Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бок не дае дазволу на малы памежны рух з Польшчай


Лешэк Шэрэпка
Лешэк Шэрэпка
Польшча ратыфікавала ўсе дакумэнты, якія неабходныя для адкрыцьця малога памежнага руху зь Беларусьсю, і ўжо 14 месяцаў чакае такога ж кроку ад афіцыйнага Менску. Польская амбасада ў Беларусі не дае грошай апазыцыі, а найперш дапамагае беларусам, у якіх ёсьць праблемы са здароўем. Польшча не разумее, чаму беларускія ўлады хваравіта рэагуюць на «карту паляка». Пра гэта і іншае сёньня гаварыў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў Менску польскі амбасадар Лешак Шарэпка.

Пагадненьне аб памежным бязьвізавым руху грамадзян Беларусі і Польшчы значна спрашчае парадак перамяшчэньня жыхароў, якія жывуць у зоне да 30 кілямэтраў паабапал дзяржаўнай мяжы. Гэта жыхары Горадні, Берасьця, Жабінкі, Пружанаў і Маларыты, а з польскага боку — Бяла-Падляскай. Да таго ж і кошт спэцыяльнага дазволу ўтрая меншы за кошт візы — 20 эўра.

Аднак пагадненьне дагэтуль ня дзейнічае. Амбасадар Шарэпка тлумачыць:

«Мы завяршылі ўвесь працэс ратыфікацыі яшчэ ў верасьні 2010 году. І перадалі ўсе дакумэнты беларускаму боку. Празь месяц пасьля таго як бакі абмяняюцца гэтымі дакумэнтамі, пагадненьне пачынае дзейнічаць. І зь верасьня мінулага году мы ўсё чакаем дакумэнтаў ад беларускага боку. Такім чынам, наша чаканьне цягнецца ўжо 14 месяцаў».

Лешак Шарэпка лічыць, што ў гэтым пагадненьні Беларусь павінна быць зацікаўленая болей за Польшчу:
Ня так даўно наш прэзыдэнт прыяжджаў на мяжу ў горад Кузьніца-Беластоцкая, дзе сказаў, зьвяртаючыся да беларускага боку: „Давайце паскорым гэты працэс“. Але ж дагэтуль усё чакаем

«Я хацеў бы нагадаць, што гэты дакумэнт больш выгадны і больш зручны для беларусаў. Бо ў гэтую 30-кілямэтровую зону ўваходзяць з вашага боку два буйныя гарады — Берасьце і Горадня. А гэта ж некалькі сотняў тысяч чалавек. Мы неаднаразова зьвярталіся да беларускай улады, каб паскорыць працэс. Ня так даўно наш прэзыдэнт прыяжджаў на мяжу ў горад Кузьніца-Беластоцкая, дзе сказаў, зьвяртаючыся да беларускага боку: „Давайце паскорым гэты працэс“. Але ж дагэтуль усё чакаем».

Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што за нежаданьнем беларускага боку даць «зялёнае сьвятло» пагадненьню стаяць палітычныя матывы:

«Хутчэй за ўсё, гэтаму перашкаджаюць палітычныя абставіны. Мяркую, што беларускія ўлады ня вельмі хочуць, каб болей людзей маглі езьдзіць у Эўразьвяз і бачыць, якое там жыцьцё».

Карэспандэнт «Свабоды» спытаўся пра стаўленьне амбасадара да зьмяненьня беларускага заканадаўства, згодна зь якім наяўнасьць у грамадзяніна Беларусі «карты паляка» робіцца законнай падставай для звальненьня яго зь дзяржаўнай службы. Лешак Шарэпка згадаў, што «карта паляка» дзейнічае на ўсёй тэрыторыі былога СССР, аднак нідзе няма такіх праблемаў, як у Беларусі:

«Я не разумею, чаму беларускі ўрад так нэгатыўна на гэта рэагуе».

У амбасадара спыталіся, ці дапамагае амбасада беларускай апазыцыі?

Адказ дыплямата прагучаў так:

«Апазыцыі, у сэнсе — палітычным партыям, мы ніколі не дапамагаем. Гэта ня ў нашай кампэтэнцыі. З тымі праектамі, якія мы робім, можна пазнаёміцца на сайце МЗС. Часткова мы дапамагаем і праз нашу амбасаду ў межах „малых грантаў“. І гэтая дапамога ідзе розным недзяржаўным арганізацыям. Мабыць, вы ня ведаеце, але сёлета мы завяршылі праект абсталяваньня сучаснай мэдычнай апаратурай паліклінікі ў Гомелі. Мы патрацілі на гэта 40 тысяч эўра. І гэтая апаратура працуе цяпер на карысьць беларускіх дзяцей, якія маюць праблемы са слыхам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG