Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіча напярэдадні шлюбу пакаралі карцэрам


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

14 сьнежня ў Мікалая Статкевіча мусіў закончыцца дзесяцідзённы тэрмін пакараньня карцэрам, аднак ці перавялі палітвязьня ў атрад, невядома. У шклоўскай калёніі пра гэта нічога ня кажуць, а іншыя крыніцы пакуль ня маюць зьвестак ад Статкевіча. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла Марына Адамовіч, грамадзянская жонка палітыка. 14 сьнежня Марына Адамовіч бачылася з адвакатам, які напярэдадні наведаў Міколу Статкевіча ў калёніі.


Марына Адамовіч мяркуе, што 10 дзён, якія Статкевіч адбыў у карцэры, на жаль, для яго не апошнія. Пра прычыны пакараньня Марына Адамовіч ведае няшмат:

«Фармальныя нагоды, мякка кажучы, сьмеху вартыя. Першае, што нібыта не павітаў начальніка атраду. А другая — быццам у яго знайшлі дзьве насоўкі, якія раней не былі апісаныя ў асабістай маёмасьці. У яго яны былі пазначаныя як сродкі гігіены. Такое вось страшэннае парушэньне».

У якіх ўмовах знаходзіцца пакараны карцэрам вязень? Асуджаны за плошчу Алег Гнедчык, якога вызвалілі ўвосень датэрмінова, адбываў пакараньне ў той жа Шклоўскай калёніі, дзе сядзіць Мікалай Статкевіч. Алег Гнедчык быў і ў карцэры, праўда, толькі тры дні, якія, паводле ягоных словаў, «яму хапіла».

Гнедчык: «Гэта памяшканьне плошчай каля 12 мэтраў квадратных. Туалет, стол. Легчы на ложак удзень не дазваляюць. Калі прыляжаш, то могуць пакараць яшчэ 10 суткамі. Сабраць яшчэ тры парушэньні там не праблема. Там даволі холадна, нават летам. У іх мусіць быць цяпер зімовая форма адзеньня, але, мяркую, усё роўна там вельмі холадна. Харчаваньне як звычайным вязьням, капуста, суп, але я амаль ня еў, стараўся толькі абедаць і ўсё. Прагулак ніякіх няма. Не прыносяць карэспандэнцыі, лістоў, газэт — нічога. Раніцай і ўвечары прыходзіць праверка — і ўсё. Сядзіш у камэры адзін».

Паводле былых вязьняў, калі зьняволенага некалькі разоў запар караюць карцэрам, яго пераводзяць ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу — на некалькі месяцаў. Фактычна гэта той самы карцэр, але толькі што даюць магчымасьць ліставацца і могуць трымаць не ў адзіночнай камэры. Зьмешчанага ў ПКТ могуць судзіць у калёніі за сыстэматычныя парушэньні рэжыму і дадаць яму тэрмін альбо пагоршыць рэжым. Марына Адамовіч кажа, што пагаршэньне рэжыму ужо не абышло Статкевіча:

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч
«У яго ўжо атаварка на адну базавую велічыню, перадачы абмежавалі, піша заявы на тэлефонныя званкі да мяне, але адмаўляюць. Хаця напярэдадні заключэньня шлюбу мусілі б даць хоць пагаварыць».

Заключэньне шлюбу паміж Мікалаем Статкевічам і Марынай Адамовіч прызначана на 20 сьнежня. «Я паеду ў любым выпадку, а пусьцяць ці не, ня ведаю», — кажа Марына Адамовіч.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю мітынгу пратэсту супраць фальшаваньня выбараў. «Вярні народу тое, што скраў — выбары, а то мы прыйдзем і самі адбярэм», — казаў Мікалай Статкевіч у тэлеэфіры падчас перадвыбарных дэбатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG