Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб


Нарадзіўся 25 верасьня 1938 году ў вёсцы Савічы, цяпер Дзятлаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Скончыў Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча (1959), юрыдычны факультэт БДУ (1967). Працаваў інспэктарам міліцыі Пліскага райвыканкаму Віцебскай вобласьці (з 1959), у органах унутраных спраў Віцебску і Віцебскай вобласьці (1962–1981). З 1981 – начальнік Упраўленьня аховы грамадзкага парадку МУС БССР, з 1985 – начальнік Упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму. У студзені 1985 году ўзначаліў апэратыўна-сьледчую групу па раскрыцьці наўмысных забойстваў жанчын на тэрыторыі Віцебскай вобласьці, якія зьдзяйсьняліся ў 1971–1985 гадах. У сьнежні 1985 году ўдалося выявіць і затрымаць злачынца Генадзя Міхасевіча, выхадца зь Мёрскага раёну. Былі даказаныя зьдзейсьненыя ім забойствы 43 жанчын. Сьледзтвам таксама было выяўлена, што па гэтай справе 13 чалавек былі незаконна асуджаныя, а Мікалай Цярэня прысуджаны да расстрэлу і расстраляны. Суд рэабілітаваў 12 незаконна асуджаных.

Генэрал-лейтэнант міліцыі – першы ў Рэспубліцы Беларусь (1993).

Абіраўся дэпутатам раённага, гарадзкога, абласнога Саветаў дэпутатаў (1973–1981). У 1990 годзе стаў дэпутатам ВС БССР XII скліканьня. Член Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, старшыня Сталай камісіі па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і барацьбы з злачыннасьцю. Пераабраны народным дэпутатам у 1995 годзе. Старшыня Вярхоўнага Савету (студзень 1994 – студзень 1996).

Пад старшынствам Грыба Вярхоўны Савет 15 сакавіка 1994 году прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Акадэмік грамадзкай Міжнароднай акадэміі кіраўнічых і арганізацыйных навук (1994), старшыня Беларускай Эўраатлянтычнай Асацыяцыі, член Беларускага Хэльсынскага камітэту. У 1996 годзе пераабраны дэпутатам Вярхоўнага Савету, сябра Камісіі міжнародных спраў. Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" (1996), першы намесьнік старшыні партыі (1999–2006). Пасьля сьмерці Генадзя Карпенкі ўзначальваў Нацыянальны выканаўчы камітэт (ценявы ўрад, створаны апазыцыяй). Падчас выбарчай кампаніі 2001 году ўзначаліў структуры незалежнага назіраньня за выбарамі. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году – у штабе кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна.

Каталік. Жанаты, двое дзяцей, двое ўнукаў.

Заслужаны юрыст РБ (1994). Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада".
XS
SM
MD
LG