17:30 Сьвятло ў залі пагасла, засталося цьмянае асьвятленьне ля сцэны. Лявон Вольскі не разгубіўся і сьпявае пад акустычную гітару безь мікрафону.
17:20 Зьезд БХД скончыўся. Але заплянаваны канцэрт адміністрацыя ДК праводзіць забараніла, бо не была ўзгодненая праграма. Людзі застаюцца ў залі, крычаць «ганьба». Адміністрацыя пагражае выключыць сьвятло.
Партыя БХД з 2009 году ўжо тройчы праводзіла ўстаноўчыя зьезды і падавала рэгістрацыйныя дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі, але да гэтага часу дзяржаўную рэгістрацыю так і не атрымала.
Зьезд абраў сустаршынямі БХД Паўла Севярынца, Віталя Рымашэўскага і Георгія Дзьмітрука.
У сваім відэазвароце да дэлегатаў сустаршыня БХД палітвязень Павал Севярынец заявіў, што найважнейшай задачай застаецца вызваленьне палітычных вязьняў. Таксама ён выказаўся за падрыхтоўку «паўнамаштабнага актыўнага байкоту фарсу». Ён адзначыў, што ня бачаць ніякага сэнсу ў тым, што арганізуе рэжым. Большая частка беларусаў на так званыя выбары ня пойдзе.
Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі пералічылі ўмовы, пры якіх БХД можа ўзяць удзел у выбарчай кампаніі. Сярод іх — вызваленьне палітвязьняў, дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, дапушчэньне сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Паводле Рымашэўскага, БХД «прапануе мірную перадачу ўлады». Ён лічыць, што неабходна «не дапусьціць легітымізацыі недэмакратычнай ўлады».
Віталь Рымашэўскі сярод іншага сказаў, што прызнае сваю віну за тое, што напісаў ліст Лукашэнку, каб яго вызвалілі. Гэта быў вымушаны кмпраміс ва ўмовах пагрозы татальных рэпрэсій.
Таксама Рымашэўскі сказаў, што бярэ адказнасьць за памылкі падчас мінулай выбарчай кампаніі. «Я павінен быў прадугледзіць масавыя рэпрэсіі», сказаў Рымашэўскі. Ён адзначыў, што было «недастаткова ініцыятывы ў арганізацыі Плошчы. Нам патрэбна было абвесьціць свой сцэнар. Браць ініцыятыву на сябе».
Многія запрошаных не атрымалі візы для ўдзелу ў зьездзе.