Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Аляксеева: «Сваім нахабствам гэтыя ўлады ўжо дасталі ўсіх»


Да 300 затрыманых пасьля акцыі пратэсту ў Маскве 5 сьнежня ў выніку разгону мітынгоўцаў 6 сьнежня дадаліся яшчэ 600. У Санкт-Пецярбурзе агулам за два дні ў паліцэйскія ўчасткі дастаўлена блізу паўтысячы чалавек, якія пратэставалі супраць фальшаваньня вынікаў выбараў. Паліцыя жорстка абыходзіцца з дэмакратычнымі актывістамі, зьбіваючы людзей у аўтазаках і ізалятарах. Расейскія праваабаронцы ўсё часьцей канстатуюць: мэханізм змаганьня з іншадумствам ўзяты зь беларускага досьведу.

У ліку дастаўленых у паліцэйскі ўчастак быў і лідэр партыі «Другая Расея» Эдуард Лімонаў. Пасьля трох гадзінаў «ідэнтыфікацыі» яго разам зь іншымі палітыкамі, уключна са сустаршынёй аб’яднанага руху «Салідарнасьць» Барысам Нямцовым і лідэрам «Яблока» Сяргеем Мітрохіным, адпусьцілі. Па словах Лімонава, сілавікі досыць ваяўніча рэагуюць на спробы людзей выказаць нязгоду з вынікамі галасаваньня ў заканадаўчы сход:

«Стаўленьне да людзей, як да быдла. Нас разглядаюць паводле прынцыпу „бабы яшчэ нараджаюць“. Зрэшты, у Беларусі маем тое ж самае. Але я ня зводзіў бы ўсё тупа толькі да сплянаванага „супрацоўніцтва“ сыстэмаў. Што атрымліваецца, тое атрымліваецца, не заўсёды гэта запраграмавана. Але бясспрэчна, што вучацца адзін у аднаго, глядзяць, прыкідваюць. Прыкладам, праходзіць такая мэтодыка — добра, бо калі праходзіць, значыць, можна ўжываць. Вось у суседзяў, у Беларусі прайшло, дык чаму ў нас ня пройдзе? І ў пэўным сэнсе праходзіць. Але скарацца на іх літасьць ніхто не зьбіраецца. Трэба годна несьці свой крыж, сваю палітычную ношу».

Кіраўніца Маскоўскай Хэльсынскай групы, вядомая дысыдэнтка Людміла Аляксеева актывізацыю пратэставых настрояў у Расеі, дзе працяглы час панаваў палітычны штыль, тлумачыць запозьненым прасьвятленьнем. На яе думку, да грамадзянаў Расеі нарэшце дайшло: рыхтуецца сцэнар вяртаньня ў таталітарнае мінулае, калі ад волі людзей ужо нічога не залежыць:

Вынікі былі вымушаныя скажаць, падганяць, каб на выхадзе хоць нешта атрымалася
«Яўка на выбарах была дастаткова высокая. Але пайшоў ня той народ, які галасуе за „Адзіную Расею“, бо тыя і раней хадзілі, — тыя, хто лічыць, што трэба галасаваць за тандэм, альбо тыя, хто паддаецца, калі іх туды гоняць. Чаму яўка прыстойная? Таму што народ устрывожыўся і пайшлі тыя, хто раней на выбары не хадзіў. І якраз яны галасавалі не за „Адзіную Расею“. Таму яўку, магчыма, таксама крыху прыбавілі, але наўрад ці істотна. А вось вынікі былі вымушаныя скажаць, падганяць, каб на выхадзе хоць нешта атрымалася. Дзеля таго, каб бачыць, што выбары зарганізаваныя да немагчымасьці, ня трэба было весьці спэцыяльнае назіраньне. Дастаткова проста жыць у гэтай краіне. Таму што сваім нахабствам ўлады ўжо дасталі ўсіх. Літаральна ўсіх».

Удзельнік апошніх акцый расейскіх дэмакратаў — прадстаўнік яшчэ савецкага культурнага андэрграўнду Арцемій Троіцкі. Ягоныя выступы выклікаюць бурную падтрымку ўдзельнікаў: Троіцкі актыўна падтрымлівае музыкаў, сьпевакоў, творчасьць якіх трапляе пад прыцэл уладаў. Дарэчы, неаднаразова ён выказваўся і адносна чорнага сьпісу рок-музыкаў у Беларусі:

«Я перакананы, што ў нашай краіне маецца вялізная колькасьць моцных, годных, сьмелых, вясёлых людзей. Дык будзьце вось такімі ўсе вы і няхай усе вашы сябры таксама будуць такімі. І тады цалкам верагодна, што ў сакавіку наступнага году ў нас нарэшце будзе сапраўднае сьвята. За Расею без жлабоў, за Расею бяз баязьліўцаў, за Расею без падлюкоў. Ура!».

Падзеі ў Расеі абвастрылі супярэчнасьці ў журналісцкім асяродку. Як і ў Беларусі, расейскія афіцыйныя мэдыі практычна ніяк не рэагуюць на масавыя акцыі апанэнтаў, затое расказваюць пра любы крок тандэму — прэзыдэнта Мядзьведзева і прэм’ера Пуціна. Палітычны аглядальнік, намесьнік галоўнага рэдактара радыёстанцыі «КоммерсантЪ FM» Станіслаў Кучар зьвярнуўся да калегаў з фэдэральных СМІ з просьбай згадаць пра сумленьне. Ці ў іншым выпадку — выкінуць узнагароды ТЭФІ за «лепшыя інфармацыйныя праграмы»:

У таталітарных рэжымах сытуацыі вельмі блізкія. Але рашэньне заўсёды прымае сам чалавек

«Шчыра кажучы, не хацелася б праводзіць ніякіх паралеляў, таму што ў дадзеным выпадку, у гэтым канкрэтным камэнтары, гаворка не аб уладзе як такой, а аб людзях. Зразумела, што нашы сытуацыі падобныя, іх можна параўноўваць з чым заўгодна. Зрэшты, у іншых таталітарных рэжымах сытуацыі таксама вельмі блізкія. Але рашэньне заўсёды прымае сам чалавек, таму ў дадзеным выпадку я зьвяртаўся да канкрэтных людзей».

Карэспандэнт: «Калі меркаваць па Беларусі, то каманды ідуць зьверху, людзі ў кадры — толькі рэтрансьлятары чужых ідэяў».

«Няважна, адкуль ідуць каманды, важна, адкуль ідзе энэргія. А энэргія сыходзіць знутры. Чалавек сам вырашае. Ніякі Лукашэнка, ніякі Пуцін ня могуць прыняць за чалавека рашэньне, што яму рабіць. Таму спадзяюся, што паколькі для абсалютнай большасьці калегаў, якія там працуюць, я фігура знаёмая, гэта ня будзе пустая справа. Паколькі прачытаньне толькі на сайце „КоммерсантЪ FM“ падыходзіць да 100 тысяч, а колькасьць лайкаў у „Фэйсбуку“ зашкальвае за 20 тысяч, сьведчыць, што рэзананс гэтая штука мела вялікі. Апроч таго, зварот перадрукавалі іншыя, уключна зь „Лентой“, „Эхом Москвы“. То бок інтарэс вялікі. І калі неяк хацелі б праігнараваць, то альбо самі прачытаюць ці пачуюць па нашым радыё, ці прачытаюць у навінах у інтэрнэце. Альбо проста сябры ці сяброўкі раскажуць».

Прадстаўнікі расейскіх дэмакратычных колаў плянуюць наступны маштабны мітынг у Маскве 10 сьнежня. Мяркуецца, што пратэст супраць узурпацыі ўлады ў руках Пуціна-Мядзьведзева будзе выказаны шырокай кааліцыяй. Апроч вядучых апазыцыйных партый, да акцыі зьбіраюцца таксама далучыцца беспартыйныя аўтааматары, якія хочуць ударыць па «Адзінай Расеі» аўтапрабегам з сымбалічнай фінішам на плошчы Рэвалюцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG