Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Элеанора Вецер


Элеанора Вецер у Аршанскім раёне ў экспедыцыі ў кастрычніку 1984 году.
Элеанора Вецер у Аршанскім раёне ў экспедыцыі ў кастрычніку 1984 году.
18 лістапада ня стала Элеаноры Вецер. Мастацтвазнаўца, адна са стваральнікаў Музэя старажытнай беларускай культуры, адна з ініцыятарак і аўтараў сямітамовага Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, актыўная ўдзельніца руху за нацыянальнае адраджэньне пакінула гэты сьвет пасьля цяжкай і працяглай хваробы на васьмідзясятым годзе жыцьця.

Яна нарадзілася 22 траўня 1932 году на Любаншчыне. Скончыла гістфак БДУ і працавала ў беларускім аддзеле Мастацкага музэю. Там зь ёй пазнаёміўся будучы прафэсар і знаны палітычны дзеяч, а тады апантаны мастацтвам малады фізык Юры Хадыка. Пры канцы 60-х разам з аднадумцамі яны на ўласныя сродкі пачалі ладзіць экспэдыцыі па Беларусі, каб зьбіраць і ратаваць ад канчатковага зьнішчэньня помнікі старажытнай нацыянальнай культуры. Спадар Хадыка прыгадвае:

«Тады мы перажылі стрэс такі — помнікі культуры ў Беларусі былі ў больш неахайным, больш недагледжаным стане, чым дзе-небудзь у іншых месцах. У той час і склаўся той калектыў, які зьядноўвала Элеанора Іванаўна, які стаў сэмінарам па вывучэньні старажытнай беларускай культуры. Потым мы далучыліся да экспэдыцыйнай дзейнасьці Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру і пачалі збор музэю. Музэй старажытнай беларускай культуры — гэта найвялікшы ўнёсак і Элеаноры Іванаўны, і ўсіх астатніх удзельнікаў экспэдыцый у скарбонку беларускай культуры. Музэй — гэта помнік Элеаноры Іванаўне. Яна вельмі шмат зрабіла для абуджэньня беларускай самасьвядомасьці ў сваім бліжэйшым атачэньні. Гэта потым пайшло хвалямі, пайшло па астатнім насельніцтве».
Музэй старажытнай беларускай культуры — гэта найвялікшы ўнёсак і Элеаноры Іванаўны, і ўсіх астатніх удзельнікаў экспэдыцый у скарбонку беларускай культуры

Такая дзейнасьць не засталася па-за ўвагай высокіх кампартыйных чыноў. У 1973 годзе з Масквы прыехала камісія. Вынікам яе цікаўнасьці сталася тое, што 8 чалавек звольнілі з Акадэміі Навук БССР «за нацыяналізм». У тым ліку і Элеанору Вецер. Калі хвалі барацьбы з нацыяналізмам крыху аціхлі, яна пачала працаваць у спэцыялізаваных навукова-рэстаўрацыйных майстэрнях Міністэрства культуры. Распавядае гісторык архітэктуры Ўладзімер Дзянісаў.

«Менавіта тады навісла пагроза над зьнішчэньнем гістарычнага цэнтру Менску. Элеанора Іванаўна тады сталася адным з аўтараў навуковай запіскі, якая даводзіла, што гістарычны цэнтар нашага гораду ўяўляе велізарную гісторыка-культурную каштоўнасьць. Гэтая запіска ёю разам з калегамі рыхтавалася для ЦК КПБ. Гэты дакумэнт быў адным з тых, якія тады спынілі канчатковае зьнішчэньне асноўных помнікаў сталіцы БССР».

Элеанора Вецер напісала сотні артыкулаў пра вартасьць помнікаў нацыянальнага мастацтва, дамаглася іх унясеньня ў сьпісы спадчыны, якая ахоўваецца дзяржавай, безьліч разоў распавядала пра старажытную беларускую культуру ў розных аўдыторыях. На адной з такіх лекцыяў апантаную руплівіцу пачуў менскі школьнік, будучы мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

«Яна вельмі шмат зрабіла як такі будзіцель. Абуджала нацыянальную сьвядомасьць у моладзі, яна натхняла яе. Сам я ўпершыню пазнаёміўся з Элеанорай Іванаўнай вось падчас акурат такой лекцыі публічнай у бібліятэцы імя Талстога ў Менску. Там было шмат будучых „талакоўцаў“, „майстроўцаў“, якія з захапленьнем слухалі яе беларускае слова і слухалі яе расповед пра наша старажытнае беларускае мастацтва. І гэта для дзясяткаў, калі ня сотняў, маладых людзей стала сапраўдным адкрыцьцём і перадвызначыла іхняе далейшае змаганьне за захаваньне нашай культурнай ідэнтычнасьці і перадвызначыла іхны прафэсійны выбар шмат у чым, у тым ліку і мой».

Пахавалі Элеанору Вецер 19 лістапада на Паўночных могілках Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG