Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды Расея вяртаецца да субсыдыяў беларускай эканоміцы?


Зьявілася інфармацыя, што наступным годам Расея будзе прадаваць Беларусі газ удвая таньней. У чым прычыны такой шчодрасьці Масквы? Ці зьвязана гэта з выбарчай кампаніяй? Чым павінна адплаціць Беларусь?

Удзельнікі: журналістка газэта «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак зь Менску і намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў з Масквы.

Тацьцяна Манёнак
Андрэй Суздальцаў
Валер Карбалевіч

У чым прычыны шчодрасьці Масквы?


Валер Карбалевіч: «Расейская газэта „Ведомости“ паведамляе, што прыродны газ для Беларусі ў 2012 годзе можа патаньнець амаль удвая, а з 2013 г. яго цана будзе прывязаная да ўнутрырасейскай. Меркаваная цана газу на 1 тысячу кубамэтраў — 150 даляраў (супраць цяперашніх 300). Гэта тое, чаго доўгія гады дамагалася беларускае кіраўніцтва. То бок у самы крытычны для Беларусі момант Масква вяртаецца да субсыдыяваньня беларускай эканомікі. Чым гэта патлумачыць?»

Тацьцяна Манёнак: «Газэта „Известия“ трохі па-іншаму трактуе сытуацыю. Паводле яе, газ для Беларусі будзе каштаваць звыш 160 даляраў за 1 тыс. куб м. Плюс транспартныя выдаткі, плата за захаваньне газу ў сховішчах і інш. Сярэднегадавы кошт газу для Беларусі гэтым годам складае 280 даляраў за 1 тыс. куб м. Таму казаць, што газ наступным годам будзе ўдвая таньнейшы, не зусім карэктна.

Пагадненьняў няма, таму складана абмяркоўваць гэтую тэму. Але відавочна, што Расея робіць саступкі. Чаму? Найперш таму, што Беларусь увайшла ў інтэграцыйнае аб’яднаньне, якое стварае Расея: Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору. Экспэрты падлічылі, што „Газпром“ у выніку гэтых зьніжак страчвае каля 3 млрд даляраў. Потым, дэманстрацыяй такіх ільготаў Расея імкнецца ўцягнуць Украіну ў згаданае інтэграцыйнае аб’яднаньне.
Дэманстрацыяй такіх ільготаў Расея імкнецца ўцягнуць Украіну ў згаданае інтэграцыйнае аб’яднаньне

Але гэтае пагадненьне пакетнае. Думаю, „Газпром“ паспрабуе атрымаць прыбытак на беларускім рынку. Калі ў 2006 годзе падпісвалася пагадненьне аб прыватызацыі „Газпромам“ 50% „Белтрансгазу“, то, каб кампэнсаваць свае страты, расейская кампанія атрымлівала маржу празь перапродаж газу беларускім суб’ектам гаспадараньня з дапамогай „Белпалівагазу“».

Карбалевіч: «Сп. Суздальцаў, вы і іншыя расейскія экспэрты адназначна цьвердзілі, што Расея прыняла цьвёрдае рашэньне паступова спыніць субсыдыі беларускай эканоміцы. Што пераход да рынкавых адносін зь Беларусьсю — гэта абсалютны трэнд і назад павароту ня будзе. Але апошняя інфармацыя сьведчыць, што мае месца адваротны трэнд. Як вы яго патлумачыце?»

Андрэй Суздальцаў: «Сапраўды, з 2008 году Расея праводзіла палітыку камэрцыялізацыі адносін з суседзямі па постсавецкай прасторы. Памылкай Расеі было тое, што не была дэмантавана саюзная дзяржава. Але хачу заўважыць, што датацыі Беларусі ніколі не спыняліся, проста зьменшыліся ў памерах. Увесь час Беларусь атрымлівала самы танны газ у рэгіёне.

Трэнд памяняўся з-за стварэньня Мытнага саюзу. Расея выконвае дамоўленасьці, якія яна дала на сустрэчы Мядзьведзева і Лукашэнкі ў сьнежні 2010 году. Гэта плата Беларусі за ўваходжаньне ў гэты саюз. Сумнеўна, што Менск прадасьць „Газпрому“ яшчэ 50% „Белтрансгазу“.

Нават з улікам зьніжак усё роўна цана на газ для Беларусі будзе ўдвая большая за ўнутрырасейскія цэны. Але Расея хутка паднімае ўнутраныя цэны, і праз колькі гадоў яны зраўняюцца.

І тут ёсьць пастка для Лукашэнкі. Масква гладка сьцеле, дае прэфэрэнцыі за ўваходжаньне Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору. Але калі Лукашэнка будзе выконваць падпісаныя пагадненьні аб узгодненай макраэканамічнай палітыцы, то ад беларускай эканамічнай мадэлі не застанецца нічога. Гэта такое вонкавае кіраваньне беларускай эканомікай. Лукашэнка ўсё падпісвае, але будзе выконваць толькі тое, што яму выгадна. Таму я чакаю канфлікту ўжо ў сакавіку наступнага году».

Чым павінна адплаціць Беларусь?


Карбалевіч: «Яшчэ на пачатку 2000-х гадоў Расея прапаноўвала прадаць ёй „Белтрансгаз“ і абяцала ўзамен прадаваць Беларусі газ па ўнутрырасейскіх цэнах. Тады гэта не ўдалося. Магчыма, цяпер будзе рэалізаваны такі варыянт?»
Лукашэнка ўсё падпісвае, але будзе выконваць толькі тое, што яму выгадна. Таму я чакаю канфлікту ўжо ў сакавіку наступнага году

Манёнак: «Тады, на пачатку 2000-х гадоў, „Газпром“ хацеў купіць „Белтрансгаз“ па балянсавым кошце, то бок за 600 млн даляраў. Калі б тады дамовіліся, то Расея б не падвышала так значна цану на газ. Думаю, цяпер Беларусь усё ж прадасьць „Газпрому“ яшчэ 50% „Белтрансгазу“ за 2,5 млрд даляраў. Невядома, ці гэтую плату „Газпром“ унясе адразу, ці часткамі.

Дарэчы, калі Пуцін казаў пра інтэграцыйную зьніжку ў цэнах на газ, то ён адзначыў, што гэта не падарунак, а плата за ўваход расейскіх кампаніяў на беларускі рынак. Думаю, што ў агульным пакеце завязаныя і нафтавыя пытаньні».

Карбалевіч: «Магчыма, пазыцыя Расеі тлумачыцца простай формулай: за статус імпэрыі трэба плаціць. Але тады навошта было ладзіць нафтагазавыя войны, якія ня толькі ўскладнілі адносіны паміж двума саюзьнікамі, але і паставілі на вушы ўсю Эўропу?»

Суздальцаў: «У той цане, па якой „Газпром“ купляе „Белтрансгаз“, закладзена схаваная датацыя. Бо „Белтрансгаз“ так шмат не каштуе. Я ўпэўнены, што расейскі бізнэс не атрымае свабоды на тэрыторыі Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG