Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мех: працэс вылічэньня цаны на газ – "гэта закрытая інфармацыя"


"Газпром", які да канца году павінен стаць адзіным уладальнікам "Белтрансгазу", дамовіўся зь Менскам, што фіксаваная надбаўка на газ будзе 15,95 даляра з кожнай тысячы кубамэтраў, паведамляе расейская газэта "Коммерсант".

Журналісты спасылаюцца на праект міжурадавага пагадненьня Расеі і Беларусі пра ўмовы куплі-продажу акцыяў "Белтрансгазу" і яго далейшай дзейнасьці.

Дакумэнт плянуюць падпісаць 25 лістапада.

З 2013 па 2031 гады нацэнка будзе індэксавацца згодна з роўнем інфляцыі. Але гэтая нацэнка ня можа быць ніжэйшая за 11,09 даляра.

Колішні супрацоўнік Белтрансгазу Аляксандар Мех кажа: вельмі цяжка прагназаваць, як зьменіцца цана на газ для насельніцтва і прадпрыемстваў.

"Пра тое, якая нацэнка цяпер і якая была апошнімі гадамі, вам ніхто ня скажа. Працэс цэнаўтварэньня закрыты. Гэта закрытая інфармацыя", – кажа Мех.

"Якім чынам адбываецца цэнаўтварэньне? Да цаны газу, па якой ён закупляецца за мяжой, дадаюцца выдаткі на дастаўку. Гэта аплачвае "Белтрансгаз". Тады экспартаваны газ трапляе ў абласныя газавыя сеткі. І менавіта яны вызначаюць канчатковую цану газу. "Белтрансгаз" выконвае функцыю дастаўкі газу да гарадоў. А далей ужо аблгазы прымаюць паліва, бяруць грошы з прадпрыемстваў і са звычайных людзей", – дадае Аляксандар Мех.

Дамовы падпішуць 25-га лістапада


Кантракт на пастаўку прыроднага газу ад 2012 году і дамова куплі-продажу 50% "Белтрансгазу" будуць падпісаныя 25 лістапада.

"Гаворка ідзе пра пагадненьне, зьвязанае з купляй 50% дадатковых – па сутнасьці, усіх 100% – беларускага прадпрыемства "Белтрансгаз", і пагадненьне аб прынцыпах абгрунтаваньня цаны на газ і на тарыфы транзыту. І адначасова будзем падпісваць ужо кантракты на пастаўку газу і на транзыт газу праз тэрыторыю Беларусі", – заявіў намесьнік старшыні праўленьня "Газпрому" Валеры Голубеў.

Умовы газавага кантракту на 2012–2014 гады былі ўвязаныя з набыцьцём "Газпромам" 50% акцыяў "Белтрансгазу".

"Газпром" ужо валодае 50% акцый "Белтрансгазу", купіўшы іх за 2,5 мільярда даляраў паэтапна роўнымі часткамі на працягу 2007–2010 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG