацлава Гаўла, атрымліваецца, перадсьмяротнае. Таксама ад Джорджа Буша і ягонай жонкі Лоры Буш. Гэта дадаткова сьведчыць пра тое, што міжнародная супольнасьць адсочвае сытуацыю, якая тут склалася. І адпаведна адсочвае сытуацыю ўласна з палітвязьнямі і ўласна з Алесем Бяляцкім».

Ала Саньнікава, маці экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньніква: «Вацлаў Гавэл — гэта вядомы ва ўсім сьвеце герой-дэмакрат, у якога хапіла сіл, мужнасьці яшчэ ў апошні момант перад сьмерцю павіншаваць нашых пакутнікаў. І тое, што Джорж Буш з жонкай Лорай зьвярнуліся, гэта таксама вялікая падтрымка. Гэта значыць, што ў іх асобах палітвязьняў павіншаваў увесь дэмакратычны сьвет. Усе тыя, хто разумее, што ў нас творыцца і жадае нашаму народу перамогі ў барацьбе за дэмакратыю, безь якой ня будзе росквіту краіны. Таму я ад свайго імя і імя ўсёй сваёй сям’і вельмі ўдзячная людзям, якія нас падтрымліваюць. Хочацца верыць і спадзявацца, што розум чалавецтва пераможа гэтую цемру».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG