Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Алесем Бяляцкім. Перапынак да 23 лістапада

абноўлена

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
22 лістапада ў судзе Першамайскага раёну Менску прайшло чарговае паседжаньне ў крымінальнай справе супраць кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна", віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага.

Бяляцкі заявіў, што ня будзе даваць паказаньні паводле новага абвінавачаньня, бо «па сваёй сутнасьці яно нічым не адрозьніваецца ад папярэдняга». Бяляцкі таксама адзначыў, што лічыць абвінавачаньне «неабгрунтаваным, што паказалі папярэднія паседжаньні суду».

Наступнае паседжаньне заплянаванае на 10.00 23 лістапада.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:17 0:00
Наўпроставы лінк



Стэфановіч: "Яшчэ больш пераканаўся, што гэтая справа мае выразна палітычны характар"


Намесьнік Бяляцкага па праваабарончым цэнтры "Вясна" Валянцін Стэфановіч, зазначыў, што сапраўдных доказаў віны Бяляцкага ва ўтойваньні даходаў у працэсе выяўлена не было: "Увогуле, што тычыцца ўсіх дакумэнтаў, то іх доказная база вельмі сумнеўная. Яны не завераныя пячаткамі ні банкаў, ні дзяржаўных органаў, якія іх выдавалі. Тым больш, што ёсьць ліст Мін'юста Літвы, у якім сьцьвярджаецца, што прадстаўленая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці. Гэтаму лісту суд таксама мусіць даць ацэнку".

Я ня бачу доказаў яго віны
Валянцін Стэфановіч кажа, што ён у судзе не пачуў галоўнага: чаму гэтыя грошы лічаць асабістым даходам Бяляцкага. Тым болей, што ў справе ёсьць лісты спонсараў, якія сьцьвярджаюць, што накіроўвалі грошы менавіта на праваабарончую дзейнасьць.

"Заўтра будзе выступ адваката, які акцэнтуе яшчэ больш увагу на гэтых супярэчнасьцях. А мае высновы такія: па-першае, я ня бачу доказаў яго віны, а па-другое, я яшчэ больш пераканаўся, што гэтая справа мае выразна палітычны характар, зьвязаная яна выключна з праваабарончай дзейнасьцю Алеся. Тыя дакумэнты КДБ, якія ў матэрыялах справы ляжаць, пра гэта таксама яскрава сьведчаць".


Перад пачаткам паседжаньня 22 лістапада
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:18 0:00
Наўпроставы лінк

10.11 На просьбу пракурора абвешчаны перапынак да 10.00 23 лістапада. На наступным паседжаньні пачнуцца спрэчкі бакоў.

10.10 Судзьдзя кажа, што адзін са сьведак не зьявіўся ў суд. Бакі лічаць, што працэс можна працягваць. Судовае сьледзтва абвешчана завершаным.

10.07 Адвакат просіць далучыць да справы пасьведчаньне ад Нарвэcкага Хэльсынкага камітэту пра тое, што грошы, якія пералічваліся на рахунак Бяляцкага, прызначаліся для праваабарончага цэнтру "Вясна".

Судзьдзя далучыў.

Пракурор зачытвае адказ Мін'юсту пра спробы рэгістрацыі "Вясны" і чаму было адмоўлена.

У дакумэнце напісана, што спробы зарэгістраваць праваабарончы цэнтар былі ў 2007 годзе і двойчы ў 2009 годзе. Прычыны адмоваў – неадпаведнасьць дакумэнтаў дзейнаму заканадаўству. Адказ Мін'юсту, згодна з просьбай пракурора, далучаны да справы.

10.01 Пракурор праводзіць допыт Бяляцкага паводле новага абвінавачаньня.

"Я асэнсаваў гэтак званае новае абвінавачваньне і прыйшоў да высновы, што па сваёй сутнасьці яно нічым не адрозьніваецца ад папярэдняга. І таму лічу непатрэбным даваць па ім паказаньні, паколькі я даваў паказаньні паводле ранейшага абвінавачаньня. Само абвінавачаньне я не прызнаю, лічу яго неабгрунтаваным, што паказалі папярэднія паседжаньні суду", – заявіў Бяляцкі суду.


10.00 Працэс аднавіўся.

9.55 У судзе амаль поўная заля: дыпляматы, праваабаронцы зь Беларусі і Расеі, палітыкі. Алесь Бяляцкі ў той жа кашулі, што і раней, але, адрозна ад папярэдняга паседжаньня, пастрыгся, чытае матэрыялы справы.


Водгукі прысутных на працэсе


Старшыня расейскага праваабарончага цэнтру "Мэмарыял" Алег Арлоў сачыў за ўсімі пасяджэньнямі суду над Алесем Бяляцкім. Гэтую справу ён таксама называе "абсалютна палітычнай" і бяздоказнай:

"На мой погляд, нават у рамках неправавых, па сутнасьці, прэтэнзіяў, вылучаных супраць Алеся, тут абвінавачваньне проста плыве і рассыпаецца".

Алег Арлоў параўноўвае беларускую сытуацыю з расейскай: "Канечне, трэба прызнаць, што сытуацыя з грамадзкімі аб'яднаньнямі ў Расеі значна лепшая. Дзякаваць Богу, мы пакуль яшчэ не пастаўленыя ў такія ўмовы, у якіх нашыя сябры і калегі пастаўленыя ў Беларусі. Праваабаронцаў у нас часам судзяць, але да такога, як тут, мы, дзякуй Богу, яшчэ не дайшлі".


Апрача праваабаронцаў, падтрымаць Бяляцкага ў суд прыйшлі пісьменьнікі. Намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Эдуард Акулін: "Я думаю, што гэта перасьлед за ягоную грамадзкую і палітычную дзейнасьць… Ужо на другі дзень пасьля арышту Алеся ад імя сакратарыяту і рады Саюзу пісьменьнікаў мы прымалі заяву ў падтрымку Алеся як сябра нашага саюзу, як таленавітага пісьменьніка, крытыка, былога дырэктара музэю Максіма Багдановіча і вядомага ў сьвеце праваабаронцы".

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў кажа, што Бяляцкі трымаецца ў судзе надзвычай годна: "Безумоўна, турма наклала свой адбітак, але ў яго тая самая ўсьмешка, тыя самыя вочы, дух яго, воля яго моцныя… Я знаёмы зь юнацтва з Алесем Бяляцкім і бясконца паважаю яго, захапляюся ім. Я лічу, што ён годны кандыдат на Нобэлеўскую прэмію міру".



16 лістапада пракурор Валеры Сайкоўскі выставіў Бяляцкаму новае абвінавачаньне. Паводле "Вясны", яно адрозьніваецца ад папярэдняга толькі фразай "у выкананьне раней заключаных дамоўленасьцяў". У астатнім — тое самае: ч.2 арт. 243 КК РБ (утойваньне даходаў у асабліва буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакараньне да сямі гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Зьміцер Лаеўскі, адвакат Бяляцкага, прасіў абвясьціць перапынак да 22 лістапада, каб азнаёміцца з новым абвінавачаньнем.

Судзьдзя — Сяргей Бандарэнка.
Адвакат — Зьміцер Лаеўскі.
Пракурор — Валеры Сайкоўскі.



Суд над Алесем Бяляцкім:
Дзень першы
Дзень другі
Дзень трэці
Дзень чацьвёрты
Дзень пяты

Суд над Алесем Бяляцкім пачаўся 2 лістапада.

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Яго ўтрымліваюць у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG