Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарона сэксменшасьцяў будзе сярод прыярытэтаў палітыкі ЗША


Пра тое, што абарона правоў сэксуальных меншасьцяў стане адным з прыярытэтаў амэрыканскай зьнешняй палітыкі, гаворыцца ў дырэктыве, якую выдаў прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

Паводле «Голасу Амэрыкі», Барак Абама патрабуе ад урадавых ведамстваў зрабіць усё, што ад іх залежыць, каб дыпляматычная праца ЗША і дапамога, якая аказваецца замежным краінам, спрыяла абароне правоў лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў (ЛГБТ).

Прэзыдэнт выказаў «глыбокую заклапочанасьць» гвалтам і дыскрымінацыяй прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. Ён адзначыў, што ў шэрагу краін людзі зазнаюць крымінальны перасьлед за сваю сэксуальную арыентацыю, прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў зьбіваюць за ўдзел у мірных сьвяточных мерапрыемствах, а ў некаторых выпадках справа даходзіць да іх забойстваў.

Абама падкрэсьліў, што абарона правоў прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў адпавядае агульнай лініі на абарону правоў чалавека ва ўсім сьвеце, якую праводзіць Амэрыка.

У сваім выступе ў аўторак у Жэнэве, дзе месьціцца Рада ААН па правах чалавека, дзяржаўны сакратар ЗША Гілары Клінтан казала пра важнасьць абароны правоў геяў і лесьбіянак. Яна абрынулася з крытыкай на краіны, у якіх гомасэксуальнасьць крыміналізаваная, а на парушэньні правоў прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў не зьвяртаюць увагі.

«Ніякія традыцыі або звычаі ня могуць быць вышэй за правы чалавека, якія ўласьцівыя ўсім нам, — заявіла яна. — Гэта адносіцца і да гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці, крыміналізацыі іх статусу або паводзінаў, выгнаньне іх з сем’яў і мясцовых супольнасьцяў, маўклівага або адкрытага прыняцьця забойстваў прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў».

Абама запатрабаваў ад дзярждэпартамэнту і іншых ведамстваў весьці барацьбу з крыміналізацыяй ЛГБТ-статусу за мяжой, прадстаўляць абарону ўцекачам і шукальнікам палітычнага прытулку зь ліку прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці, а таксама «хутка і ясна» рэагаваць на «сур’ёзныя інцыдэнты», якія ставяць пад пагрозу правы сэксуальных меншасьцяў за мяжой.

Нацыянальная рабочая група па правах геяў і лесьбіянак назвала рашэньне адміністрацыі «першай стратэгіяй ўраду ЗША, накіраванай на барацьбу з парушэньнем правоў прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці за мяжой».

Пітэр Спрыг з Рады па дасьледаваньні сям’і ня згодны з рашэньнем Абамы. Паводле яго, прасоўваючы за мяжой «радыкальную ідэалёгію сэксуальнай рэвалюцыі», ён рызыкуе палітычным уплывам і рэпутацыяй Злучаных Штатаў:

«Прэзыдэнт Абама дзейнічае так, быццам бы права на гомасэксуальныя паводзіны ва ўсім сьвеце прызнана адным з правоў чалавека, але гэта проста ня так. У ніводнай дамове, у ніводным міжнародным дакумэнце, які мае шырокае прызнаньне, гомасэксуальныя паводзіны не абвяшчаюцца правам чалавека. Так што яго рашэньне заснавана на фікцыі».

Губэрнатар Тэхасу і адзін і патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі Рык Перы, заявіў, што прэзыдэнцкая дырэктыва зьяўляецца часткай «вайны супраць традыцыйных амэрыканскіх каштоўнасьцяў», якую вядзе адміністрацыя Абамы. На думку Пэры, Абама «палічыў, што цярпімасьць амэрыканцаў да розных стыляў жыцьця раўназначна іх ухваленьню такіх стыляў жыцьця».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG