Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавэл — гэта ўвасабленьне маральнай палітыкі »


Многія беларускія палітыкі сустракаліся з Вацлавам Гавэлам. Хтосьці размаўляў зь ім толькі аднойчы, хтосьці — неаднаразова. Але ўсе яны кажуць пра вялікія ўражаньні ад гэтых сустрэчаў.

Станіслаў Шушкевіч:

«Для мяне асабіста, гэта страта азначае, што памёр чалавек, у якога быў вельмі правільны погляд на рэчаіснасьць і на гісторыю станаўленьня Чэхаславаччыны, Чэхіі і Славаччыны. Гэта быў бясспрэчны інтэлектуал. І я зразумеў гэта, як то нядзіўна, у 1989 годзе, калі Гавэл як бы парыраваў вядомае гарбачоўскае выказваньне, што „политика — это искусство возможного“.

Гавэл у сваім выступе тады сказаў, што „палітыка — гэта мастацтва немагчымага“. І прывёў цудоўны прыклад зь Янам Масарыкам — сынам прэзыдэнта Чэхаславаччыны Тадэвуша Масарыка. Гэты чалавек, не займаючы надзвычай важкай пасады (ён быў амбасадарам у Вялікай Брытаніі), змог дамагчыся, каб брытанскі ўрад дэнансаваў пагадненьне аб добраахвотнай перадачы Судэтаў фашысцкай Нямеччыне і ўсталяваў добрыя дачыненьні брытанцаў з савецкім урадам. Ён зрабіў проста цуд. Я вывучаў гэта пытаньне. І штуршок да гэтага мне даў Гавэл.

А пасьля я шмат разоў сустракаўся з Гавэлам асабіста. Ён уваходзіў у журы па прысуджэньні прэміі Леха Валэнсы. І сёлета я быў вельмі засмучаны, што 29 верасьня ён на гэта прысуджэньне не прыехаў. Але завочна ён прагаласаваў за ўсё тое, што і мы.

Страта такога вялікага інтэлектуала — гэта страта для ўсяго чалавецтва».

Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка
«Людзей такога маштабу, такой біяграфіі, такіх прынцыпаў сярод сучасных эўрапейскіх лідэраў, бадай што, і няма. Гэта чалавек, які сымбалізуе рашучае разьвітаньне з таталітарызмам, сымбалізуе шанец на пабудову свабоднага грамадзтва, грамадзтва творчага, грамадзтва, у якім рэалізуецца патэнцыял кожнага чалавека і народа. Гэта — свабоднае грамадзтва, і зарукай яму была творчая натура Гавэла.

Ён ніколі не аддзяляў прынцыпаў ад палітыкі. Ён ёсьць увасабленьне палітыкі маральнай, ён ёсьць антыподам так званай прагматычнай палітыкі, славутай „real politic“. Менавіта таму Гавэл так заўзятаваў за Беларусь. Менавіта таму ён падтрымліваў і сам ініцыяваў шматлікія справы для падтрыманьня руху Беларусі да свабоды.

Ён разумеў, як неразрыўна ў нас зьвязаныя клопат пра свабоду і пра незалежнасьць, і пра нацыянальна-моўнае адраджэньне. Падчас размоваў зь ім мы закраналі пытаньні мовы, нацыянальнай сьвядомасьці, лёсу беларусаў. І яму тут не патрэбна было нешта доўга тлумачыць. І як чэху, і як чуламу чалавеку.

І яшчэ адзін момант. Гэта — фантастычна просты чалавек, без усялякіх мух у носе, без комплексаў вышэйшасьці. Яго абсалютна не сапсавала ні ўлада, ні аўтарытэт».

Людміла Гразнова:

Людміла Гразнова
Людміла Гразнова
«Гавэл быў ня проста чалавекам зь вялікай літары, драматургам, палітыкам. Ён быў сымбалем тых дэмакратычных пераўтварэньняў, якія адбыліся ў краінах Усходняй Эўропы. Хваля эвалюцыйных, вельмі ўзьнёслых зьменаў асацыявалася найперш зь яго імем.

Зараз насьпявае новая хваля пераменаў ва Ўсходняй Эўропе. Яны абавязкова адбудуцца і ў Беларусі, і ва Ўкраіне, і, можа, у пэўнай ступені нават у Расеі. Тое, што адбылося там пасьля парлямэнцкіх выбараў, дае надзею. Эвалюцыя, натхнёная Гавэлам, адбудзецца і ў іншых краінах».

Сяргей Скрабец:

Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец
«Гэты чалавек цьвёрда прытрымліваўся асноваў дэмакратыі і свабоды. Гавэл без перабольшваньня быў сумленьнем Эўропы. Асабліва мудра ён праявіў сябе, калі Чэхаславаччына вызвалялася ад наступстваў камунізму. І калі краіна мірна і спакойна падзялілася на Чэхію і Славаччыну.

Гавэл адстойваў свае прынцыпы дэмакратыі і свабоды. Ён ня быў кан’юнктурным палітыкам. Мы можам толькі пазайздросьціць, што ў сьвеце ёсьць такія палітыкі, як Гавэл. Якія не чапляюцца з усёй моцы за ўладу і якія спакойна гуляюць без аховы па сваёй сталіцы. Гэта прыклад таго, як павінен паводзіць сябе чалавек, які атрымаў уладу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG