Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаслаў Сікорскі: Я баюся нямецкага бязьдзеяньня


Радаслаў Сікорскі
Радаслаў Сікорскі
Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі зьвярнуўся з драматычным заклікам да Нямеччыны ўратаваць эўразону ад падзеньня.

«Развал эўразоны стаў бы крызісам апакаліптычных памераў, які выйшаў бы за межы нашай фінансавай сыстэмы» – піша Сікорскі ў сёньняшнім выданьні Financial Times.

Падкрэсьліўшы, што Нямеччына мае найбольш карысьці ад эўразоны з усіх краінаў Эўразьвязу і што нямецкія банкі моцна спрычыніліся да цяперашняга фінансавага крызісу, калі «без аглядкі» набывалі рызыкоўныя аблігацыі, Сікорскі заключае:

«Што, як міністар замежных справаў Польшчы, я лічу самай вялікай пагрозай для бясьпекі і росквіту Польшчы ў апошні тыдзень лістапада 2011 году? Гэта не тэрарызм і гэта, безумоўна, не нямецкія танкі. Гэта нават не расейскія ракеты, якія прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў зусім нядаўна прыгразіў разгарнуць на мяжы Эўразьвязу. Найбольшай пагрозай для бясьпекі Польшчы быў бы крах эўразоны. Я патрабую ад Нямеччыны, каб яна, дзеля сябе і дзеля нас усіх, дапамагла эўразоне выжыць і расквітнець. Ніхто іншы ня зможа гэтага зрабіць. Я, верагодна, буду першым польскім міністрам замежных справаў у гісторыі, які гэта скажа, але я гэта скажу: Я баюся нямецкай магутнасьці менш, чым я пачынаю баяцца нямецкага бязьдзеяньня. Вы сталі неабходнай дзяржавай для Эўропы. Вы ня можаце адмовіцца ад таго, каб весьці за сабою іншых: не дамінаваць, а весьці іншых у прасоўваньні рэформаў».

Лідэры Эўразьвязу прынялі рашэньне стварыць адмысловы стабілізацыйны фонд 440 мільярдаў эўра, каб дапамагчы такім краінам эўразоны як Грэцыя і не дапусьціць фінансавага крызісу ў такіх краінах, як Італія і Гішпанія. Але, пакуль што, сытуацыя з напаўненьнем гэтага фонду няясная, паколькі Нямеччына не прыняла канчатковага рашэньня пра свой уклад.

Італьянская газэта La Repubblica напісала, што паводле нямецкіх фінансавых экспэртаў, падтрымка агульнай эўрапейскай валюты абыдзецца Нямеччыне ў 560 мільярдаў эўра на год. Газэта таксама сьцьвярджае, што ў Нямеччыне ўжо нібыта распрацаваны плян выхаду гэтай краіны з эўразоны. Кошты такога выхаду, піша La Repubblica, склалі б суму 225 мільярдаў эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG