Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грэкі па-ранейшаму багатыя, гэта дзяржава ў іх зьбяднела»


Ганна Дзем'янюк, беларуска ў Грэцыі
Ганна Дзем'янюк, беларуска ў Грэцыі
Ганна Дзем’янюк, беларуска родам з Падляшша, жыве ў Атэнах, сталіцы Грэцыі. Нашаму радыё яна распавяла пра сваю працу, пра гэтую краіну і яе жыхароў ды пра цяперашні фінансава-эканамічны крызіс, які пахіснуў асновы эўразоны.

РС: Ганна, колькі часу вы жывяце ў Грэцыі?

Ганна: Упершыню я паехала туды ў 1991 годзе, калі была яшчэ зусім маладой. І з таго часу неяк зьвязалася з Грэцыяй. Потым былі невялікія перапынкі, каля я вярталася ў Польшчу. Але агулам, як думаю, я правяла ў Грэцыі каля 18 гадоў.

РС: Ці гаворыце па-грэцку? І ці ўмееце пісаць на гэтай мове?

Ганна: Умею гаварыць і магу таксама пісаць, хоць часам узьнікаюць праблемы зь пісаньнем, таму што грэцкая граматыка даволі складаная, і шмат што ў ёй трэба завучыць на памяць. І цяпер яшчэ я працую ў польска-грэцкім турыстычным бюро, дык на штодзень часьцей карыстаюся польскай мовай, чым грэцкай. Але я ня маю ніякіх праблемаў, каб дамовіцца з грэцкімі кліентамі ці напісаць нейкую пісульку ў іншую грэцкую фірму. Жывучы столькі часу ў Грэцыі, я хадзіла на розныя курсы, зьвязаныя з турызмам, ды на заняткі ва ўнівэрсытэце, так што моўных праблемаў для мяне няма.
РС: Пасьля якога часу вы адчулі, што можаце свабодна паразумецца з грэкамі?

Ганна: Я асабіста ніякіх праблемаў з мовай ня мела з самага пачатку. Палякі ці беларусы з Польшчы наогул ня маюць праблемаў з грэцкім вымаўленьнем, большыя праблемы маюць, напрыклад, украінцы або беларусы зь Беларусі, бо ім цяжка вымаўляць мяккае грэцкае «ль» – лямбду – зь якім людзі з Польшчы ня маюць ніякіх праблемаў. Пасьля трох месяцаў у Грэцыі я ўжо магла дамовіцца з грэкамі пры дапамозе фразаў тыпу «я хацець» і «ты зрабіць». А потым, вярнуўшыся ў Польшчу, я прачытала адну файную кніжку, польскі падручнік грэцкай мовы для студэнтаў аўтарства Марыі Баркоўскай. У мяне было шмат вольнага часу, і я сядзела над гэтай кніжкай каля трох месяцаў. За гэты час я прайшла курс грэцкай мовы, які ва ўнівэрсытэце цягнецца два ці нават тры гады. Гэтая кніжка мне шмат у чым дапамагла. Я стала гаварыць больш упэўнена. Але калі казаць пра больш дасканалае валоданьне мовай, калі нават самыя грэкі пачалі пытацца ў мяне, адкуль я родам – з Салонікаў ці з Крыту – дык яно прыйшло пасьля пяці або шасьці гадоў, праведзеных у Грэцыі. Я далей маю не зусім грэцкі акцэнт, але вось грэкі, калі яны пытаюцца ў мяне, ці я чужынка, робяць гэта з пэўным ваганьнем і сумневам у голасе... Ня хочуць пакрыўдзіць...
РС: Чым вы зараблялі і зарабляеце на жыцьцё ў Грэцыі?

Ганна: Я пачала з таго, што была нянькай двухгадовага хлопчыка ў адной грэцкай сям’і. Я жыла разам з гэтай сям’ёй, і ў мяне засталіся вельмі добрыя згадкі з майго першага занятку ў Грэцыі. Гэта былі вельмі добрыя людзі, тая сям’я. Потым я вярнулася ў Польшчу, дзе мне давялося моцна падумаць, што рабіць далей. Я ведала грэцкую мову і выдумала, што буду рабіць нешта зьвязанае з гэтай мовай. Маё першае турыстычнае бюро, зь якім я стала супрацоўнічаць, было ў Ольштыне, называлася яно «Glob», і гэта яно паслала мяне зноў у Грэцыю, як апякунку і выхавальніцу групы дзяцей на вакацыях. А праз год гэтае бюро паслала мяне ў Грэцыю як гэтак званага «рэзыдэнта» – я апекавалася ўсімі турыстычнымі групамі ў Грэцыі, якія туды высылала маё бюро, і дарослымі, і дзецьмі. Я там была шэсьць месяцаў штогод. Сэзон пачынаўся ў красавіку і канчаўся з канцом кастрычніка.

РС: Вам падабалася такая праца і такое жыцьцё – паўгода ў Грэцыі і паўгода ў Польшчы?

Ганна: Так, вельмі падабалася.

РС: А як гэта выглядала зь фінансавага боку? Вы добра зараблялі?

Ганна: На той час польскія турыстычныя бюро добра плацілі. Гэта былі кантракты на адзін сэзон, але бюро плацілі таксама і сацыяльную страхоўку кантрактнікаў. За грошы, якія я зарабіла летам, я магла пражыць зіму ў Польшчу практычна бязь іншых кантрактаў.
РС: Мы гаворым пра пэрыяд, калі вы ўжо працавалі ў Грэцыі зусім легальна, ці так? Бо ў 1991 годзе, як здаецца, вы працавалі ў Грэцыі нелегальна?

Ганна: Так, усе з Польшчы тады працавалі нелегальна. У 1991 годзе быў патрэбны ня толькі дазвол на працу, але і віза. Візы для грамадзян Польшчы Грэцыя адмяніла ў 1994 або 1995 годзе.

РС: Як жылося грэкам у 1995 годзе? Заможна? Бедна?

Ганна: Грэкам жылося ў 1995 годзе вельмі добра. Грэцыя была багатай краінай, і ўсё, калі можна так сказаць, тады ішло ўперад. Зрэшты, і цяпер грэкі вельмі добра жывуць. Грэкі – вельмі багатыя людзі. Гэта дзяржава ў іх зьбяднела і ня мае грошай. А самі грэкі маюць грошы, адно што цяпер гэтыя грошы ляжаць на рахунках у швэйцарскіх банках. Як пачалася ўся гэтая гісторыя з банкруцтвам грэцкай дзяржавы, дык грэцкія СМІ паведамілі, што з прыватных рахункаў у Грэцыі за два тыдні было выведзена за мяжу 8 мільярдаў эўра.

РС: Як гэта разумець? Вось людзі, якія працуюць у Грэцыі ў дзяржаўным, бюджэтным сэктары – яны адчулі неяк наступствы цяперашняга крызысу, ці не?

Ганна: Тут трэба трохі патлумачыць. Вось у Грэцыі працаўнікі дзяржаўнага сэктару – як, дарэчы, і прыватнага – за год атрымліваюць не дванаццаць, а пятнаццаць заробкаў. Напрыклад, адну дадатковую месячную зарплату яны атрымліваць пад Каляды ў сьнежні...

РС: Акрамя звычайнай сьнежаньскай зарплаты?

Ганна: Так. Гэта не абы-якое фінансавае ўліваньне. Бо калі хтосьці зарабляў 2 тысячы эўра, дык пад ялінку ён атрымоўваў яшчэ 2 тысячы, і яму гэтага хапала, каб кудысьці паехаць зь сям’ёй і правесьці калядныя сьвяты ў нейкім цікавым месцы, або проста прагуляць гэтыя грошы. Таму грэкам вельмі файна жылося...

РС: Вы сказалі пра тры дадатковыя зарплаты. Адна – пад Каляды, а дзьве іншыя?

Ганна: Другая была пад Вялікдзень. Праўда, гэта была толькі палова месячнага заробку. А трэцюю зарплату яны атрымлівалі на пачатак сэзону летніх адпачынкаў.
РС: І працаўнікі прыватнага сэктару таксама мелі гэтыя дадатковыя зарплаты?

Ганна: Працаўнікі прыватнага сэктару да гэтай пары іх маюць.

РС: Значыць, у бюджэтнікаў забралі гэтыя тры дадатковыя зарплаты, а ўсё іншае засталося па-старому?

Ганна: Не. Некаторым катэгорыям працаўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі абрэзалі зарплаты нават да 40 адсоткаў.

РС: То бок, калі хтосьці зь іх раней зарабляў 2 тысячы эўра на месяц, дык зараз атрымлівае 1200 эўра?

Ганна: Так. Абрэзалі заробкі ў дзяржаўным сэктары. Я ведаю, што абрэзалі па 200-300 эўра і зарплаты паліцыянтаў. Таксама пэнсіянэрам паменшылі пэнсіі. Фактычна, гэтыя рэдукцыі закранулі ў найбольшай ступені найбяднейшыя пласты грамадзтва.

РС: А ці гэтая неплатаздольнасьць дзяржавы перанеслася нейкім чынам і на прыватны сэктар?

Ганна: Так, шмат якія фірмы ў прыватным сэктары, асабліва зь вялікай колькасьцю працаўнікоў, зачыняюцца. Гэта відавочна.

РС: А як гэтыя ўсе пратэсты на вуліцах Атэнаў паўплывалі на турыстычны рух у Грэцыі? Ці замежных турыстаў у Грэцыі паменшала?

Ганна: Калі мець на ўвазе Атыку, гэта значыць, Атэны і ваколіцы, дык тут назіраецца стагнацыя ў турызьме. А вось Алімпійская рыўера, то бок паўночная частка Грэцыі і ўсе выспы – там усё працуе нармальна.
РС: Ці такія пратэсты, як у Атэнах, адбываліся ў нейкіх іншых гарадах?

Ганна: У Салоніках. У Грэцыі жыве каля 11 мільёнаў чалавек. Зь іх 1 мільён у Салоніках і 5 мільёнаў у Атэнах і Пірэўсе, якія па сутнасьці складаюць адну мэтраполію. Атэны і Салонікі надаюць тон усяму, што адбываецца ў Грэцыі.

РС: Вы сказалі, што грэцкім пэнсіянэрам абрэзалі пэнсіі. А мы яшчэ чулі, што ім павысілі пэнсійны ўзрост. Гэта праўда?

Ганна: Так, раней можна было ісьці на пэнсію ў 60 гадоў, цяпер – не раней, чым у 65. Але раней нярэдка здаралася, асабліва ў дзяржаўнай адміністрацыі, што людзі ішлі на пэнсію і ў 50 гадоў, і нават у 48. Там, так сказаць, вялося адмысловае летазьлічэньне, што тычыцца працоўнага стажу.

РС: Ці ў Грэцыі вялікае беспрацоўе?

Ганна: Паводле апошніх паведамленьняў у грэцкіх СМІ, беспрацоўе дасягнула 16%. З пасадаў у дзяржаўнай адміністрацыі звольнілі 100 тысяч чалавек і мяркуюць звольніць яшчэ 50 тысяч. Грэкі ў адміністрацыі пачынаюць працоўны дзень а восьмай раніцы, а ўжо а другой пасьля поўдня ідуць дадому.

РС: Чаму?

Ганна: Так у іх прынята на дзяржаўных пасадах. І ў міжчасе яны яшчэ маюць доўгі перапынак на тое, каб папіць кавы – каля паўгадзіны.

РС: Гэта неблагія пасады...

Ганна: Пагаджаюся. Але ўсё ж шмат маладых грэкаў зараз выяжджаюць за мяжу, бо яны ня могуць знайсьці сабе адпаведнай працы. Яны едуць галоўным чынам у Аўстралію, Канаду і Вялікабрытанію. Вось яны і пратэстуюць на вуліцах, паколькі ня бачаць для сябе шанцаў на нармальнае жыцьцё ў сваёй айчыне.

РС: Ганна, вось вы таксама падаліся за мяжу, бо ня бачылі для сябе нейкіх шанцаў у Польшчы. А цяпер? Ці вам ня рупіць вярнуцца дадому? Ці думаеце вы пра вяртаньне?

Ганна: Кожны дзень пра гэта думаю, з моманту, калі паехала ў Грэцыю першы раз.

РС: А вам усё роўна, куды вяртацца, абы толькі назад у Польшчу?

Ганна: Не, я хацела б вярнуцца на Беласточчыну, каб быць з блізкімі мне людзьмі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG