Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нас каб мала зарабляць, трэба шмат вучыцца


За апошнія два тыдні кіраўнік краіны двойчы жорстка раскрытыкаваў навукоўцаў — і за неэфэктыўнасьць працы, і за тое, што навуковыя распрацоўкі не ўкараняюцца ў вытворчасьць, і за слабы ўзровень падрыхтоўкі дактароў і кандыдатаў навук.

Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі, Беларусі неабходна рыхтаваць штогод каля 70 дактароў навук і 400–500 кандыдатаў. Прычым колькасьць дактароў, якія абараняюцца, штогод скарачаецца. З пачатку 2011 году толькі 28 навукоўцаў абаранілі доктарскія дысэртацыі. Летась доктарскія дысэртацыі абаранілі 45 чалавек, у 2008 і 2009 годзе — па 53.

Ну колькі за доктарскую дадаюць? 900 тысяч? Ну гэта ж не такія ўжо вялікія грошы, 100 даляраў у эквіваленце
Кандыдат матэматычных навук, які працаваў над доктарскай, але вырашыў не абараняцца і дагэтуль працуе ў Інстытуце матэматыкі, выказаў такую думку:

«Па-першае, гэта не прэстыжна. Па-другое, мы жывем у краіне, дзе, каб мала зарабляць, трэба шмат вучыцца. Заробкі малыя, ніякіх ільготаў на жыльлё, а чалавеку ж трэба неяк жыць».

Карэспандэнтка: «Быццам бы за ступень даплачваюць?»

«Па-першае, сама па сабе сыстэма састарэлая. Ну колькі за доктарскую дадаюць? 900 тысяч? Ну гэта ж не такія ўжо вялікія грошы, 100 даляраў у эквіваленце».

Карэспандэнтка: «А моладзь прыходзіць?»

«Моладзь прыходзіць і сыходзіць. Усе ідуць працаваць у банкі, бо там нармальная зарплата, ці ў прыватныя прадпрыемствы».

Для таго каб абараніцца, навуковец павінен напісаць ня толькі дысэртацыю, але і манаграфію, прадставіць ня менш за два дзясяткі навуковых артыкулаў. А за гэта дадатак да заробку — 900 тысяч. У сярэднім доктар навук, прафэсар зарабляе 2,5–3 мільёны.

Экс-прэзыдэнт акадэміі навук Беларусі Аляксандар Вайтовіч кажа, што ў навуцы, як і ўва ўсёй краіне, цяпер шмат праблем, але ніхто ня хоча гэтыя праблемы абмяркоўваць і вырашаць:

«Замест гэтага — наезды. Ня так даўно адбыўся зьезд вучоных Беларусі. І што? Вынікаў для навукі — ніякіх. Піяр-акцыя амаль за два мільярды адбылася — столькі было патрачана на зьезд, а вынікаў — нуль!

Рэальна становішча сапраўды такое, што навука разбураецца. І кадрава, і на ўзроўні кваліфікацыі, і на ўзроўні падрыхтоўкі кадраў пасьля ўнівэрсытэтаў. Напрыклад, на факультэт фізыкі са школы прыходзяць вельмі слаба падрыхтаваныя студэнты, але іх залічваюць, таму што конкурсу няма і падрыхтаваных няма. А вынік — вельмі сярэдні ўзровень выпускнікоў унівэрсытэту. І ўсё гэта як ланцужок. Адно за адным».

Доктар фізыка-матэматычных навук, прафэсар Станіслаў Шушкевіч, што да крытыкі навукоўцаў кіраўніком дзяржавы, выказаў такое меркаваньне:

«Ён ня цяміць, што такое навука і што такое вучоныя. І тыя парады, якія ён дае, — гэта проста сьмеху варта. Ну, а сатрапы ўсе ківаюць галовамі. Гэта тое самае, каб я ставіў балет у тэатры опэры і балету. Трэба працаваць над праблематыкай. Прабачце, калі няма інвэстыцыяў у пэўны навуковы кірунак, ня можа быць там дасягненьняў на ўзроўні доктарскай. Доктарскія можна абараніць па пэдагогіцы (вы ж ведаеце, тут іх столькі, можна падумаць, што ўся Беларусь ператварылася ў пэдагагічны інстытут). Могуць быць па нейкіх гуманітарных навуках, якія славяць беларускую ідэалёгію. А па нармальных прыкладных навуках іх быць ня можа. Таму што трэба ўкладаць грошы ў тое, каб расьлі дактары на гэтай ніве».

Не павінна быць, каб навуковы супрацоўнік, кандыдат ці доктар навук, атрымліваў менш, чым сяржант міліцыі
А пры такім стаўленьні да навуковага патэнцыялу краіна наагул можа застацца без навукоўцаў. І не апошнюю ролю тут адыгрывае ня толькі заробак, але і прэстыж прафэсіі, кажа шараговы навуковы супрацоўнік Інстытуту матэматыкі:

«Калі дзяржава хоча, каб у яе былі навуковыя кадры, не павінна быць, каб навуковы супрацоўнік, кандыдат ці доктар навук, атрымліваў менш, чым сяржант міліцыі. Па-першае, тэрмін адукацыі абсалютна розны. Па-другое, кваліфікацыя абсалютна розная. Не таму, што сяржанту міліцыі зашмат, а таму, што кандыдату і доктару навук мала. Ня кажучы ўжо пра маладых спэцыялістаў».

Зараз фінансаваньне навукі складае 0,6–0,8% валавога ўнутранага прадукту, а ў савецкія часы гэтая лічба даходзіла да 2,5 працэнта, кажа экс-прэзыдэнт Акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч. І праблемы навукоўцаў нікога не цікавяць. Проста крытыкай становішча ня выправіш:

«Там жа праблемы не абмяркоўваліся і ніякіх захадаў не рабілася, каб арганізаваць абмеркаваньне гэтых праблем і пошук выйсьця са становішча. А перш-наперш трэба арганізаваць з навуковай грамадзкасьцю абмеркаваньне. Гэтага ніхто ня хоча рабіць. Наадварот, улада супрацьдзейнічае такому абмеркаваньню».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG