Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы Севастопальскага парку рыхтуюць рэфэрэндум


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
Ініцыятар мясцовага рэфэрэндуму Віктар Янчурэвіч падаў заявы на правядзеньне двух сходаў і пікету ў абарону Севастопальскага парку ў Менску. На сходах плянуецца сфармаваць ініцыятыўную групу, якая павінна атрымаць афіцыйны дазвол Цэнтрвыбаркаму на збор подпісаў за правядзеньне мясцовага рэфэрэндуму ў Першамайскім раёне.

Сходы па стварэньні ініцыятыўнай групы плянуецца правесьці 23 сьнежня ў актавай зале ЖРЭА на вуліцы Кедышка, а 28 сьнежня ў памяшканьні ЖЭС-30 на вуліцы Каліноўскага. Таксама пададзеная заяўка ў Менгарвыканкам на правядзеньне пікету 26 сьнежня.

Паводле Янчурэвіча, жаданьне ўвайсьці ў ініцыятыўную групу выказалі каля 40 чалавек. Ён спадзяецца, што ўдасца прыцягнуць у групу большую колькасьць грамадзянаў,перадае БелаПАН.

Барацьба жыхароў мікрараёна супраць плянаў гарадзкіх уладаў па рэканструкцыі Севастопальскага парку вядзецца з 1995 года. На тэрыторыі парку зьбіраюцца пабудаваць рэстаран, кафэ, сауну, фітнэс-цэнтар, аўтастаянку. Дзеля гэтага плянуецца высекчы больш за тысячу дрэў і закрыць артэзіянскія сьвідравіны, зь якіх забясьпечваецца вадой каля 300 тысяч жыхароў мікрараёна.

27 лістапада ў парку прайшоў несанкцыянаваны сход жыхароў мікрараёна «Усход-2», у якім узялі ўдзел каля 70-ці чалавек. Пасьля сходу, калі ў парку заставалася каля дзесяці чалавек, да іх падышлі прадстаўнікі Першамайскага РАУС. Яны сказалі Янчурэвічу, што папярэджвалі яго пра незаконнасьць сходу, і папрасілі ўсіх разысьціся. Ніхто ня быў затрыманы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG