Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ў сацыяльных сетках пачынаецца рэвалюцыя


Мітынг супраць сфальсыфікаваных выбараў у расейскую дзярждуму, прызначаны на 10 сьнежня, падтрымалі больш за 30 тысяч чалавек у сацыяльных сетках. Яны выказалі сваё жаданьне паўдзельнічаць у акцыі. Радыё Свабода правядзе прамую відэатрансьляцыю на сваім сайце.

Акцыя набывае ўсё большую колькасьць прыхільнікаў. Арганізатары мітынгу (Анастасія Ўдальцова і група грамадзян) узгаднілі з маскоўскімі ўладамі час і месца мітынгу – 14 гадзін паводле маскоўскага часу, Плошча Рэвалюцыі. Заяўленая колькасьць удзельнікаў – 300 чалавек.

7 сьнежня аднак высьветлілася, што на плошчы Рэвалюцыі неабходна правесьці рамонтныя працы. З учорашняга дня на месцы плянаванага мітынгу працуе «Мосводоканал». Улады, у сваю чаргу, абяцаюць скончыць да суботы ўсе рамонтныя працы.

Намесьнік мэра Масквы Аляксандар Гарбенка ў інтэрвію «Эхо Москвы» папярэдзіў, што арганізатары павінны выконваць заяўлены фармат мітынгу. У прыватнасьці – колькасьць яго ўдзельнікаў: яна не павінна перавысіць 300 чалавек. Калі акцыя зьбярэ большую колькасьць людзей, яна будзе ацэньвацца як незаконная.

Аднак сустаршыня незарэгістраванай «Партыі народнай свабоды» (Парнас) Уладзімер Рыжкоў заявіў «Інтэрфаксу», што ініцыятары мітынгу ня могуць несьці адказнасьць за людзей, якія самастойна прынялі рашэньне прыйсьці 10 сьнежня на плошчу Рэвалюцыі.

Між тым, ужо больш за 20 тысяч карыстальнікаў Facebook і больш за 10 тысяч карыстальнікаў сацыяльнай сеткі «Вконтакте» націснулі кнопку «так» у адмыслова створаных групах, выказваючы намер узяць удзел у мерапрыемстве. І гэтыя лічбы растуць імкліва.

Бурна абмяркоўваецца зьмест лёзунгаў. Адна з ідэй – выкарыстоўваць белыя стужачкі ў знак падтрымкі акцыі.

Патрабаваньні мітынгу сфармуляваныя так:

1. Адмяніць вынікі выбараў у Дзярждуму і прызначыць новыя выбары на 4 сакавіка.

2. Прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці вінаватых у фальсыфікацыі службовых асоб.

3. Устанавiць, што новыя прэзыдэнцкія выбары праводзяцца не раней, чым праз 6 месяцаў пасьля парлямэнцкіх. Да гэтага выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта зьяўляецца прэзыдэнт дзейны.

4. Зарэгістраваць на працягу месяца ў Мінюсьце ўсе партыі, якім было адмоўлена ў гэтым за апошнія 5 гадоў.

5. Ліквідаваць антыканстытуцыйную дзяржаўную цэнзуру ва ўсіх фэдэральных СМІ, а таксама негалосную забарону на свабоду сходаў.

У Facebook пры гэтым актыўна распаўсюджваецца памятка ўдзельніку мітынгу, дзе выкладзеныя правілы «тэхнікі бясьпекі». У прыватнасьці, у гэтай інструкцыі сказана:

«Збіраючыся на мітынг, рыхтуйце, незалежна ад таго, ці дазволены ён ці не, наступнае: 1. Хустка палатняная. Хусткі папяровыя (2 шт.) Або сурвэткі ў цэляфанавым мяшэчку. Вільготныя сурвэткі. Сродкі асабістай гігіены (дзяўчатам). 2. Зараджаны запасны тэлефон. Тэлефоны бярыце, якіх не шкада. Пакладзеце на іх 200-300 р. 3. Запішэце ў тэлефон і на паперцы неабходныя вам тэлефоны: блізкіх, сяброў, мас-мэдыя. 4. Майце з сабой запасную сімку, бязь пінаў, з запісанымі тэлефонамі і хоць бы 100 р. на рахунку...»

І далей:

«Калі вас б'юць, крычыце, не саромеючыся, як мага гучней. 10. Апынуўшыся ў аўтазаку неадкладна адпраўце СМС. Калі тэлефануеце, рабіце гэта схавана, тэлефон могуць адабраць. Калі фоткаеце на трубу, усталюйце адпраўку на карту памяці, запарольце ўваход на вашыя сьпісы. 11. Удакладняйце, але ветліва, пасады імёны, прозьвішчы супрацоўнікаў паліцыі. Не крычыце, ня лайцеся, не пагражайце, будзьце выключна ветлівымі і карэктнымі...»

Сацыяльныя сеткі сталі для мільёнаў людзей крыніцай альтэрнатыўнай інфармацыі ў часе выбараў 4 сьнежня.

Сайт Радыё Свабода пачне прамую відэатрансьляцыю мітынгу ў 14 мск 10 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG