Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У групе Дзьмітрыя Вуса ўжо больш за паўтысячы чалавек


Дзьмітры Вус
Дзьмітры Вус
Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Дзьмітрый Вус завяршае камплектацыю сваёй ініцыятыўнай групы, якая будзе зьбіраць подпісы за зьмену Выбарчага кодэксу. Безь перагляду выбарчага заканадаўства зрабіць будучыя выбары ў краіне празрыстымі і свабоднымі немагчыма, лічыць спадар Вус.

Дзьмітрый Вус паведаміў «Свабодзе», што ўжо больш за паўтысячы чалавек далі пісьмовую згоду ўвайсьці ў склад яго ініцыятыўнай групы. Яе стварэньне і затым афіцыйная рэгістрацыя ў Цэнтравыбаркаме — гэта самыя першыя крокі на няпростым шляху да мадэрнізацыі выбарчых правілаў:

«Потым ініцыятыўная група будзе зьбіраць подпісы за зьмяненьне Выбарчага кодэксу. Згодна з Канстытуцыяй 50 тысяч подпісаў выбарцаў дастаткова, каб выступіць з заканадаўчай ініцыятывай. Мы хочам сабраць тысяч 200–300 подпісаў, каб абудзіць грамадзкую думку на тое, што для Беларусі неабходна мець празрысты падлік бюлетэняў. І паказаць Эўропе, ЗША, Расеі, што толькі тады ў нас будзе легітымная ўлада, а не такая, як яна ёсьць цяпер».

Да тых, хто ўжо працаваў са спадаром Вусам падчас выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі, дадаліся і новыя актывісты. Ідэю, напрыклад, падтрымала і грамадзянская кампанія «Гавары праўду», сказаў «Свабодзе» яе лідэр — Уладзімер Някляеў:

«З той простай прычыны, што я не лічу любую справу, якая ідзе на карысьць будучыні (а гэта якраз той выпадак), не сваёй. Вус пачаў гэту справу не з нуля, ня сёньня. Гэта ягоны праграмны пасыл, мэсыдж грамадзтву. Ён жа з гэтым прыйшоў на прэзыдэнцкія выбары. І мы дамовіліся, што яго падтрымаем.
Вус пачаў гэту справу не з нуля, ня сёньня. Гэта ягоны праграмны пасыл, мэсыдж грамадзтву. Ён жа з гэтым прыйшоў на прэзыдэнцкія выбары

Тым больш што мы самі займаемся зборам подпісаў пад дзьвюма заканадаўчымі ініцыятывамі. І мы, дарэчы, хацелі зрабіць ініцыятыву пра зьмену выбарчага заканадаўства трэцім пунктам. Але вырашылі пачакаць, пакуль зь вязьніцы выйдзе Вус. Бо гэта ягоная ініцыятыва, і мы яе падтрымаем. Мы так і зрабілі».

Пра падтрымку ініцыятывы Дзьмітрыя Вуса кажа і іншы экс-кандыдат на прэзыдэнты сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі:

«Мы падтрымалі ідэю правядзеньня Народных сходаў. І мы ўзялі ў іх удзел, нягледзячы на тое, што скептычна ставіліся да колькасьці людзей, якія на іх прыйдуць.

Я лічу, што любую ініцыятыву, скіраваную на зьмену сытуацыі ў Беларусі, на заваяваньне свабоды, трэба падтрымліваць. Сама ідэя зьмены выбарчага заканадаўства, правядзеньня свабодных выбараў, — выдатная ідэя. Мы адназначна ня будзем выступаць супраць, а многія нашы рэгіянальныя лідэры і актывісты будуць дапамагаць у зборы гэтых подпісаў».

Між тым 18 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка ўжо абмяркоўваў пляны правядзеньня выбарчай кампаніі 2012 году ў Палату прадстаўнікоў са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. І заявіў пра недапушчальнасьць зьмяненьня выбарчага заканадаўства:

«Я б ня стаў разглядаць варыянты, як ад нас сёньня некаторыя патрабуюць, ломкі выбарчага заканадаўства. Гэта абсалютна непрымальна напярэдадні палітычнай кампаніі», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG