Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курс – ранейшы: інфляцыя і дэвальвацыя


Аляксандар Лукашэнка адмаўляецца ад рынкавых рэформаў у эканоміцы і працягне ранейшы курс пры дапамозе ручнога кіраваньня. Напярэдадні ён раскрытыкаваў урад за спробы перагляду плянавых паказьнікаў на 2012 год і прыгразіў адстаўкай чыноўнікам, якія ставяць пад сумнеў эканамічную палітыку вышэйшага кіраўніцтва.

Лукашэнка загадаў Савету міністраў і Нацыянальнаму банку дапрацаваць праект прагнозу на наступны год з улікам росту валавога ўнутранага прадукту на 5,5% і інфляцыі ў межах 19–22%. Такім чынам, спробы асобных урадоўцаў, перадусім віцэ-прэм'ера Сяргея Румаса, пераканаць кіраўніка краіны ў небясьпецы інэрцыйнага сцэнару, пры якім Беларусі ў 2012-м пагражае новы віток інфляцыі з дэвальвацыяй, аналягічнай дзьвюм сёлетнім, плёну ня мелі. На перакананьне экспэртаў, у цяперашняй сытуацыі неабходны пераход да жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі і правядзеньне рэформаў у эканоміцы. Гаворыць фінансавы аналітык Аляксандар Муха:

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха
"Безумоўна, ёсьць рызыка далейшага зьніжэньня курсу беларускага рубля ў адносінах да асноўных замежных валют, і, уласна кажучы, менавіта таму патрабуюцца канкрэтныя дзеяньні, каб абмежаваць інфляцыйныя і дэвальвацыйныя працэсы. У першую чаргу задача грашовых уладаў заключаецца менавіта ў стрымліваньні інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў. Калі казаць пра інфляцыю, то на першым пляне павінна стаяць задача выхаду на ўзровень інфляцыі ня болей за 2,5–3% на месяц. Вярнуцца прынамсі ў такі дыяпазон, паколькі калі інфляцыя, як у верасьні, перавышае 13%, – гэта вельмі сур'ёзная праблема для ўсёй эканомікі, бо складана плянаваць бізнэс, падвышаецца ўзровень эканамічнай няпэўнасьці. Зараз лепш ахвяраваць нават у пляне грашовых прыбыткаў насельніцтва, бо калі ўдасца нармалізаваць сытуацыю, то пакупніцкая здольнасьць людзей, у тым ліку заробкі, таксама можа вырасьці. Гэта, канечне, у лепшым выпадку".

Аднак ад плянавага ці адміністрацыйнага рэгуляваньня эканамічных працэсаў улады адмаўляцца не зьбіраюцца. "Шокавай тэрапіі ў эканоміцы дапусьціць нельга", – заявіў Лукашэнка, паўтарыўшы, што асобныя дзеячы занадта захапіліся рынкавымі мэтадамі:

"Мяне сур'ёзна непакоіць тое, што ўрад сур'ёзна захапіўся рынкавымі рэформамі і намагаецца – мяркую, празь непаразуменьне – зьмяняць палітыку і праграмныя ўстаноўкі, якія былі прынятыя на апошнім Усебеларускім народным сходзе. Усе мы датычныя да той палітыкі, якая праводзілася і праводзіцца. Яшчэ раз падкрэсьліваю: палітыка праводзілася правільная і ў гэтым ключы будзе праводзіцца. Але прапаноўваць тую шокавую тэрапію, якую яшчэ ў 1990-я гады ўсе мы праходзілі і на чым апякліся тады – і мы, і нашы суседзі – сёньня недапушчальна. Нельга наступаць на тыя ж самыя граблі".

І хоць, як лічаць экспэрты, Лукашэнка сам жа і наступае на згаданыя граблі, падначаленым нічога не застаецца, як моўчкі ўхваліць прэзыдэнцкі плян далейшай будоўлі сацыяльнай мадэлі са шчодрай эмісіяй, падтрымкай дзяржпраграмаў і, як вынік, неўтаймаванай інфляцыяй і далейшым абясцэньваньнем беларускага рубля. Як кажа доктар эканомікі Генадзь Лыч, спадзяваньні на перамогу здаровага сэнсу ня спраўдзіліся:

"Відавочна, што чыноўнікі са зразумелых прычынаў будуць усё выконваць. Але чаго чакаць усім нам – сказаць цяжка. Як казаў адзін мудры чалавек, я аптыміст: лічу, што сёньня жыву лепш, чым буду жыць заўтра. Таму
А мы, як заўсёды, прамаўчым. Толькі і застаецца, што войкаць ...

прадчуваньні вельмі кепскія. Справа ў тым, што мы нават яшчэ ня вызначыліся з тым, якія ў нас галіны народнай гаспадаркі пэрспэктыўныя, а якія непэрспэктыўныя. А гэта ж асноўнае: якім сфэрам мы павінны забясьпечыць апераджальныя тэмпы разьвіцьця, а на якія павінны глядзець па прынцыпе — больш-менш разьвіваюцца, ну і дзякуй богу. Мы ж нават з гэтым ня вызначыліся. Замест таго, каб вырашаць стратэгічныя пытаньні, нашы кіраўнікі займаюцца дэмагогіяй. На жаль, што яны задумалі, тое і будзе зроблена. А мы, як заўсёды, прамаўчым. Толькі і застаецца, што войкаць".

Ва ўрадзе падлічылі: у выпадку рэалізацыі інэрцыйнага сцэнару эканамічнага руху – сцэнару, прапанаванага адміністрацыяй прэзыдэнта і цалкам падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам, – нацыянальная валюта ў наступным годзе можа абваліцца да 22 000 рублёў за даляр. А паколькі інфляцыя і дэвальвацыя ідуць поруч, то, як кажа дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан, лягічна іх стрымліваць, а не ствараць дадатковыя праблемы. Бо ў выпадку абясцэньваньня рубля насельніцтву нічога не застанецца, як узяцца за старое – зноў масава канвэртаваць рублі ў СКВ. І гэта замест таго, каб адкінуць амбіцыі і нарэшце пачаць умацоўваць нацыянальныя грошы:

Валянцін Лопан
Валянцін Лопан
"Адно з адным непасрэдна зьвязана. Валюты хопіць усім, каля яна ня будзе нікому патрэбная. Калі вам неабходна паехаць у адпачынак, у камандзіроўку, то вы купіце яе і паедзеце. У іншых выпадках яна проста не павінна нікога цікавіць. А ў нас яна патрэбная ўнутры краіны. Вы ж бачыце, можна заправіцца бэнзінам за валюту — цэньнік стаіць, палекавацца. Што гэта такое? Форменнае бязладзьдзе, што ўнутры краіны можна разьлічвацца замежнай валютай. Нельга так! Замежны інвэстар прыходзіць – калі ласка, купляй зямлю, купляй акцыі, але за беларускія рублі. Сваю валюту прадай на біржы, што ўмацуе рубель, а беларускімі разьлічыся. То бок наступнае, што трэба зрабіць, – гэта забясьпечыць нацыянальныя грошы нашым нацыянальным багацьцем. І найперш гэта тычыцца акцый. Чаму дзейнічае мараторый на адчужэньне акцый прадпрыемстваў? Прадавайце работнікам, прадавайце насельніцтву. Але за беларускія рублі. Так будзе нацыянальная валюта ўмацоўвацца".

Нацыянальны банк не прагназуе нават прыблізнай вартасьці беларускага рубля ў наступным годзе. На нарадзе ў прэзыдэнта старшыня Нацбанку Надзея Ермакова сказала, што ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі на 2012 год арыенціры па абменным курсе адсутнічаюць. З улікам захаваньня плянавай эканомікі і размытасьці арыенціраў эканамісты прагназуюць для грамадзянаў Беларусі чарговы складаны год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG