Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Міхалевіч выступае на слуханьнях Хэльсынскай камісіі ЗША


Эмблема Хэльсынскай камісіі
Эмблема Хэльсынскай камісіі
У Вашынгтоне сёньня адбываюцца слуханьні Хэльсынскай камісіі ў справе Беларусі. Слуханьні засяроджваюцца на тым, як ўплывае перасьлед апазыцыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году на жыцьцё як саміх ахвяраў перасьледу, так і беларускага грамадзтва ў цэлым.

На слуханьнях, акрамя сяброў Камісіі, выступаюць былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Алесь Міхалевіч, Роджэр Патоцкі з Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі і С'юзэн Корк зь няўрадавай амэрыканскай арганізацыі «Freedom House».

У Хэльсынскую камісію ЗША ўваходзяць 9 прадстаўнікоў Сэнату, 9 прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў і 3 прадстаўнікі ўраду ЗША. Камісія, створаная ў 1976 годзе, выводзіць сваю назву ад гэтак званага Хэльсынскага заключнага акту, які падпісалі ЗША, Канада і эўрапейскія дзяржавы ў Хэльсынкі ў 1975 годзе ў завяршэньне канфэрэнцыі аб бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.

Алесь Міхалевіч — абвінавачваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году. Ён быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня. 19 лютага яго адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд.

28 лютага Міхалевіч правёў прэсавую канфэрэнцыю, на якой паведаміў, што быў вызвалены пасьля таго, як даў згоду стаць агентам КДБ. На такі крок, растлумачыў палітык, ён вымушаны быў пайсьці «з-за жудасных умоў утрыманьня ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаваньні».

У сакавіку Міхалевіч таемна выехаў зь Беларусі, патлумачыўшы гэта «рэальнай пагрозай», і празь некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG