Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сутыкненьні ў Казахстане: загінулі людзі


Звольненыя нафтавікі правялі масавыя акцыі пратэсту ў 20-годзьдзе незалежнасьці краіны. Як найменей, 10 чалавек загінулі.

У Жанаэзэне, 90-тысячным горадзе на паўднёвым захадзе Казахстану 16 сьнежня адбыліся масавыя непарадкі: у часе сутыкненьняў паміж рабочымі нафтавай кампаніі «Разьведка, здабыча «Казмунайгаз» і мясцовай паліцыяй ёсьць ахвяры. Паводле афіцыйнай інфармацыі, загінулі 10 чалавек, неафіцыйныя крыніцы паведамляюць пра некалькі дзясяткаў.

Сарвана правядзеньне сьвяточных мерапрыемстваў на цэнтральнай плошчы, разбураныя сцэна і юрты, зьбітыя супрацоўнікі паліцыі, паведаміла генэральная пракуратура Казахстану. Падпалены будынак гарадзкой адміністрацыі і гатэлю. Страйкоўцы захапілі адміністратыўны будынак кампаніі «Озэнмунайгаз» — мясцовай філіі «Казмунайгазу».

16 сьнежня Рэспубліка Казахстан адзначае Дзень незалежнасьці, і ўлады Жанаэзэну мабілізавалі школьнікаў і студэнтаў прайсьці сьвяточным маршам са сьцяжкамі па вуліцах гораду, на вачах у працоўных з нафтараспрацовак, якія страйкуюць ужо некалькі месяцаў. Недарэчы арганізаванае сьвята стала іскрай, якая распаліла даўно назапашаныя праблемы.

Як паведамляюць СМІ, нападнікамі сталі звольненыя працаўнікі прадпрыемства «Озэнмунайгаз». Былыя нафтавікі сёмы месяц запар выходзяць у цэнтар Жанаэзэну на акцыі пратэсту, патрабуючы падвышэньня заробку і паляпшэньня ўмоваў працы, а цяпер — і аднаўленьня на працы. Шматмесячны страйк завяршыўся звальненьнем 989 работнікаў "Ойзэмунайгазу".

Паводле сьведкаў, нафтавікі ня маюць дачыненьня да беспарадкаў: яны былі ў спецадзеньні, а напад на паліцэйскія аўтобусы і некалькі будынкаў учынілі маладыя людзі ня ў форме.

За дзень да гэтага былыя нафтавікі выказвалі ў прэсе незадаволенасьць з нагоды падрыхтоўкі плошчы да правядзеньня сьвята, яны патрабавалі прыбраць юрты з плошчы.



Карэспандэнт казахскай службы радыё Свабода (радыё Азатык) датэлефанаваўся да некаторых удзельнікаў страйку. Яны кажуць, што папярэджвалі мясцовую ўладу аб маючых адбыцца хваляваньнях у горадзе.

«Мы папярэджвалі, што цярпеньне народу можа скончыцца», — сказаў былы нафтавік Аразбай Турсынбаеў.

«Цяпер на плошчы нікога няма. Многія людзі пацярпелі, ёсьць і загінулыя», — кажа актывістка страйку нафтавікоў Айман Ангарбаева.

Яе словы пацьвярджае 16-гадовая Айткул Нурава. Яна кажа, што ў яе бацьку Бэйс Нурава стралялі, ён дастаўлены ў шпіталь з параненай нагой.«На плошчы былі шматлікія параненыя», — сказала Айткул Нурава.

Іншы былы нафтавік Марат Жусыпбаеў кажа аб васьмі загінуўшых падчас беспарадкаў у Жанаэзэне. «Дзьве жанчыны і шэсьць мужчын загінулі. Сярод іх страйкоўцы і проста жыхары гораду», — сказаў Марат Жусыпбаеў карэспандэнту радыё Азатык.

Прыводзяцца розныя дадзеныя аб пацярпелых і загінуўшых, афіцыйна заяўлена пра 10 ахвяраў. Датэлефанавацца да жыхароў Жанаэзэну не ўдаецца, мабільная сувязь практычна паўсюль адключаная.

— Сутыкненьні былі справакаваныя глупствам мясцовых уладаў, якія даўмеліся наладзіць сьвяточныя мерапрыемствы ў горадзе, які галадае, — зазначыў вядомы казахскі палітоляг Айдос Сарым. — Нафтавыя радовішчы Мангыстаўскай вобласьці вычэрпваюцца. — Улады ж, замест таго каб разьведваць новыя радовішчы і перавозіць туды людзей з монагарадоў пры старых распрацоўках,заклапочаныя толькі атрыманьнем неадкладных прыбыткаў і таму выкачваюць з Мангыстаў апошнюю нафту, ня думаючы пра тое, куды дзенуцца нафтавікі, калі і яна вычарпаецца.

Горад ачэплены. У яго нікога не ўпускаюць і не выпускаюць.



Рэпартаж рэгіянальнага незалежнага спадарожнікавага тэлеканала «К-плюс», які асьвятляе падзеі ў краінах Цэнтральнай Азіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG