Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф: «Гэта чарговы ўдар па грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі»


Дэпутатка Бундэстагу Ўта Цапф пракамэнтавала закрыцьцё напрыканцы году прадстаўніцтва фундацыі імя Фрыдрыха Эбэрта. Паводле яе, фундацыя вымушаная зьехаць зь Беларусі, нягледзячы на сваю выдатную працу. Гэткім чынам, лічыць нямецкая сацыял-дэмакратка, лукашэнкаўская ўлада яшчэ больш павялічвае ціск на беларускую грамадзянскую супольнасьць.

У заяве Ўты Цапф таксама адзначаецца: «Спыненьне дзейнасьці прадстаўніцтва — яшчэ адно сьведчаньне росту ізаляцыі краіны. Разам зь іншымі актуальнымі паведамленьнямі зь Беларусі гэты вельмі трывожны сыгнал аб далейшым абвастрэньні сытуацыі, якога мы так баяліся».

Фундацыя нямецкіх сацыял-дэмакратаў імя Фрыдрыха Эбэрта з галоўным офісам у Бэрліне працуе ў больш як ста краінах сьвету. У Беларусі прадстаўніцтва было адчыненае ў 1997. Па сёньняшні дзень гэта была адзіная афіцыйна прадстаўленая ў краіне замежная палітычная арганізацыя. Беларускае прадстаўніцтва падтрымлівала вялікую колькасьць кантактаў як з грамадзкімі арганізацыямі, так і зь дзяржаўнымі ўстановамі. Для прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў і афіцыйных ведамстваў рэгулярна ладзіліся сэмінары і круглыя сталы. Рашэньне аб закрыцьці было аб’яўлена нямецкім бокам тры гады таму ў сувязі са «зьменамі адпаведных умоваў у Беларусі і палітычнымі крокамі афіцыйных менскіх уладаў».
XS
SM
MD
LG