Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ: Беларускія ўлады паварочваюцца сьпінай да Эўропы


Беларускія ўлады сьвядома паварочваюцца сьпінай да Эўропы і яе каштоўнасьцяў. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі пасяджэньня палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), якое прайшло 15 сьнежня ў Страсбуры.

Як паведамілі агенцтву БелаПАН у прэсавай службе ПАРЭ, на пасяджэньні абмяркоўвалася справаздача дакладчыка ПАРЭ па Беларусі Андрэса Хэркеля і праект рэзалюцыі, якія будуць выносіцца на абмеркаваньне студзеньскай сэсіі асамблеі.

Камітэт выказаў глыбокую занепакоенасьць сытуацыяй з правамі чалавека, грамадзянскімі і палітычнымі правамі ў Беларусі.

На думку камітэту, санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да афіцыйнага Менску павінны захоўвацца і нават узмацняцца датуль, пакуль ня будуць вызваленыя палітзьняволеныя, ня спыніцца ціск і перасьлед палітычнай апазыцыі, незалежных СМІ і праваабаронцаў.

Апрача таго, кантакты на высокім узроўні ПАРЭ зь беларускімі ўладамі не павінны быць адноўлены да ўвядзеньня ў Беларусі мараторыю на сьмяротную кару. Да гэтага моманту павінна заставацца замарожанай і заяўка Беларусі на вяртаньне беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага ў ПАРЭ.

Разам з тым палітычны камітэт асамблеі лічыць неабходным узмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і дэмакратычных сіл Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG