Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Саньнікава могуць перавесьці ў калёнію «Віцьба»


Калёнія «Віцьба-3»
Калёнія «Віцьба-3»
Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава мяркуе, што мужа адправяць адбываць пакараньне ў калёнію пад Віцебскам. Турэмная камісія вызначыла, што Зьміцер Бандарэнка ня стаў на шлях выпраўленьня. Кіраўніцтва Шклоўскай калёніі ніяк не адрэагавала на скаргі жонкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Марыны Адамовіч адносна парушэньняў тэхнікі бясьпекі ў калёніі.

Ірына Халіп атрымала ад мужа паштоўку, адпраўленую з Бабруйскай калёніі больш за тыдзень таму. Як вядома, цяпер экс-кандыдата трымаюць у Магілёўскай перасыльнай турме № 4, адваката да яго не дапускаюць. Пра тое, куды і калі перавядуць з гэтай турмы Андрэя Саньнікава, у адміністрацыі сваякам нічога ня кажуць. У абласной управе Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС паведамілі толькі пра тое, што Саньнікава перавядуць у адну з калёній Віцебскай вобласьці.

Ірына Халіп мяркуе, што яе мужа могуць зьмясьціць у калёнію пад Віцебскам «Віцьба-3»:

«Тут выбару няма. Тут застаецца толькі «Віцьба». Бо ў Віцебскай вобласьці толькі дзьве калёніі для тых, хто ўпершыню судзімы. Гэта Наваполацак і «Віцьба». Астатнія — Глыбокае і Ворша — гэта ўжо для тых, хто ня першы раз. Іншая катэгорыя. Такім чынам, застаецца толькі «Віцьба».
І трошкі пра сябе: бяз вас я не жыву

Паводле Ірыны Халіп, з Наваполацкай калёніі, дзе першапачаткова адбываў пакараньне яе муж, яго перавялі ў Бабруйск — таму што там ён «добра інтэграваўся». Рашэньне пра тое, дзе будзе далей адбываць пакараньне экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў, прымае ўсё ж не Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, а спэцслужбы, мяркуе Ірына Халіп. Жонка палітвязьня адзначае, што кожны этап з калёніі ў калёнію вельмі балюча адбіваецца на фізычным і маральным стане здароўя вязьня, і згодная, што этап можна параўноўваць з катаваньнем. Андрэй Саньнікаў пасьля арышту ў сьнежні 2011 году перажыў ужо тры этапы.

У канцы паштоўкі Андрэй Саньнікаў напісаў некалькі слоў пра сябе, паведаміла Ірына Халіп:

«І трошкі пра сябе. Двукроп’е. Бяз вас я не жыву».

Каардынатара «Эўрапейскай Беларусі», вязьня Магілёўскай 15-й калёніі Зьмітра Бандарэнку перавялі з мэдычнай часткі ў атрад пасьля лячэньня. Зьміцер паведаміў пра гэта ў кароткай тэлефоннай размове жонцы Вользе. Жонка палітвязьня адзначае, што раней дактары абяцалі пакласьці мужа на лячэньне на 2 тыдні, але чамусьці выпісалі раней — праз 11 дзён. У Зьмітра Бандарэнкі, які раней перанёс апэрацыю на хрыбетніку, зноў баліць сьпіна, а ня толькі нага, як раней. З-за гэтага яму выконваць усе патрабаваньні турэмнага рэжыму цяпер больш складана, чым да шпіталя:
Разумею гэтак, што вярнуліся мэтады, якія да іх ужывалі ў СІЗА КДБ

«Тады яму дазвалялі рабіць зарадку лежачы. А цяпер яму гэта забаранілі. То бок ён мусіць разам з усімі выходзіць на двор і стаяць паўтары гадзіны. І яшчэ ён мне сказаў, што зараз усё амаль як у першыя два месяцы. Разумею гэтак, што вярнуліся мэтады, якія да іх ужывалі ў СІЗА КДБ. Толькі ў іншым выкананьні».

Паводле зьвестак, у калёніі праходзіла паседжаньне камісіі, якая разглядала паводзіны вязьня і вырашыла, што Зьміцер Бандарэнка ня стаў на шлях выпраўленьня, паведаміла Вольга Бандарэнка.

Грамадзянская жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч атрымала адказы са Шклоўскай калёніі і Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў на скаргі адносна нявыдачы дакумэнтаў, якія неабходныя для заключэньня шлюбу паміж Статкевічам і Адамовіч. «Зноў адпраўляюць мяне па паперы, якія я прадстаўляць ня мушу, калі ўважліва вывучаць закон», — кажа Марына Адамовіч. Пры гэтым жонка палітвязьня адзначае, што з калёніі так і не адрэагавалі на яе скаргі на парушэньні захадаў бясьпекі на працоўным участку, дзе Мікалай Статкевіч быў траўмаваны — упаў, пашкодзіў руку і зламаў рабрыну.

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG