Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Трэба ўносіць карэктывы, а не трымацца за колішнія рашэньні»


Сёньня Аляксандар Лукашэнка чарговы раз папярэдзіў урад пра тое, што не дапусьціць шокавых рэформаў. Ён таксама загадаў выконваць паказьнікі разьвіцьця эканомікі, прынятыя на так званым Ўсебеларускім народным сходзе, і не захапляцца рынкавымі мэтадамі рэгуляваньня. Што стане зь беларускай эканомікай, калі ўрад ды іншыя структуры ўлады будуць жорстка выконваць указаньні кіраўніка дзяржавы?

Сёньняшнія заявы Аляксандар Лукашэнка зрабіў на спэцыяльнай нарадзе, дзе разглядаліся прапановы ўраду і Нацыянальнага банку па праектах сацыяльна-эканамічнага прагнозу, бюджэту і асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2012 год.

Дзьве асноўныя тэзы з вуснаў Лукашэнкі на адрас ураду прагучалі так: урад «занадта захапіўся рынкавымі рэформамі» і «спрабуе зьмяняць палітыку і праграмныя ўстаноўкі, якія былі прынятыя на апошнім Усебеларускім народным сходзе». «Адыходзіць ад гэтай палітыкі нікому не дазволена» — падкрэсьліў Лукашэнка.

«Такія інструкцыі ўраду ўзаемавыключаюць адна адну» — канстатуе прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба:

«Таму што патрабуюць забясьпечыць высокія тэмпы росту ВУП. Але ж гэта немагчыма без рэсурсных рублёў, без эмісійных крэдытаў у рамках дзяржпраграм. Гэта найперш — будаўніцтва жыльля ды сельская гаспадарка. І калі ісьці гэтым шляхам, то барацьба з інфляцыяй зацягнецца ня толькі на наступны год, але і надалей.

Я думаю, што прапановы ўраду былі слушнымі, адносна радыкальнымі. Ураду не пазайздросьціш — як выконваць цяпер тое, што было калісьці запісана на Ўсебеларускім народным сходзе? За гэты час абставіны вельмі-вельмі сур’ёзна зьмяніліся. І таму трэба ўносіць карэктывы, а не трымацца за тое, што калісьці было запісана».

«Лукашэнку ня трэба палохаць людзей шокавай тэрапіяй» — адзначае эканаміст Дзьмітрый Балтунец:
Спробы спадара Лукашэнкі па-ранейшаму плянава кіраваць эканомікай альбо замарозіць цэны будуць мець толькі нэгатыўныя наступствы

«Шокавая тэрапія насамрэч часткова ў Беларусі ўжо адбылася. І спробы спадара Лукашэнкі па-ранейшаму плянава кіраваць эканомікай альбо замарозіць цэны будуць мець толькі нэгатыўныя наступствы. Таму я лічу, што ўрад павінен працягваць рэформы і нават рабіць іх больш радыкальнымі.

Рэйтынг Лукашэнкі падае. І таму ён спрабуе выправіць сытуацыю ў ручным рэжыме. Але гэта ў яго можа і не атрымацца. Таму што няма рэсурсаў для таго, каб краіна разьвівалася так, як гэта было ў апошнія 10–12 гадоў, калі Беларусь мела танныя рэсурсы з Расейскай Фэдэрацыі».

Сёньняшнія заявы ня сталі новымі для эканаміста Льва Марголіна:

«Па вялікім рахунку, ніхто нічога іншага ад Лукашэнкі і не чакаў. Бо верыць, што ён раптам ператворыцца ў рыначніка, гэта занадта наіўна. Іншая справа, да чаго прывядзе такі курс? Калі ня будзе ад Расеі такіх падарункаў, пра якія загаварылі сёньня, то нашу эканоміку чакаюць вельмі цяжкія часы. І тое, што мы бачым сёлета, параўнальна з гэтым будзе яшчэ кветачкамі. Бо як бы ні хацеў Лукашэнка, але перапісаць законы разьвіцьця эканомікі ён ня ў стане. Гэта не ўдавалася нікому, ня ўдасца і яму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG