Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча з жонкай турбавалі кожныя 15 хвілінаў


Марына Адамовіч, якая ўзяла шлюб зь МІколам Статкевічам і правяла зь ім суткі ў калёніі, дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад сустрэчы.




Як здароўе Вашага мужа?

Мікола, я лічу, у дастаткова нармальным фізычным стане, ён, вядома, моцна схуднеў, але няма ўражаньня, што ён зьнясілены, зьняможаны. Ён выглядае нядрэнна, у яго добрая мышачная маса — адзінае, што калі быў у ШЫЗА, там дастаткова холадна, а зараз ён у памяшканьні камэрнага тыпу і прастуджаны. Рука аднаўляецца, хаця відно, што яна танчэйшая, што мышцы яшчэ не аднавіліся. Па ўсім астатнім ён на здароўе ня скардзіцца.

Казалі, што яго нават на працу пасылалі, калі адна рука не працавала, гэта так?

Так яно і было. 29 верасьня было пасьля мэдагляду вынесена заключэньне зьменшыць нагрузкі на левую руку, і пры гэтым ён быў накіраваны на працу на лесапілку. Няхай сабе не бярвеньні цягаць, а толькі дошкі пілаваць, але ж гэта таксама цяжка рабіць адной рукой.

Зараз ён не працуе, бо зьяўляецца злосным парушальнікам і, адпаведна, знаходзіцца ў ШЫЗА, а потым адразу быў накіраваны ў ПКТ. Страшныя ягоныя злачынствы заключаюцца ў тым, што недзе ў вопісе не былі ўказаныя насоўкі, да гэтага прыдраліся. А потым у ШЫЗА яму тры дні запар выносілі папярэджаньні за тое, што ў яго няма бірачкі з прозьвішчам, потым сказалі, што бірачку, аказваецца, можна папрасіць у днявальнага. Пасьля яго выпусьцілі з ШЫЗА, і ўжо праз 40 хвілінаў за справакаваную бойку, якой не было, накіравалі ў памяшканьне камэрнага тыпу на месяц.
Вызваліць яго могуць і заўтра, могуць і праз 5 гадоў, а могуць і яшчэ накінуць..

Так што ён зараз адзін у турэмнай камэры. Але гэта не было нагодай для таго, каб забараніць шлюб. Праўда, дробныя непрыемнасьці зрабілі: напрыклад, доўга яго да мяне не выпускалі, не далі яму пераапрануцца, прывесьці сябе ў парадак, і потым на працягу гэтых сутак літаральна кожныя 15 хвілінаў нехта стукаўся, увесь час нас тузалі. Але гэта абсалютна не ўплывала ні на наш настрой, ні на нашу радасьць ад таго, што ўрэшце рэшт праз год і два дні пабачыліся.

Цяпер наколькі часта вам можна будзе мець спатканьне?

У новым статусе ён знаходзіцца ўсё ж у ПКТ і, па-сутнасьці, агалошана ўжо, што будзе суд. Пасьля суду ён можа стаць зьняволеным крытай турмы, а там абсалютна іншыя правілы ўтрыманьня, здаецца, увогуле няма доўгатэрміновых спатканьняў.

Ці працягваюць на яго ціснуць, каб напісаў прашэньне аб памілаваньні?

У той ці іншай форме гэта працягвалася. Шчыра кажучы, у нас яшчэ было, аб чам пагаварыць за мінулы год. Хаця было адчуваньне, што мы не разьвітваліся, што ён літаральна на хвіліну выходзіў у іншае памяшканьне.

Пра палітыку гаварылі ці не да таго было?

Яна частка нашага жыцьця — на жаль ці на шчасьце. Гаварылі, безумоўна. Ён лічыць, што самая плошча і яе вынікі сталіся, у прынцыпе, станоўчымі, сыходзячы зь сярэдне- і доўгатэрміновых мэтаў выяўленьня непрымальнасьці ў маральным, эканамічным, палітычным выглядзе беларускай мадэлі разьвіцьця, паразытарнай мадэлі эканомікі. Што да ягонага вызваленьня, тут рацыянальнага быць ня можа: гэта можа быць заўтра, можа праз усе 5 гадоў, а можа, глядзіш, і яшчэ накінуць.

Якія магчымасьці ў калёніі атрымліваць інфармацыю?

Газэты яму больш-менш ідуць, але чамусьці апошнія месяцы ён не атрымоўвае «Нашу Ніву», хаця ён падпісаны.

Што да лістоў, то па-рознаму: іншы раз бывае па 20 на дзень, іншы раз 15 на тыдзень, геаграфія іх фантастычная: ад Ісьляндыі да Філіпінаў. Пішуць пераважна беларусы, што яго вельмі радуе, нашы былыя землякі, якія заўсёды застаюцца беларусамі ў душы. Ён дзякаваў усім, падзякаваў у тым ліку членам ягонай каманды, якія аказаліся годнымі людзьмі ў самых цяжкіх умовах: ніводзін зь іх ня здрадзіў, не адышоў у бок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG