Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар «Крывінкі» выказаў недавер суду


Георгі Станкевіч
Георгі Станкевіч
У Бешанковіцкім райсудзе працягваецца разгляд справы Георгія Станкевіча, рэдактара самвыдатаўскай газэты «Крывінка». Яго вінавацяць у парушэньні парадку распаўсюду друкаванага выданьня.

Георгі Станкевіч падаў афіцыйны зварот да старшыні Бешанковіцкага райсуду наконт замены судзьдзі Вольгі Белавус. Два гады таму спадарыня Белавус ужо штрафавала рэдактара і выдаўца «Крывінкі» за незаконны распаўсюд газэты. Паводле таго судовага рашэньня, спадар Станкевіч мае права выдаваць газэту, але ня мае права яе распаўсюджваць. Таму ён вырашыў, што судзьдзя, якая ўжо прызнавала яго вінаватым па аналягічнай справе, ня можа аб’ектыўна разабрацца.

Старшыня суду адмовіла — адводу Вольгі Белавус не адбылося. Але яна сама вырашыла прыпыніць судовае пасяджэньне і накіраваць пратакол, складзены міліцыянтамі 5 лістапада, на дапрацоўку.

У той дзень Георгі Станкевіч распаўсюджваў «Крывінку» па паштовых скрынях жыхароў райцэнтру Бешанковічы. Па дарозе да хаты яго спынілі супрацоўнікі міліцыі, сказаўшы, што на яго ёсьць скаргі: маўляў, дзьве спадарыні напісалі заявы, што не выпісваюць «Крывінку», але знайшлі яе ў паштовых скрынях. У пастарунку быў складзены пратакол пра парушэньне парадку распаўсюду газэты. Судзьдзя ўбачыла ў гэтым дакумэнце супярэчнасьці: спадара Станкевіча вінавацяць у парушэньні заканадаўства пра сродкі масавай інфармацыі, але пратакол складзены як на парушальніка Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях.

Калі распачнецца суд паводле складзенага па другім разе пратакола, пакуль невядома.

У красавіку 2009 году спадара Станкевіча таксама затрымлівалі падчас распаўсюду «Крывінкі», і паводле аналягічнага абвінавачаньня яму быў прысуджаны штраф памерам 700 тысяч рублёў.

Газэта, у якой пішацца пра праблемы Бешанковіцкага раёну, выдаецца ўжо 4 гады і мае наклад 290 асобнікаў. Але выходзіць нерэгулярна — толькі тады, калі ў выдаўца і рэдактара бываюць на гэта грошы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG