Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцеец абскарджвае пакараньне за маўклівую акцыю ў Вярхоўным судзе


Жыхар Берасьця Тарас Беражны падаў скаргу ў Вярхоўны суд на прысуд Ленінскага суду, паводле якога ён быў пакараны штрафам у 420 тысяч рублёў за ўдзел у маўклівай акцыі.

Тарас Беражны не зьяўляецца палітычным актывістам і кажа, што ў маўклівай акцыі ня ўдзельнічаў, а затрымалі яго выпадкова:

«У мяне, канечне, ёсьць сумненьні ў тым, што я перамагу. Бо палітыка нашай дзяржавы скіраваная на задушэньне ўсяго. Калі такое рашэньне прынялі ніжэйшыя суды, то я вельмі моцна сумняюся, што ў маёй справе будуць нейкія зьмены. 29 чэрвеня, калі была тая акцыя, я проста займаўся сваімі справамі, хадзіў па горадзе. Так атрымалася, што трапіў у гэты натоўп. Аднак потым мне прад’явілі нейкія фотаздымкі, што я быццам бы ўдзельнічаў. Хаця гэтыя здымкі ўвогуле датаваныя 28 чэрвеня. Потым міліцыянты ў судзе сьведчылі, што мяне бачылі, хаця я ўпершыню іх у судзе і пабачыў».

Прадстаўнік «Беларускага Хельсынскага камітэту» Ігар Маслоўскі зь Берасьця дапамагаў Тарасу Беражному складаць скаргі ў суды. Ён кажа, што ў гэтай справе варта будзе зьвяртацца і ў Камітэт ААН па правах чалавека, калі да гэтага дойдзе:

«Для нас гэта стратэгічная справа, калі мы дапамагаем пацярпеламу дабівацца справядлівасьці праз судовую сыстэму на ўсіх этапах. Мы лічым, што падчас маўклівых акцыяў людзей прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасьці незаконна».

Тарас Беражны быў затрыманы 29 чэрвеня на бульвары Касманаўтаў у Берасьці, калі там адбывалася маўклівая акцыя. 11 ліпеня Ленінскі суд Берасьця пакараў яго штрафам у 420 тысяч рублёў. Прысуд пацьвердзіў і Берасьцейскі абласны суд. Аднак вінаватым Тарас Беражны сябе не прызнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG