Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра справу Віктара Шаўцова ў КДБ не паведамляюць


У КДБ Беларусі расьсьледуецца крымінальная справа адносна старшыні рады дырэктараў прадпрыемства «Белзамежбуд», кіраўніка назіральнага савета «Трастбанка» Віктара Шаўцова.

Супрацоўнікі КДБ і затрымлівалі вядомага беларускага бізнэсмэна, паведамілі БелаПАН у праваахоўных органах. Артыкул, па якім пачатая крымінальная справа афіцыйна не называецца.

Начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч у размове з карэспандэнтам «Свабоды» пакінуў гэтую інфармацыю адносна справы Шаўцова «без камэнтароў». Таксама ён не падаў ніякіх падрабязнасьцяў.

Па неафіцыйнай інфармацыі, Шаўцова затрымалі ў сярэдзіне кастрычніка — пачатку лістапада. Падставай для арышту маглі стаць праблемы кампаніі «Белзамежбуд», якая займаецца будаўнічымі праектамі ў Вэнэсуэле: нібыта вэнэсуэльскія партнэры злавілі беларусаў пры спробе выкрасьці дзьве тоны арматуры. Інфармацыя пра гэта прагучала падчас чарговага візыту ў Вэнэсуэлу памочніка прэзыдэнта Беларусі Віктара Шэймана, а ў далейшым пра скандал далажылі Аляксандру Лукашэнку.

Набліжаны да ўладаў Шаўцоў ўваходзіць у дзесятку найбольш уплывовых беларускіх бізнэсмэнаў. Акрамя будаўніцтва і фінансаў, ён мае актывы ў сумесным прадпрыемстве «МАЗ-МАН», «БМЕ-Дызель», музэі старадаўніх народных промыслаў «Дудуткі».

У першай палове 1990-х Віктар Шаўцоў заснаваў адзін зь першых прыватных банкаў — «Інфабанк» — і зь цягам часу ўвайшоў у шэраг камэрцыйных структураў, якім улады найбольш давяралі і з дапамогай якіх ажыцьцяўлялі не заўсёды афішаваныя камэрцыйныя зьдзелкі.

«Інфабанк» стаў перадатачным зьвяном у супрацоўніцтве Беларусі з шмат якімі праблемнымі рэжымамі. Так, у 2001 годзе акцыянэрам «Інфабанку» стаў Лібійскі арабскі банк, што спрашчала кантакты афіцыйнага Менску з палітычным ізгоем Муамарам Кадафі. Шчыльныя кантакты захоўваюцца з іранскім рэжымам Махмуда Ахмадзінэджада. Праз «Інфабанк» ішлі зьдзелкі зь ірацкім дыктатарам Садамам Хусэйнам, і нават за некалькі дзён да пачатку натаўскага бамбаваньня «Інфабанк» зьбіраў для журналістаў чартэр у Багдад. Але амэрыканская адміністрацыя абвінаваціла «Інфабанк» у адмываньні грошай, і банку, далучанаму да праграмы ААН па Іраку «Нафта ў абмен на харчаваньне», забаранілі любыя апэрацыі на тэрыторыі ЗША.

Тым ня меней вынікам міжнароднага скандалу стаў тэрміновы рэбрэндынг: замест «Інфабанку» на фінансавым рынку Беларусі зьявіўся «Трастбанк». Схаваная пад новай шыльдай старая структура ня толькі не спыніла сваёй экспансіі на міжнародным рынку, але шматкроць яе пашырыла. Экспарт паслугаў шматразова вырас са зьяўленьнем закрытага акцыянэрнага таварыства «Белзамежбуд» з доляй іранскага капіталу, у якім месца старшыні рады дырэктараў заняў усё той жа Віктар Шаўцоў.

Кампанія працуе ў Амане, Іране, Саудаўскай Арабіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Сырыі і г.д. Але найбольшыя маштабы дзейнасьці «Белзамежбуда» прыпадаюць на Вэнэсуэлу, дзе структура Шаўцова будуе заводы па зборцы аўтамабіляў МАЗ і трактароў «Беларус», узводзіць жылыя раёны і аграгарадкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG