Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Падаляк, зь якога зьдзекаваліся міліцыянты, абскардзіў вырак суду


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота
5 сьнежня актывіст «Моладзі БНФ» Андрэй Падаляк падаў скаргу ў абласны суд на пастанову Ленінскага суду Магілёва. 24 лістапада судзьдзя Станіслаў Шандаровіч прызнаў хлопца вінаватым у парушэньні грамадзкага парадку і аштрафаваў на 15 базавых велічыняў. Паводле выраку Падаляк у стане алькагольнага ап’яненьня не падпарадкоўваўся патрабаваньням міліцыі, мацюкаўся, чым прыцягваў увагу грамадзянаў.

На судзе Падаляк не прызнаў сябе вінаватым і заявіў, што затрымалі яго таму, што ён гаварыў па-беларуску. У пастарунку, сьцьвярджаў хлопец, міліцыянты праз беларускую мову яго зьбівалі й нават акунулі галавой ва ўнітаз. Зьдзекаваліся міліцыянты зь яго й таму, што ён не хацеў здаваць адбіткі пальцаў.

Як сьцьвярджае актывіст, у пратаколе судовага паседжаньня ня згадваецца ані прычына затрыманьня, якую ён называў, ані зьдзекі зь яго міліцыянтаў.

«Там напісана, што я размаўляў па тэлефоне з жонкай перад затрыманьнем, але не адзначана, што па-беларуску. Зразумела, што яны хочуць адвесьці ад гэтага ўвагу. Пра зьдзекі нічога таксама не сказана. Судзьдзя на гэта наагул ніякай увагі не зьвярнуў. Відавочна, што міліцыя цяпер нацкаваная такім чынам, што яна рэагуе на беларускую мову надзвычай агрэсіўна. Міліцыянты так навучаны прапагандай. Як толькі чуюць беларускую мову, то адразу —гэта апазыцыя, а там дзе апазыцыя, там праблемы. Таму, як загадваў спадар Вышэйшы, трэба ўсіх караць. Калі б нехта быў на падпітку й размаўляў па-расейску праблемаў не было б. Такіх выпадкаў процьма», — зазначае Андрэй Падаляк.

Андрэй Падаляк не адмаўляў у судзе, што быў выпіўшы, але паводзіў сябе адэкватна. Гэта пацьвердзіла й дапытаная судом фэльчар хуткай дапамогі, якую выклікалі, калі хлопцу стала кепска. Як ён кажа, у яго праблемы з сэрцам.

Андрэй Падаляк просіць абласны суд адмяніць рашэньне Ленінскага суду, бо судзьдзя Шандаровіч, заяўляе актывіст, аб’ектыўна не разгледзеў справу. Паводле яго, судзьдзя вынес вырак на падставе паказаньняў міліцыянтаў, якія «палічылі беларускую мову лаянкай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG