Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гары Паганяйла: Прысуд канчатковы, таму рэчавыя доказы можна не захоўваць


Гары Паганяйла
Гары Паганяйла
Ці законна тое, што рэчавыя доказы ў справе Зьмітра Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва будуць неўзабаве зьнішчаныя?

Вярхоўны суд, які асудзіў да сьмяротнай кары за тэрарызм Канавалава і Кавалёва, пастанавіў зьнішчыць большасьць рэчавых доказаў іх віны, уключна з тым, што было знойдзенае ў склепе Канавалава, дзе ён, паводле суду, вырабляў бомбы. Судзьдзя Аляксандр Федарцоў:

«Забраныя ў выніку ператрусаў 13-14 красавіка 2011 году ў падвале Каванавала 52-8 рэчы і прыборы — зьнішчыць. Забраны прымач прадаць для забясьпячэньня пазоваў».

Таксама будуць зьнішчаныя ўзоры грунту і рэчавыя доказы, знойдзеныя на месцах выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе і ў Менску ў 2008 і 2011 гадах, элемэнты бомбаў, якія разарваліся, і той, якая не разарвалася, інструмэнты і прылады з падвалу і кватэры Канавалава, сшыткі з запісамі, кампакт-дыскі, прадметы, знойдзеныя ў целах пацярпелых ад тэрактаў ды іншыя рэчы. Суд пастанавіў вярнуць бацькам Канавалава і Кавалёва іх дакумэнты, асабістыя рэчы і адзеньне, а таксама вырашыў захоўваць ў крымінальнай справе відэаматэрыялы, забраныя са станцый мэтро.

Наколькі законнае такое рашэньне?

Былы судзьдзя, праваабаронца Гары Паганяйла кажа, што суд мае права вырашыць лёс рэчавых доказаў пасьля заканчэньня судовага працэсу, у тым ліку і пастанавіць зьнішчыць тыя рэчавыя доказы, наконт якіх у суду няма сумневаў, бо праведзеныя ўсе неабходныя экспэртызы і сьледчыя дзеяньні. Прыкладам, праваабаронца згодны са зьнішчэньнем паражальных элемэнтаў, знойдзеных на месцах тэрактаў. Але Гары Паганяйла кажа пра супярэчлівыя высновы суду адносна таго, мог ці ня мог Канавалаў сабраць тыя бомбы.

«Калі нам казалі пра тое, што выбуховае прыстасаваньне было ўнікальнае, што яго нельга было сабраць у звычайных бытавых умовах, і што патрэбны былі асаблівыя веды для прыгатаваньня выбуховага рэчыва, тады ўзьнікаюць сумненьні, чаму гэтак вырашыў суд».

На думку Гары Паганяйлы суд не да канца вывучыў тое, ці мог Канавалаў зрабіць выбухоўку і саму бомбу паводле той тэхналёгіі, якую знайшлі ў ягоных сшытках і з тымі кампанэнтамі, якія ў яго былі. Таксама суд не правёў дасьледаваньне крыніц, зь якіх Канавалаў нібыта браў зьвесткі пра гэтыя тэхналёгіі. Калі будуць зьнішчаныя ўсе прылады і рэчы з падвалу Канавалава, правесьці такі экспэрымэнт будзе немагчыма, мяркуе праваабаронца. Гары Паганяйла заўважае, што прысуд Вярхоўнага суду нельга аспрэчыць у касацыйным парадку, судзьдзі не прадугледжваюць магчымасьць паўторнага разьбіральніцтва і таму вырашылі зьнішчыць пераважную большасьць рэчавых доказаў. Між тым, магчымасьць іх захоўваньня ў суду ёсьць.

«Існуюць паводле закону тэрміны даўніны захоўваньня крымінальных спраў і разам зь імі могуць захоўвацца і рэчавыя доказы, якія суд пастанавіў захоўваць».

На думку былога сьледчага пракуратуры Алега Воўчака выкананьне рашэньня аб зьнішчэньні рэчавых доказаў магчыма было адтэрмінаваць.

Алег Воўчак
Алег Воўчак
«Паводле закону, парушэньняў няма. Але ўлічваючы, колькі нюансаў і супярэчнасьцяў, маглі б прытрымаць выкананьне, тым больш яшчэ будзе вырашацца, памілаваць ці не памілаваць».

Паводле закону зьнішчэньне рэчавых доказаў можа пачацца ў любы момант, паколькі прысуд Вярхоўнага суду ўступіў у дзеяньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG