Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пра інтэграцыю: на чарзе Эўразійскі зьвяз і адзіная валюта


Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін 15 сьнежня адказаў на пытаньні ў наўпростаравых эфірах тэлеканалаў «Расея 1», «Расея 24», радыёстанцыяў «Маяк», «Вести FM» і «Радыё Расеі».

«Мы сур’ёзна прасунуліся ў гэтым накірунку. Мытны зьвяз і Адзіная эканамічная прастора — гэта рэальная інтэграцыя, каб перадаць частку функцыяў наднацыянальным органам», — заявіў Пуцін.

Ён заявіў што, пасьля запуску Адзінай эканамічнай прасторы, можна будзе пераходзіць да фармаваньня Эўразійскага зьвязу і ўвядзеньня адзінай валюты.

Пуцін запэўніў, што такая інтэграцыя — гэта не адраджэньне Савецкага Саюзу.

Выказваньне Пуціна цалкам: "Вы (Яўген Прымакоў) заўсёды былі актыўным прыхільнікам інтэграцыі на постсавецкай прасторы. І больш за тое, многа зрабілі, каб мы сёньня ў сваёй практычнай дзейнасьці маглі абапірацца на тыя фундамэнтальныя рэчы, якія былі закладзены і вамі. Вы бачыце, што мы сур’ёзна прасунуліся.

Мытны саюз, Адзіная эканамічная прастора — гэта, канечне, інтэграцыйныя аб’яднаньні зусім іншага кляса. Іншага ўзроўню і іншай глыбіні. Гэта рэальная інтэграцыя з выхадам на тое, каб перадаць частку функцый у наднацыянальныя органы. Гэта скрайне важна. Гэта не адраджэньне Савецкага Саюзу. Гэта захаваньне абсалютнай незалежнасьці дзяржаваў. Палітычнай незалежнасьці.

Але з мэтай павысіць нашу канкурэнтаздольнасьць у сусьветнай эканоміцы, надаць новы імпульс разьвіцьцю, забясьпечыць больш высокі ўзровень жыцьця нашых грамадзянаў. Мы ідзем і будзем ісьці гэтым шляхам. Гэта складаны працэс дасягненьня кампрамісаў падчас гэтага перамоўнага працэсу.

Гэта ўжо такі правобраз Злучаных Штатаў Эўропы. Мы пакуль да такога ўзроўню інтэграцыі не дабраліся
Уладзімер Пуцін. Масква, 15 сьнежня 2011

І вельмі важна, што і Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка і прэзыдэнт Назарбаеў, які безумоўна зьяўляецца галоўным рухавіком і маторам гэтых працэсаў. Я кажу без усялякіх перабольшваньняў. Менавіта ён гэту ідэю самым актыўным чынам падтрымаў і рэалізуе. І дзякуючы кіраўніцтву гэтых краінаў і дзякуючы пазыцыі Расеі, прэзыдэнта Мядзьведзева, мы рухаемся гэтым шляхам. І спадзяюся, будзем рухацца далей.

Канечне, мы бачым, што адбываецца ў Эўропе. І тое, што там фінансавы крызіс нарастае. Гэта зьвязана з тым, што не было ўлічана адна абавязковая ўмова, згодна зь якой некаторыя рэчы ў макраэканамічнай сфэры (велічыня зьнешняга і ўнутранага доўга, велічыня дэфіцыту бюджэту і так далей не ўзгадняліся ў наднацыянальных органах.( ...)

Зараз Францыя, Нямеччына змагаюцца за тое, каб гэту сытуацыю выправіць і перадаць на наднацыянальны ўзровень некаторыя пытаньні, зьвязаныя з рэгуляваньнем макраэканамічных парамэтраў. Безумоўна, гэта правільна.

Але гэта ўжо такі правобраз Злучаных Штатаў Эўропы. Мы пакуль да такога ўзроўню інтэграцыі не дабраліся. Але мы кажам пра магчымасьць у будучыні, пасьля запуску Адзінай эканамічнай прасторы перайсьці да фармаваньня Эўразійскага саюзу, і я думаю, што ў некаторай ступені ў выніку перамоўнага працэсу і дасягненьня кампрамісаў, мы, канечне, пэўна дойдзем і да гэтага. Спадзяюся, і да агульнай валюты і да ўзгадненьня макраэканамічных парамэтраў".

Выказваньні пра інтэграцыю прагучалі ў адказе на пытаньне былога кіраўніка ўраду Расеі Яўгена Прымакова.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:08 0:00
Наўпроставы лінк


На пытаньне, што зрабіў бы Пуцін у выпадку знаходжаньня пры ўладзе падчас распаду СССР, ён адказаў, што трэба было паступова, настойліва і бясстрашна змагацца за цэласнасьць Савецкага Саюза і не дапусьціць яго развалу.

Камэнтуючы гэтыя заявы, палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што Пуцін распачаў перадвыбарчую кампанію і працуе на ўнутраны электарат.

«Таму ён мусіць быць больш шчырым, чым падчас папярэдніх дэклярацый, калі ставілася задача глыбей уцягнуць Беларусь у гэтыя праекты. І тады рэфрэн такі гучаў, што мы, маўляў, тут не зьбіраемся прысьпешваць працэсы адзінай валюты і гэтак далей. Тым больш, крый Божа, ня будзе ніякага адраджэньня імпэрыі. А зараз сваім выбаршчыкам палітычны лідэр Расеі, ведаючы, што там папулярныя настроі зьбіраньня зямель, падкрэсьлівае якраз іншыя рэчы. Ён шкадуе пра распад СССР, папракае Гарбачова. Пасьля гэтых рэчаў думаць, што там так шчыра клапоцяцца пра сувэрэнітэт, наіўна. Бо без распаду СССР не было б сёньняшняй незалежнай Беларусі. Так што беларускаму кіраўніцтву варта чакаць, што пасьля выбараў (а Пуцін вернецца ў Крэмль) ён будзе браць быка за рогі. То бок патрабаваць ад афіцыйнага Менску выконваць тыя абавязкі ў межах эўразійскай інтэграцыі, да якіх яго змусілі пакуль што на паперы. Дык вось, на паперы гладка, а ў рэаліях будуць сур’ёзныя канфлікты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG