Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Безнадзейны дыягназ беларускай эканоміцы


Буйнейшыя аўдытарскія кампаніі сьвету, сярод якіх «Ernst&Young», «Deloitte», «PricewaterhouseCoopers», «KPMG», прызналі эканоміку Беларусі гіпэрінфляцыйнай.

Аналітыкі падкрэсьліваюць, што ў ХХІ стагодзьдзі гэта беспрэцэдэнтная зьява для Эўропы. Паводле афіцыйных дадзеных, базавая інфляцыя ад пачатку году склала 113%, а па выніках 2011-га можа перавысіць 120%. Аднясеньне эканомікі Беларусі да згаданага стандарту азначае, што кампаніі, якія працуюць паводле міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасьці, мусяць кіравацца пунктам № 29 «Фінансавая справаздачнасьць у гіпэрінфляцыйнай эканоміцы».

У справаздачы аўдытарскіх кампаній паведамляецца: ва ўмовах гіпэрінфляцыі прадстаўленьне справаздачнасьці па выніках гаспадарчай дзейнасьці і фінансаваму становішчу ў мясцовай валюце без пераацэнкі пазбаўленае сэнсу. Грошы страчваюць пакупніцкую здольнасьць так шпарка, што супастаўленьне атрыманых сум нават цягам аднаго справаздачнага пэрыяду робіцца немагчымым. Кіраўнік клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін кажа, што падобнага рашэньня трэба было чакаць:

Андрэй Карпунін
Андрэй Карпунін
«Гэта абсалютна прадказальна і мы былі гатовыя да гэтага яшчэ летам. Я наадварот нават зьдзіўлены, што яны прынялі такое рашэньне толькі цяпер. Згодна з 29-м стандартам, яны павінныя былі адрэагаваць, калі мы набліжаліся да 100% інфляцыі за тры гады. Улічваючы, што дата заканчэньня фінансавага году для Амэрыкі і Эўропы моцна адрозьніваюцца, то, склаўшы інфляцыю за тры гады па міжнародных стандартах фінансавай справаздачнасьці, яны павінныя былі прыняць яшчэ летам гэтае рашэньне. То бок, яно павінна было прымацца яшчэ да таго, як мы афіцыйна зафіксуем узровень 100%».

І хоць стандарт № 29 не вызначае лічбы ўзроўню інфляцыі, пасьля якога яна лічыцца гіпэрінфляцыяй, аднак існуе шэраг характарыстыкаў «памежнага стану»: захаваньне насельніцтвам грошай у іншай валюце ці перавод іх у нерухомасьці і рэчы; дазвол на гандаль таварамі і паслугамі ў СКВ; прывязка працэнтных ставак і заробкаў да індэксу коштаў; ваганьне ўзроўню інфляцыі ў межах 100% і г.д. У любым выпадку, як кажа фінансавы аналітык Андрэй Карпунін, праблемаў такая ацэнка беларускай эканомікі нясе вельмі шмат:

«Беларускія прадпрыемствы будуць вымушаныя перагледзець усю сваю справаздачнасьць гэтага году, што прывядзе да значных выдаткаў. Таму што пры афіцыйным прызнаньні нас краінай з гіпэрінфляцыяй, найперш, усе асноўныя сродкі неабходна будзе прапускаць праз незалежную ацэнку. То бок, тут замежныя акцыянэры, замежныя ўдзельнікі беларускіх кампаній пры прыняцьці справаздачаў ад сваіх беларускіх дачок абавязаныя запатрабаваць правядзеньне вось гэтай ацэнкі. То бок, справаздачнасьць павінна быць зробленая толькі на падставе ацэнкі. А гэта надзвычай вялікая праца і, натуральна, што ў прадпрыемстваў будзе вельмі шмат расходаў».

Экспэрты канстатуюць: аднясеньне эканомікі да гіпэрінфляцыйнай наўпрост уплывае на міжнародную рэпутацыю краіны, адварочвае ад яе патэнцыйных інвэстараў і пакідае сам-насам з унутранымі праблемамі. Па перакананьню аналітыкаў, кіраўніцтва Беларусі пасьлядоўна набліжалася да лягічнай разьвязкі. Друкарскі станок выдаваў столькі нацыянальнай валюты, колькі патрабавала не эканоміка, а прэзыдэнт і ўрад, у выніку чаго беларускі рубель страціў усялякую вартасьць. Гаворыць дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан:

Валянцін Лопан
Валянцін Лопан
«Урад і Нацбанк павінныя стаяць на варце нацыянальных інтарэсаў, як і запісана ў заканадаўстве, у Канстытуцыі. У тым ліку і на варце ўмацаваньня нацыянальнай валюты. Калі яны гэтага ня робяць, то павінныя растлумачыць — чаму».

Карэспандэнт: «Быў пэрыяд — гады тры таму, — калі рублю пачалі давяраць».

«Таму што быў стабільны курс. Усім зразумела: навошта мітусіцца, калі можна ўзяць беларускія рублі і, калі патрэбна, памяняць іх на валюту? Гэта проста тэхнічны бок справы. А калі да гэтага дадаць уласнасьць толькі за рублі, то тады рубель будзе ў цане. Самі людзі скажуць: навошта мне даляры, калі я за беларускія рублі магу купіць зямлю, дом, лецішча, акцыі. А за валюту — не. Тады рубель будзе цаніцца і курс у яго будзе зусім іншы. Цяпер беларускі рубель не забясьпечаны нацыянальным багацьцем краіны — шахтамі, заводамі, зямлёй, будынкамі. Таму што яны прадаюцца толькі за валюту. Прычым, як на побытавым узроўні, так і на дзяржаўным. Вось у гэтым праблема нашых нацыянальных грошай. А курс — справа тэхнікі».

Фінансавы аналітык Андрэй Карпунін падсумоўвае: апынуўшыся ў кампаніі гіпэрінфляцыйных краінаў, беларускаму кіраўніцтву давядзецца прыкласьці нямала намаганьняў, каб паспрабаваць адтуль выкараскацца. Па падліках экспэрта, у лепшым выпадку зрабіць гэта ўдасца не раней за 2015 год:

«Зараз, дзеля таго, каб разгрэбці гэтую сытуацыю, давядзецца прыкласьці шмат намаганьняў. Бо, трапіўшы ў сьпіс краінаў з гіпэрінфляцыяй, будзе вельмі складана потым адтуль выйсьці. Рэальна працэдура выхаду з гэтага сьпісу завершыцца зусім ня хутка. Цяпер мы закрываем толькі 2011 год, потым закрыем яшчэ 2012-ы, 2013-ы, і толькі пасьля закрыцьця 2014 году можна будзе пра нешта казаць. Іншымі словамі, толькі зімой-вясной 2015 году мы зможам зрабіць захады на вывад краіны са сьпісу дзяржаваў з гіпэрінфляцыяй. Таму што для аналізу і для ацэнкі бярэцца трохгадовы пэрыяд, і 2011 год якраз трапіць у гэтыя тры гады».

Пераарыентавацца на стандарт фінансавай справаздачнасьці ў гіпэрінфляцыйнай эканоміцы давядзецца перадусім экспартаарыентаваным прадпрыемствам і кампаніям з замежным капіталам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG