Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы працоўнай міграцыі зь Беларусі?


Усё больш беларускіх грамадзян зьяжджаюць на заробкі ў іншыя краіны. Ці вялікія маштабы працоўнай міграцыі? Якая шкода ад гэтага беларускай эканоміцы? Якія існуюць мэханізмы процідзеяньні міграцыйнай тэндэнцыі?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і эканаміст Аляксандар Абуховіч.

Ці вялікія маштабы працоўнай міграцыі?


Валер Карбалевіч: «Праблема працоўнай міграцыі зь Беларусі ня новая. Зьяжджалі і раней як на Захад, так і на Ўсход. Прычым на Захад ехалі боль адукаваныя, кваліфікаваныя кадры. Гэта тое, што называецца „ўцечка мазгоў“. У Расею ехалі менш кваліфікаваныя працаўнікі.

Але сёлета працэс міграцыі павялічыўся. Вось апошняя лічба: у 2011 годзе зь Берасьцейскай вобласьці зьехала 16 тысяч будаўнікоў. Якія маштабы працоўнай міграцыі зь Беларусі? І работнікі якіх прафэсій найбольш зьяжджаюць?»

Барыс Жаліба: «Найбольш зьяжджаюць у Расею. Дакладнага ўліку мігрантаў няма. Нават мінулымі гадамі там працавала 0,5-1 млн беларускіх грамадзян. Гэта пераважна будаўнікі.

Сёньня міграцыя павялічылася. Бо рэзка ўпалі заробкі беларусаў у валютным вымярэньні. Цяпер сярэдні заробак у Беларусі — 258 даляраў. А ў Расеі сярэдні заробак — 667 даляраў. Але беларусы найбольш працуюць у Маскве, Падмаскоўі, Санк-Пецярбургу. А там будаўнікі зарабляюць 1-2 тысячы даляраў. Гэта падштурхоўвае эміграцыю».
Міграцыя беларусаў у Расею — гэта добра для нашай эканомікі.

Аляксандр Абуховіч: «Думаю, маштабы міграцыі менш, чым паўмільёна чалавек. Цяпер нашая эканоміка стаіць на зломе. Структура нашай эканомікі будзе мяняцца. Будзе вызвалена вялікая колькасьць працоўных. Таму міграцыя беларусаў у Расею — гэта добра для нашай эканомікі. А ў РФ вялікі дэфіцыт кваліфікаванай рабочай сілы. Нават у Паволжы працуюць беларусы і таджыкі, бо сваіх будаўнікоў няма».

Якая шкода ад працоўнай міграцыі беларускай эканоміцы?


Карбалевіч: «Вось спадар Абуховіч зазначыў, што міграцыя карысная для нашай эканомікі, бо паглынае лішнюю рабочую сілу. Плюс у краіну прыходзіць валюта ад працоўных мігрантаў. Ёсьць краіны, якія выжываюць у асноўным дзякуючы грошам, якія прысылаюць дадому працоўныя мігранты. Дык атрымліваецца, што ад міграцыі адна карысьць? І ці ёсьць шкода?»

Жаліба: «Адназначна, шкоды больш. Трэць нашых будаўнікоў зьехала ў Расею, утварыўшы дэфіцыт гэтых працаўнікоў у Беларусі. Калі працэс пойдзе так і далей, то сярод беларускага насельніцтва будуць пераважаць пэнсіянэры.

Карбалевіч: «Сапраўды, зьяжджаюць найперш адукаваныя, кваліфікаваныя, маладыя работнікі. Зьяжджаюць ня толькі будаўнікі, але працаўнікі нафтавай, мэталюргічнай прамысловасьці».

Абуховіч: «Заробак зьяўляецца часткай вартасьці рабочай сілы. Па вядучых і дэфіцытных прафэсіях адбылася індэксацыя заробкаў. Напрыклад, праграмісты маюць заробкі 8-12 млн рублёў.

Праз крызіс пачалася ломка структуры беларускай эканомікі. Гэта адбываецца па-за жаданьнем ураду. Я ведаю прадпрыемствы, якія засталіся без рабочых, бо яны зьехалі „шабашыць“ у Бранск. Але на гэтых заводах няма рэальнай работы. Бо ўлады штучна імкнуцца захаваць аджылую структуру эканомікі. Было б нармальна, каб на пэрыяд трансфармацыі частка работнікаў зьехала ў Расею. Потым, калі сытуацыя зьменіцца, заробкі ў Беларусі пачнуць расьці, яны вернуцца. Але ў нашай эканоміцы мы назіраем застой».

Карбалевіч: «Тыя работнікі, якія зьяжджаюць у Расею, могуць вярнуцца. А вось тыя, якія зьяжджаюць на Захад, наўрад ці».

Мэханізмы процідзеяньні міграцыйнай тэндэнцыі


Карбалевіч: «Якія існуюць мэханізмы процідзеяньні міграцыйнай тэндэнцыі? Вось Лукашэнка неяк заявіў, што тыя, хто імігруе за мяжу, павінны плаціць камунальныя плацяжы на 100%.

Эўрапейскія краіны выходзілі з сытуацыі дэфіцыту работнікаў за кошт мігрантаў зь іншых краін. Ці могуць сюды прыехаць кітайцы, таджыкі, грамадзяне іншых краін?»
У Расейскай Фэдэрацыі шмат суседзяў, якія з задавальненьнем едуць у гэтую краіну. А ў нашых суседзяў заробкі нашмат вышэйшыя.

Жаліба: «Каб людзі не зьяжджалі, трэба павысіць заробкі. Але ня так штучна, які гэта зрабілі ўлады перад выбарамі. Трэба сапраўды рэфармаваць эканоміку. А заява прэзыдэнта ня мела ніякіх практычных наступстваў. Такімі мэтадамі міграцыю не спыніць.

Дрэнная пэрспэктыва — запаўняць працоўныя месцы за кошт іншаземцаў. Мы ня можам пайсьці па шляху Расеі ў гэтым сэнсе. У Расейскай Фэдэрацыі шмат суседзяў, якія з задавальненьнем едуць у гэтую краіну. А ў нашых суседзяў заробкі нашмат вышэйшыя. Цяпер нават украінцы не паедуць сюды, хоць раней яны прыяжджалі працаваць у нашы калгасы».

Абуховіч: «Перад крызісам у нас было шмат свабодных рабочых месцаў нізкай кваліфікацыі. Найперш у сельскай гаспадарцы. Туды спрабавалі завозіць і цыган, і таджыкаў і іншых. Але толку ад гэтага было мала.

Вырашэньне праблемы — у рэфармаваньні эканомікі. Напрыклад, у Вялікай Брытаніі ў выніку рэформы прамысловасьць фактычна зьнікла. Цяпер там рабочая сіла працуе ў сфэры паслуг, найперш фінансавых. Яны працуюць на заказы з-за мяжы.

І ў Беларусі ёсьць прыклады, калі нашы інжынэрынгавыя фірмы выконваюць заказы з-за мяжы, у тым ліку з ЗША, Паўднёвай Карэі. Але гэта зусім іншая прамысловасьць.

Галоўнае багацьце Беларусі — чалавечы капітал, кваліфікаваныя кадры. Хоць інжынэрны корпус у значнай ступені дэградаваў. Усе экспэрты, у тым ліку з МВФ, кажуць пра рэформы. Але ўрад не рашаецца. Бо гэта балюча. Частка людзей страціць працу, і знайсьці новую працу па той жа спэцыяльнасьці не атрымаецца. Але іншага шляху няма. Хіба што стаць лімітрофам, то бок тэрыторыяй, якой карыстаюцца багатыя і моцныя суседзі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG