Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля ўступленьня Расеі ў WTO Беларусь захлынецца танным імпартам


Кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі спадзяецца да канца году стаць чальцом Усясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO) і спакушае дзейных сябраў ня толькі доступам на ўласны рынак, але і наўпроставым выхадам на Беларусь і Казахстан.

Паводле прэм'ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна, дзяржавы-ўдзельніцы WTO атрымаюць магчымасьць працаваць на ўсёй прасторы Мытнага саюзу, што адчыняе для іх дадатковыя пэрспэктывы. Тым ня меней, адзначаюць экспэрты, такі сцэнар нявыгадны якраз Беларусі ды Казахстану, якія мусяць падзяляць абавязаньні WTO па ўмовах імпарту, але ня будуць мець перавагаў у галіне экспарту.

Кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін выказаў перакананасьць, што ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю адкрые шырокі доступ да рынкаў Беларусі і Казахстану на правілах арганізацыі:

"Мы выбудоўваем нашы інтэграцыйныя аб'яднаньні — Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору — на прынцыпах WTO. І ў гэтай сувязі, калі скончыцца працэс далучэньня Расейскай Фэдэрацыі да WTO ў сьнежні, а казахстанскія і беларускія партнэры яшчэ ня будуць прынятыя ў арганізацыю, то астатняя частка сьвету можа спакойна працаваць на прынцыпах WTO на ўсёй прасторы Мытнага саюзу. Я лічу, што гэта вялізны плюс і для эканомік партнэраў унутры Адзінай эканамічнай прасторы, і для партнэраў звонку".

Такім чынам, нават бліжэйшыя саюзьнікі сумняюцца, што ў хуткай пэрспэктыве варта чакаць уступленьня ў WTO разрэклямаванай "мытнай тройкай". Да таго ж, для Беларусі пэрспэктыва сяброўства ў WTO апынулася ўвогуле пад вялікім пытаньнем, бо ўва ўмовах эканамічнай нестабільнасьці такі варыянт быў ці не адзінай магчымасьцю стаць сябрам арганізацыі. Між тым прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных кажа, што Беларусь не адмаўляецца ад ранейшых амбіцыяў, працягваючы кансультацыі па трох кірунках — як асобна, так і ў зьвязцы з Расеяй і Мытным саюзам:

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
"Тое, што Расея цяпер рухаецца, гэта працуе на працэс уступленьня ўсіх трох дзяржаў. Увогуле ў нас існуе стратэгічнае рашэньне на ўзроўні прэзыдэнта аб сумесным уступленьні ў WTO. Што гэта азначае? Была спачатку думка пра тое, што мы ўступаем адной мытнай тэрыторыяй, Мытным саюзам. Калі прайшлі кансультацыі з краінамі-сябрамі WTO (а WTO — гэта клюб, дзе ўсё вызначаюць не заканадаўчыя рэчы, а простыя перамовы зь сябрамі), то ў выніку было прынятае рашэньне: найбольш аптымальны трэк на ўступленьне — тры паралельныя працэсы, але ўзгодненыя па ўмовах і набліжаныя па часе. Уласна кажучы, тое, што цяпер і адбываецца. То бок мы кансультуемся, абменьваемся думкамі; захоўваюцца тры групы на ўступленьне ў WTO, але яны сынхранізаваныя і ўзаемазьвязаныя".

Але ці справядлівае сьцьвярджэньне, што сяброўства Расеі ў WTO аўтаматычна нясе выгаду астатнім партнэрам па Мытным саюзе, уключна зь Беларусьсю? Некаторыя аналітыкі ўжо выказалі сумнеў у такім сьцьвярджэньні. Шмат хто сыходзіцца на думцы, што ўсё здарыцца з дакладнасьцю да наадварот: Беларусь заваляць танным імпартам, але што да магчымасьці экспарту, то ніякай палёгкі ня будзе. Гаворыць экспэрт у галіне міжнародных стасункаў Віктар Чарноў:

Віктар Чарноў
Віктар Чарноў
"Шчыра кажучы, у выпадку ўступленьня Расеі ў WTO нічога добрага Беларусь не чакае. Хоць гэта, наколькі я разумею, пытаньне ўжо вырашанае адназначна. І выказаныя засьцярогі, трэба сказаць, маюць пад сабой рэальныя падставы. У WTO ёсьць адно важнае правіла — узаемнасьці. То бок усе саступкі ў гандлёвых абмежаваньнях павінны быць узаемнымі. А тут выходзіць, што па імпарце прадукцыі ў Расею і, адпаведна, у Беларусь будуць пэўныя саступкі, але Беларусь пры гэтым ня зможа разьлічваць на прэфэрэнцыі ў пляне экспарту. Калі ў двух словах, то гэта будуць аднабаковыя саступкі ў сэнсе імпарту, але пры гэтым нуль саступак з боку сябраў WTO ў сфэры беларускага экспарту. Што з гэтага можа вынікаць? А тое, што беларускай экспартнай вытворчасьці, дзеля таго каб мець некія ільготы і прэфэрэнцыі, давядзецца пры экспарце выдаваць сваю прадукцыю за расейскую. Магчымы і такі нюанс".

Расея пачала перамовы аб уваходжаньні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ў чэрвені 1993 году і, мяркуючы па ўсім, праз 18 гадоў нарэшце сваёй мэты дасягне. Беларусь далучылася да працэдуры сяброўства ў WTO ў верасьні таго ж 1993 году, але яе пэрспэктывы застаюцца зусім неакрэсьленымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG