Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады напрасіліся на чарговыя санкцыі»


Палата прадстаўнікоў кангрэса ЗША абвясьціла аб новых санкцыях адносна рэжыму ў Беларусі.

Абноўлены сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЗША, пашыраны фінансавыя санкцыі ў дачыненьні ня толькі да палітычных лідэраў краіны, але і да кіраўніцтва спэцслужбаў. Раней праект узмацненьня санкцыяў быў ухвалены Сэнатам ЗША. Як ставяцца да гэтага ў Беларусі?

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных адзначыў, што ЗША працягнулі «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», як гэта звычайна робяць штогод,. Адносна санкцый ён сказаў:

«ЗША знаходзяцца ў палоне дагматычных і састарэлых падыходаў. Гэта, на жаль, сьведчыць пра няздольнасьць Злучаных Штатаў разьвіваць стасункі на ўзаемапаважлівай і раўнапраўнай аснове».

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін лічыць паводзіны беларускай улады абсурднымі. Пра гэта сьведчаць і зьдзекі над актывісткамі ўкраінскай арганізацыі Femen.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
«Альбо сотні тысячаў супрацоўнікаў спэцслужбаў проста задарма ядуць хлеб. І ня могуць знайсьці нейкія банды, якія ім не падкантрольныя. Якія штомесяц тут ўчыняюць разбоі з выкраданьнем людзей, са зьдзекамі над імі. Ці самі гэта робяць. Таму чаго ў гэтых умовах можна чакаць ад навакольнага сьвету? Натуральна, прымяненьня больш жорсткіх санкцыяў. Таму ўлады доўга прасіліся і напрасіліся на чарговыя санкцыі».

Паводле Калікіна, у цэлым памнажэньне санкцыяў нічога добрага для Беларусі не нясе. Бо пазыцыя такой уплывовай краіны як ЗША будзе даваць нэгатыўны эфэкт ва ўсіх міжнародных крэдытных установах.

«Я лічу, што будуць яшчэ больш жорсткія санкцыі, бо так, як сябе сёньня сябе паводзіць кіраўніцтва, яно проста напрошваецца на гэтыя санкцыі. Яно проста вельмі, вельмі просіць, стоячы на каленях, — зноў прымяніце да нас санкцыі. Ну, і да іх прымяняюць санкцыі. Тое, што яны прасілі, тое і атрымалі».

Паводле былога старшыні Вярхоўнага савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, Палата прадстаўнікоў кангрэса ЗША «зрабіла добра».

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч
«З гэтымі бандытамі інакш нельга паступаць. У чым у нас найвялікшая бяда? У тым, што яны адчуваюць, што ня могуць быць пакараныя за сваё злачынства. І гэтая ўся шпана, гэтыя дэбілістыя супрацоўнікі, пераапранутыя ў нешта там цывільнае, зьбіваюць, калечаць, адвозяць дзяўчат за горад. Гэта дзяржаўны бандытызм. І галоўны бандыт стаіць на чале. Як ім у свой час былі створаныя легіёны сьмерці, так створаны і гэтыя бандыцкія структуры, якія займаюцца чыста бандытызмам. Таму, калі аб’яўлены санкцыі супраць бандытаў, гэта вельмі правільна».

Былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў заявіў, што ён заўсёды выступаў за санкцыі супраць тых, хто парушае беларускае заканадаўства, у тым ліку, выбарчае, супраць тых, хто парушае правы чалавека ў Беларусі.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
«Рэжым Лукашэнкі — гэта ня толькі Лукашэнка. Гэта яшчэ цэлая каманда людзей. Трэба прымаць меры да іх усіх. Гэта і міністры, і адміністрацыя прэзыдэнта. Таму адназначна: пэрсанальныя санкцыі супраць гэтых людзей будуць мець посьпех у далейшых нашых дзеяньнях. Гэта дапамога беларускай апазыцыі. І гэта правільна зроблена. Не трэба забываць і пра людзей у рэгіёнах, якія арганізоўвалі парушэньне выбарчага заканадаўства падчас выбарчай кампаніі, якія звальняюць людзей з працы, не даюць працаваць прадстаўнікам палітычных партый і грамадзкіх арганізацый».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG