Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму цікавыя парлямэнцкія выбары?


У панядзелак Аляксандар Лукашэнка абмяркоўваў выбары ў Палату прадстаўнікоў зь сьпікерам Савету Рэспублікі Анатолем Рубінавым. Якую палітычную функцыю будзе выконваць гэтая кампанія? Ці моцна асьцерагаюцца яе ўлады? Якой тактыкі варта прытрымлівацца апазыцыі?

Удзельнікі: палітоляг Юрый Чавусаў і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.

Якую палітычную функцыю будзе выконваць гэтая кампанія?

Валер Карбалевіч: «Ствараецца ўражаньне, што гэтыя выбары нецікавыя нікому: ані ўнутраным, ані вонкавым палітычным суб’ектам. Яны мала хвалююць Захад. Улады нічога не зьбіраюцца мяняць у гэтых выбарах. Ідэя ператварэньня праўладнай арганізацыі „Белая Русь“ у палітычную партыю, здаецца, згасла. Апазыцыя таксама ня мае выразнай тактыкі. Таму ўзьнікае пытаньне: якая палітычная роля гэтых выбараў?»


Юрый Чавусаў: «Сапраўды, яшчэ 3–5 месяцаў таму апазыцыйныя палітыкі, экспэрты ў сваіх стратэгіях разглядалі выбары ў Палату прадстаўнікоў як пункт адліку.

А цяпер беларускія ўлады згарнулі ўсялякія формы ўзаемадзеяньня з Захадам. Працэс вызваленьня палітвязьняў спынены. А гэта галоўная перашкода для ўдзелу апазыцыі ў выбарах. Таму сапраўды, здаецца, цяпер гэтыя выбары нецікавыя нікому, апроч палітолягаў і журналістаў.


Але ня выключана, што цягам году сытуацыя можа нечакана зьмяніцца. І парлямэнцкія выбары могуць стаць прадметам перамоваў паміж беларускімі ўладамі і зьнешнімі актарамі. Як ні дзіўна, такім зьнешнім актарам можа стаць і Расея.

Аляксандар Старыкевіч: «Выбары — гэта пытаньне фармальнай легітымнасьці. Бо калі краіна лічыць сябе дэмакратычнай, то парлямэнцкія выбары мусяць у ёй час ад часу адбывацца. Нават у СССР раз на некалькі год выбіраўся Вярхоўны Савет.


Цяпер, сапраўды, іншых пытаньняў да гэтых выбараў няма. Ніякіх падставаў лічыць, што выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць па нейкім іншым сцэнары, чым цяпер, не зьявілася. Нават спробы „Белай Русі“ ператварыцца ў партыю былі спыненыя адміністрацыяй прэзыдэнта».

Тактыка ўладаў


Карбалевіч: «Сапраўды, хоць сэнсу ў гэтых выбарах няма, але ўлады час ад часу пра іх узгадваюць. Магчыма, улады іх асьцерагаюцца. Бо любыя выбары, нават у савецкія часы — гэта момант крызісу легітымнасьці. Тым больш цяпер, ва ўмовах сацыяльнай напружанасьці. Адна справа, калі дасюль існавала рэальная падтрымка палітыкі ўладаў адноснай большасьцю. І іншая справа, калі такой большасьці цяпер няма».

Выбары — гэта такі момант, калі апазыцыя можа разгойдаць човен. Але ўлады могуць скарыстаць выбары, каб пераадолець дэфіцыт легітымнасьці
Чавусаў: «Сапраўды, выбары — гэта такі момант, калі апазыцыя можа разгойдаць човен. Але ўлады могуць скарыстаць выбары, каб пераадолець дэфіцыт легітымнасьці. Насельніцтва можа прыйсьці на выбарчыя ўчасткі, каб выказаць свой пратэст. Улады гэтым могуць скарыстацца, каб стварыць ілюзію выпусканьня пары. Калі апазыцыя ня будзе ў іх удзельнічаць, то выбары пройдуць ціха, незаўважна. І таксама незаўважна сфальсыфікаваныя».


Карбалевіч: «Працэс выпусканьня пары можа адбыцца тады, калі хоць у некаторых акругах насельніцтва выбера таго, каго хоча. Толькі ў гэтым выпадку ў выбарцаў можа зьявіцца адчуваньне, што „мы ім паказалі“. Калі ж прадстаўнікі ўлады перамогуць на ўсіх выбарчых участках, то на тле росту незадавальненьня гэта можа даць адваротны эфэкт. Пара ня выпусьціцца, а наадварот, зьбярэцца».

Чавусаў: «Гэта можа быць мэдыйны эфэкт. Выбарцы могуць быць пастаўленыя перад выбарам паміж двума прадстаўнікамі намэнклятуры. Ствараецца ілюзія выбараў і выпусканьне пары».

Старыкевіч: «Улады будуць пераконваць насельніцтва, што большасьць народу падтрымлівае ўладу, нягледзячы ні на якія дэвальвацыі. Таму сцэнар будзе звычайны. 110 дэпутатаў ад улады будуць выбраныя ў першым туры. Але ўсё можа памяняцца, бо сыстэма разгойданая».

Тактыка апазыцыі


Карбалевіч: «Якую тактыку возьме на ўзбраеньне апазыцыя? І ці будзе яна кансалідаваная? Дасюль апанэнты ўладаў займаюць такую пазыцыю: пакуль ёсьць палітзьняволеныя, мы ў выбарах ня ўдзельнічаем. Ці самая ўдалая гэта тактыка, калі насельніцтва моцна незадаволенае і гатовае слухаць апазыцыю?»

Верагодна, адзінай пазыцыі апазыцыйных арганізацый адносна выбараў ня будзе
Чавусаў: «У гэтым палітычным сэзоне апазыцыя адносна позна прыме рашэньне аб удзеле ці няўдзеле ў гэтай кампаніі. Апазыцыя чакае, бо невядома, наколькі ўстойлівае замірэньне з Расеяй. Ці магчымыя перамовы з Захадам?


Адзінай пазыцыі апазыцыйных структур, хутчэй за ўсё, ня будзе. Некаторыя арганізацыі заявілі, што будуць удзельнічаць у выбарах, нягледзячы ні на што. Гэта Партыя свабоды і прагрэсу, сацыял-дэмакраты на чале зь Ляўковічам. Паміж шасьцю ўдзельнікамі дэмакратычнай кааліцыі дасягнута згода, што іх пазыцыя адносна выбараў павінна быць кансалідаваная.

Незразумелая роля парлямэнцкіх выбараў у стратэгіі ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Падчас парлямэнцкіх выбараў 2008 году апазыцыя выкарыстоўвала іх дзеля зьмены выбарчага заканадаўства. І гэтая тактыка спрацавала, заканадаўства стала больш лібэральным. Цяпер стратэгіі пераменаў няма. Стратэгія Плошчы сябе дыскрэдытавала. Цяпер апазыцыя робіцца закладніцай тактычных падыходаў: вызваленьня палітвязьняў, падрыхтоўкі структураў, выжываньня».

Старыкевіч: «Сапраўды, верагодна, адзінай пазыцыі апазыцыйных арганізацый адносна выбараў ня будзе, нават калі ня браць пад увагу псэўдаапазыцыйныя структуры, кшталту групы Ляўковіча. Бо існуе дэфіцыт ідэяў, што рабіць. А ўдзел у выбарах больш-менш зразумелы. Таму дастаткова пару крокаў уладаў, напрыклад, вызваленьне палітвязьняў, каб настроі ў апазыцыі зьмяніліся. Але сёньня рана рабіць высновы, выбары пакуль не стаяць на палітычным парадку дня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG